На памежжы трох раёнаў — Нясвіжскага, Клецкага і Капыльскага — раскінуліся палеткі ЗАТ “1 Мая”. Сёлета гэта гаспадарка святкуе юбілей — 75 гадоў з дня заснавання. З году ў год яна паляпшае вытворчыя паказчыкі як па раслінаводстве, так і па жывёлагадоўлі. Мінулае жніво тут прайшло выдатна. Своечасовая карэкціроўка падыходаў да раслінаводства і змена структуры пасяўных плошчаў у бок корманарыхтоўкі далі станоўчыя вынікі. Агульная плошча сельгасугоддзяў таварыства — 5825 га, з якіх 4079 — ворыўныя землі. У гэтым годзе валавы збор збожжавых і зернебабовых склаў 10979 тон. Павялічылася сёлета і плошча пасеваў кукурузы на сілас. Збожжавы клін у гэтым годзе склаў 1490 га, а ўраджайнасць азімай пшаніцы ўдалося павысіць да 78,2 ц/га.
Значных поспехаў дасягнула гаспадарка і ў галіне жывёлагадоўлі. На сённяшні дзень вытворчасць малака з’яўляецца найбольш рэнтабельным вектарам развіцця ЗАТ “1 Мая”. Мадэрнізацыя малочнай вытворчасці і будаўніцтва новых жывёлагадоўчых комплексаў далі магчымасць значна павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Агульная колькасць статка — 8654 галоў, 1399 з якіх каровы. У параўнанні з мінулым годам узраслі паказчыкі не толькі тлустасці малака, але і яго таварнасці. Для забеспячэння жывёлагадоўлі кармамі добрай якасці ў гаспадарцы быў пабудаваны ўласны камбікормавы завод.
— Асноўным кірункам дзейнасці ЗАТ “1 Мая” з’яўляецца жывёлагадоўля, — адзначае выконваючы абавязкі кіраўніка Сяргей Асіпенка. — Менавіта яна прыносіць асноўны прыбытак гаспадарцы. Што датычыцца раслінаводства, то ўсё яно скіравана на забеспячэнне кормам жывёлы. Так, напрыклад, у гэтым годзе мы атрымалі 30 тысяч тон сіласу, 22 тысячы тон сенажу. Кармавая база ў гэты годзе склалася выдатна, нават давялося будаваць новую сянажную траншэю для захавання кармоў. Акрамя таго, у гэтым годзе мы закончым будаўніцтва значнага сельскагаспадарчага аб’екта — клюшачніка на 250 галоў. На дадзены момант там засталося завяршыць толькі работы па электразабеспячэнні. Па ўсіх паказчыках мы павінны да канца года ўвесці гэты аб’ект у эксплуатацыю. У перспектыве будаўніцтва яшчэ аднаго клюшачніка, таксама на 250 галоў, і новай сянажнай траншэі. Вялікае значэнне мы надаём і рэканструкцыі аб’ектаў жывёлагадоўлі. Усе работы па будаўніцтве вядзём за ўласныя сродкі. Будаўніцтва і рэканструкцыя жылога фонду — таксама значны кірунак нашай дзейнасці. Для таго, каб прыцяг- нуць у гаспадарку новых працаўнікоў, маладых спецыялістаў у тым ліку, трэба забяспечыць іх жыллём, стварыць адпаведныя ўмовы для іх дзейнасці.
Прафесія ў спадчыну
Заатэхнік-селекцыянер Таццяна Грынкевіч скончыла Гро- дзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы універсітэт. 17 гадоў таму яна прыехала ў ЗАТ “1 Мая” па размеркаванні. І, як кажуць, прыкіпела ўсёй душой не толькі да сваёй работы, але і да гэтай мясцоваці.
— Можна сказаць, што прафесія перадалася мне ў спадчыну, — усміхаецца Таццяна Іосіфаўна. — Мая мама таксама працавала заатэхнікам, а я часта бегала да яе на ферму. Увогуле, я вырасла ў вёсцы, таму і справу на далейшае жыццё выбірала, зыходзячы з рэчаіснасці. Мая работа патрэбна заўсёды, і ў гаспадарцы такія спецыялісты проста неабходны. Акрамя таго, я працую ў ЗАТ “1 Мая” яшчэ і асемянатарам, таму скардзіцца на манатоннасць і аднастайнасць мне не даводзіцца. Вельмі разнапланавая ў мяне дзейнасць. Калі разглядаць работу заатэхніка-селецыянера, то яна больш “папяровая” — лічбы, паказчыкі, аналіз. А вось асемянатарская дзейнасць — гэта ўжо работа на вынік. Я па натуры сваёй такі чалавек: мне трэба бачыць вынікі сваёй дзейнасці. І я іх бачу!
Дарэчы, Таццяна Грынкевіч штогод удзельнічае ў рознага кшталту конкурсах прафесійнага майстэрства сярод асемянатараў. І паказвае там выдатныя вынікі. Так, напрыклад, у гэтым годзе яна стала другой у раёне. Толькі ўявіце сабе, наколькі гэта высокі паказчык!
— Я станоўча гляджу на конкурсы прафесійнага майстэрства, — кажа Таццяна Іосіфаўна. — На мой погляд, гэта карысна для аналізу ўласных магчымасцей. Так лёгка можна выявіць недахопы і прабелы ў сваё рабоце. Акрамя таго, ніколі не пашкодзіць і сябе паказаць, і на вынік другіх паглядзець. Гэта своеасаблівы штуршок для кожнага ва ўдасканаленні сваіх навыкаў. Калі глядзець на прафесію з вышыні пражытых гадоў, я раз за разам упэўніваюся, што некалі я зрабіла абсалютна правільны выбар, аб якім ні разу не пашкадавала. Ці змяніла б штосьці? Не, ні ў якім разе! Кожны дзень я іду на работу з пазітыўным настроем, з асэнсаваннем таго, што яна патрэбная лю- дзям. І гэта вельмі значна!
Працоўны стаж — 42 гады
Ад дзядоў і прадзедаў нам даюцца не толькі матэрыяльныя каштоўнасці, але і рысы характару, пэўныя звычкі, знешняе падабенства. Вадзіцелю ЗАТ “1 Мая” Мікалаю Верамейчыку ад продкаў перадалася любоў да родных мясцін, да той зямлі, на якой ён нарадзіўся і вырас. 42 гады Мікалай Ула-дзіміравіч працуе вадзіцелем у гаспадарцы. У яго працоўнай кніжцы толькі адно месца работы — ЗАТ “1 Мая”. Згадзіцеся, рэдкае пастаянства ў наш час.
— Так ці інакш, усё маё жыццё звязана з сельскай гаспадаркай і з ЗАТ “1 Мая” ў прыватнасці, — усміхаецца Мікалай Уладзіміравіч. — Тут прайшло маё дзяцінства, ды і ўвогуле ўсё жыццё. Я хлапчуком бегаў глядзець на трактары і камбайны, потым бацькам памагаў у полі. І працу сялянскую, простую я дасканала ведаю. Так склалася жыццё, што пасля службы ў арміі я вярнуўся на сваю малую радзіму, уладкаваўся на працу ў гаспадарку вадзіцелем — і так год за годам, з дня ў дзень я працую на сваёй роднай зямлі. І раблю гэта якасна, бо інакш не магу: так жа аддана працавалі і мае бацькі, і дзяды. А інакш нельга: калі перад вачыма такі станоўчы прыклад сапраўдных шчырых працаўнікоў, то і самому трэба адпавядаць ім.
Не раз Мікалай Верамейчык дасягаў значных паказчыкаў у сваёй прафесійнай дзейнасці, усё працоўнае жыццё быў на добрым рахунку ў кіраўніцтва гаспадаркі. А на маё пытанне аб тым, чаму ўсё ж застаўся ў вёсцы, не паехаў у горад, у яго ёсць свой адназначны і вельмі глыбакадумны адказ:
— Не трэба людзям шукаць скарбаў далёка, усе яны побач: у роднай хаце, на сваёй зямлі, проста трэба ўмець бачыць гэта і разумець, наколькі ўсё, што ты маеш, неацэнна. І ў працы гэтай сапраўды можна знайсці ўсё, што патрэбна: і час для роздуму, і натхненне, і душэўны супакой.
• У гэтым годзе валавы збор збожжавых і зернебабовых склаў 10979 тон. Павялічылася сёлета і плошча пасеваў кукурузы на сілас. Збожжавы клін у гэтым годзе склаў 1490 га, а ўраджайнасць азімай пшаніцы ўдалося павысіць да 78,2 ц/га.
Тэхнічны прагрэс і асабісты ўнёсак
Інжынер ЗАТ “1 Мая” Зігмунд Каласоўскі з годнасцю гаворыць аб тым, што прарабіў у сельскай гаспадарцы 43 гады. І расказваць аб сваёй прафесіі ён можа бясконца. А паслухаць і сапраўды ёсць што: ўсе аб’екты, пабудаваныя на тэрыторыі гаспадаркі, узведзены з яго непасрэдным удзелам.
— Насамрэч, мой працоўны шлях на Нясвіжчыне пачаўся з гаспадаркі “Новае жыццё” — менавіта туды я прыйшоў працаваць пасля заканчэння ВНУ, — успамінае Зігмунд Казіміравіч. — Але ў той час было распачата вялікае будаўніцтва комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы ў вёсцы Дубейкі, мяне адправілі на гэта будаўніцтва. МТФ у Салтанаўшчыне на 600 галоў, аналагічныя пабудовы ў Лявонавічах і ў Дубейках — значныя сельскагаспадарчыя аб’екты, якія былі ўзведзены пад маім кіраўніцтвам.
43 гады — вялікі працоўны стаж, за гэты час адбылося шмат значных змен. Ды і сама вытворчасць стала іншай. Зігмунд Каласоўскі ўпэўнены, што сёння працаваць у сельскай гаспадарцы стала значна прасцей, чым было раней: ніякага параўнання не можа быць паміж трактарам ці камбайнам 40 год таму і сучаснай тэхнікай. Але і адмоўныя моманты ён заўважае.
— Мне часам робіцца сумна ад таго, што неахвотна моладзь ідзе ў сельскую гаспадарку, — кажа Зігмунд Казіміравіч. — Я разумею, што праца гэта ніколі лёгкай не была. І не будзе: трэба рана ўставаць, шчыра працаваць — а інакш не атрымаецца. У вёсцы, як кажуць, дзень год корміць. Але ж яна вельмі неабходная! Разумееце, ніякі тэхнічны прагрэс не заменіць працу чалавека. Не трэба баяцца цяжкасцей, гнацца за нейкімі летуценнямі. А работа ў сельскай гаспадарцы аддзячыць адразу — добрым ура- джаем, высокімі надоямі… Трэба толькі прыкласці пэўныя намаганні — і ўсё атрымаеце. Я ўжо не першы год на пенсіі, але ніяк не магу развітацца з работай. Калі столькі ўжо зроблена, столькі ўласных сіл укладзена, хочацца яшчэ чым- небудзь быць карысным, яшчэ чымсьці дапамагчы…
Ірына ЕФІШОВА.