Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Агракамбінат Сноў” з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных інтэграваных буйнатаварных сельгаспрадпрыемстваў. Створаная ў 1951 годзе, гаспадарка ад самага пачатку дабівалася высокіх вытворчых вынікаў. Рэкорднымі паказчыкамі адзначаны і адыходзячы 2024 год. Больш падрабязна пра іх расказаў старшыня праўлення агракамбіната, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, старшыня Рэспубліканскага аграпрамысловага саюза “БелАПС” Мікалай Радаман.
— Ураджай- насць збожжавых па сноўскіх землях (102,2 ц/га), бульбы (642 ц/га), рапсу (59 ц/га), кукурузы на зерне (150,4 ц/га) і іншых культур у нас знаходзіцца на ўзроўні самых высокіх сусветных дасягненняў, — адзначыў Мікалай Вячаслававіч. — Збожжа, напрыклад, сабрана без малога 30 тысяч тон. У жывёлагадоўлі таксама атрыманы рэкордныя вынікі. Так, сярэдні па гаспадарцы надой малака за 10 месяцаў склаў 9991 літр на карову, 100% прадукцыі рэалізавана гатункам “экстра”. Толькі за 10 месяцаў гэтага года валавы надой малака дасягнуў 29098 т, атрымана 2201 т свініны, 9173 т мяса птушкі і г.д. Гэта дае магчымасць у поўнай меры выконваць дагаворныя абавязацельствы перад дзяржавай і забяспечваць сыравінай свае перапрацоўчыя цэхі, якія выпускаюць разнастайную прадукцыю. Для яе рэалізацыі створана развітая сетка фірменнага гандлю, якая налічвае 16 магазінаў у розных рэгіёнах Беларусі, тры гандлёвыя павільёны і гандлёвы рад на Камароўскім рынку ў Мінску, 4 аўталаўкі. Адпачываць на лаўрах гаспадарка не збіраецца: у наступным годзе ў планах — будаўніцтва новага даільна-малочнага блока на ферме “Новы Сноў”. Гэта вельмі адказны ў фінансавым плане аб’ект. Яшчэ патрэбны пяць будынкаў для адкормачнага пагалоўя буйной рагатай жывёлы на ферме “Хвоева”.
Курс на інавацыі ўпэўнена працягваецца.
Аператар машыннага даення фермы “Дольны Сноў” Вольга Апановіч — адна з лепшых працаўніц жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі. За 10 месяцаў гэтага года яна надаіла 1149,3 тоны малака, а сярэдні ўдой на карову за кастрычнік склаў у яе без малога 32 літры.
На пытанне, у чым галоўны складнік яе працоўнага поспеху, Вольга Мікалаеўна з усмешкай адказала: “Працую, як усе. Проста вельмі люблю сваю работу, заўсёды з добрым настроем прыходжу да сваіх гадаванак”. А іх на маю суразмоўцу і яшчэ аднаго аператара — Марыю Рацкевіч — прыходзіцца каля 400.
— Мы працуем на ўстаноўцы “Карусель”, — расказвае пра сваю работу Вольга Мікалаеўна. — На ёй 36 месцаў. Калі карова захо- дзіць, ёй трэба апрацаваць вымя, здаіць першыя струменьчыкі. Другі аператар яго выцірае і падключае апарат. Яшчэ трэба сачыць, каб усе апараты былі на сваіх месцах. Калі адзін з іх упаў, яго трэба падключыць назад, дадаіць і ізноў апрацаваць вымя. Так што работы хапае, але яна мне вельмі падабаецца!
Прыехаўшы больш за 10 гадоў таму ўслед за мужам, таксама работнікам гаспадаркі, у Сноў, мая суразмоўца лічыць, што ёй вельмі пашанцавала і з работай, і з умовамі жыцця: гаспадарка вы- дзеліла маладой сям’і трохпакаёвую кватэру ў новым доме, дзве яе дачушкі вучацца ў 5-м і 2-м класах Сноўскай школы — адной з лепшых у раёне, а работа прыно- сіць не толькі маральнае задавальненне, але і добрую матэрыяльную падтрымку, за што працаўніца вельмі ўдзячна.
Фармаўшчык вэнджанай прадукцыі Алена Коваль прыйшла на мясаперапрацоўчую вытворчасць “Снова” 12 гадоў таму. Аддаўшы перад гэтым больш за 20 гадоў тэкстыльнай вытворчасці, яна кожны дзень ездзіць сюды на работу з Баранавічаў і, па яе словах, ніколькі не шкадуе аб гэтым.
— Я вельмі люблю працаваць з мясам, — расказала яна ў нашай гутарцы. — Можна сказаць, што гэта быў сапраўдны покліч душы — змяніць нарэшце работу з механізмамі на работу з прадуктамі харчавання, мне ж з дзяцінства гэта падабалася. Спачатку працавала на чэраве, затым на дэлікатэсах, вэнджаніне, зараз, бывае, падмяняю засольшчыка, што таксама мне па душы.
Прыйшоўшы на работу, мы разбіраем мяса па катэгорыям: лапатачная частка, тазабедраная, філейная, выразка. Усё гэта расфасоўваем па розных ёмістасцях і фармуем рулеты, якія ад нас ідуць на тэрмічную апрацоўку.
Дарэчы, Алена Коваль — яскравы прыклад таго, што адданы сваёй справе работнік яшчэ можа быць і вельмі таленавітым чалавекам: многія аматары народнага калектыву тэатральнай студыі “САМІ” з захапленнем назіралі за Аленай Уладзіміраўнай у ролі Феі ў цудоўным спектаклі “Золушка”, што ішоў на сцэне Сноўскага СЦК.
Апаратчык камбікормавай вытворчасці Мікалай Рэут аддаў працы на камбікормавым заводзе агракамбіната ўжо 28 гадоў жыцця.
Ураджэнец Навагрудка, Мікалай Мікалаевіч у свой час стварыў сям’ю з мясцовай дзяўчынай і Сноў стаў для яго другой радзімай, якой ён служыць верай і праўдай. “Універсальны салдат” — так з гумарам называе сам сябе мой суразмоўца. Пачаўшы працаваць у гаспадарцы 31 год таму ветурачом, праз тры гады ён папрасіўся бліжэй да тэхнікі і не падвёў: транспарцёры, шнэкі, мельніцы, бункеры і іншая “жалезная гаспадарка”, неабходная для вытворчасці камбікармоў, працуе пад яго доглядам надзейна і без збояў.
Мікалай Мікалаевіч таксама добра вядомы ў гаспадарцы і за яе межамі як часты пераможца сярод аператараў збожжасушыльных комплексаў падчас жніва.
Вадзіцель-экспедытар Аляксей Грэчка дастаўляе прадукцыю знакамітай сноўскай перапрацоўкі у Мінск і іншыя населеныя пункты, уключаючы найбліжэйшыя. Першыя дзесяць гадоў сваёй працы ў агракамбінаце ён аддаў перапрацоўчай вытворчасці: спачатку быў грузчыкам на мясакамбінаце, затым стаў аператарам вакуумнай упакоўкі паўфабрыкатаў і вэнджаніны, дарэчы, адным з першых, хто запускаў гэту вытворчасць. Нават працаваў са спецыялістамі з Германіі, якія навучалі ўсім нюансам гэтай новай на той час справы. Працэс наладзіўся добра, работа спорылася, але, як кажа сам Аляксей Аляксандравіч, “дарога клікала”. Хацелася быць у руху, бачыць вакол сябе віды, якія пастаянна змяняюцца. І усё ж такі перайшоў на работу вадзіцеля. Апошнія 10 гадоў на сваім “МАЗе 43-71” ён прыносіць карысць роднай гаспадарцы, дастаўляючы па чатыры з паловай тоны сноўскай смакаты туды, дзе яе чакаюць.
Трактарыст-машыніст Мікалай Курленя — адзін з самых маладых працаўнікоў СВК “Агракамбінат Сноў”, дзе ён адпрацаваў пакуль што толькі пяць гадоў. Але гэтага часу маладому чалавеку хапіла, каб паказаць сябе з самага лепшага боку.
— Адказны, працавіты, добрасумленны, — так яго характарызуе намеснік старшыні гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Іна Кадлубай. — І да грамадсіх спраў нераўнадушны, актыўны ўдзельнік нашай пярвічкі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. На яго заўсёды можна паспадзявацца.
На пытанне, што прывяло яго да выбару прафесіі, Мікалай адказаў, што гэта атрымалася неяк само сабой — уся яго сям’я звязана са сноўскай зямлёй. Механізатарам працуе бацька, лабарантам на камбікормавым заводзе гаспадаркі — маці, бухгалтарам на мясаперапрацоўчай вытворчасці — сястра. І мой суразмоўца не ўбачыў для сябе лепшага месца, чым родныя палеткі.
— Я яшчэ ў школе часта катаўся з бацькам у трактары, — узгадвае ён. —Яшчэ падлеткам я ўжо ведаў, што такое ворыва, сяўба ці падкормка пасеваў. Гэта ўжо было, як кажуць, “у крыві”. Пасля школы паступіў у Новамышскі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, атрымаў там спецыяльнасць “Трактарыст-машыніст” і вярнуўся на радзіму.
Зараз Мікалай Курленя працуе на новым трактары МТЗ-922, а ў дзень, калі быў зроблены здымак, ён быў заняты на перавозцы саломы для падсцілкі жывёлы.
Аператар па вырошчванні птушкі Святлана Грынаш у “Сноў” прыйшла пасля заканчэння Жыліцкага сельскагаспадарчага тэхнікума па спецыяльнасці “Агульная агранамія”, працаваць пачала заатэхнікам на ферме “Новы Сноў”. Праз некаторы час, двойчы пабываўшы ў водпусках па доглядзе за дзіцем, перайшла на птушкаферму, куды якраз патрабаваліся людзі. Тут і працуе ўжо 23 гады.
— Куры — істоты дастаткова далікатныя, — расказвае аб сваёй рабоце Святлана Канстанцінаўна. — З імі трэба строга захоўваць усе санітарныя патрабаванні, каб не дапусціць распаўсюджвання хвароб. Кожную раніцу толькі пасля абавязковага душа і санітарнай апрацоўкі мы разыходзімся па сваіх аб’ектах. Спачатку я гляджу праз шкло, як мае гадаванцы адчуваюць сябе, затым здымаю паказчыкі, якія гавораць аб камфортнасці іх знаходжання ў птушніку. Гэта колькасць выпітай вады, тэмпература, вільготнасць. Затым пачынаю разводзіць лякарствы і вітаміны для выпайвання куранят, і толькі пасля гэтага заходжу непасрэдна да птушак, пачынаючы свой абход з самых меншых. Гляджу, як яны сябе адчуваюць, як ідзе паенне і кармленне, як працуе вентыляцыя. Калі нешта выклікае апасенні, званю ў інжынерную службу або непасрэдна нашаму кіраўніку, каб як мага хутчэй ліквідаваць праблему.
Нягледзячы на тое, што мая суразмоўца ўжо вельмі дасведчаны знаўца сваёй справы, яна прызнаецца, што пастаянна засвойвае нешта новае, таму яе праца не перастае быць ёй цікавай.