Яшчэ адзін жыхар Гарадзеі — Васіль Івашка — прафесійны мастак, які нарадзіўся і вырас у пасёлку цукровага камбіната, не прамяняўшы яго ні на сталіцу, ні на другі буйны горад. У свой час ён скончыў рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка, затым, як і абсалютная большасць яго равеснікаў, адслужыў у арміі, а пасля гэтага працягнуў навучанне жывапісу на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута.
— У радні было шмат ваенных, — расказвае Васіль Васільевіч. — І бацька, і дзядзькі ваявалі ў Вялікую Айчынную. Таму я адзін у сям’і такі цікавы. Нават у арміі саромеўся прызнавацца, што я мастак. Але жыць без мастацтва не змог.
Яшчэ адзін цікавы ўспамін звязаны ў яго з вучобай у педінстытуце. Там выкладчыкам жывапісу была жанчына — Валянціна Антонаўна Напрэйчык.
— Я спачатку засмуціўся і нават крыху абурыўся, — узгадвае той час мой суразмоўца. — Усе вялікія мастакі мужчыны, а тут мяне будзе нечаму вучыць жанчына. Але хутка зразумеў, як памыляўся. Яна дала нам вельмі многа ведаў і нічога не навязвала: хочаш, пішы, як экспрэсіяніст, хочаш — як рэаліст, хочаш — далікатнымі мазкамі, хочаш — рэльефнымі, толькі захоўвай гармонію. Я дагэтуль ёй вельмі ўдзячны.
Пасля інстытута Васіль Івашка выкладаў выяўленчае мастацтва ў школах, быў рамеснікам, але ў рэшце рэшт сканцэнтраваўся толькі на творчасці. Неаднойчы выстаўляўся ў карцінных галерэях у Мінску, у салоне-галерэі “Скарбніца” ў Нясвіжы. Яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Расіі, Германіі, Даніі.
У выхадныя дні Васіля Івашку часта можна ўгле- дзець у Нясвіжы на алеі, што вядзе да замка, дзе мастакі прадаюць свае карціны. А яшчэ многія бачылі яго карціны у кафетэрыі магазіна “Друзья”, што насупраць РЦК. Пра адну з іх ён расказаў асобна: гэта самая буйная з усіх яго работ у той міні-галерэі і прысвечана яна маці мастака. Мала хто ведае, што жаночы твар на гэтай карціне — гэта твар яго маці, а твар мужчыны над ёю — яго бацькі. Іх абодвух аб’ядноўвае вобраз белага жураўля як сімвал вернасці і бясконцасці жыцця. Гэта работа так і называецца — “Вернасць”.
На пытанне, адкуль бяруцца тэмы для карцін, мастак адказвае вычарпальна:
— Адусюль. Вось, убачыў, напрыклад, як па квітнеючым садзе ідзе жанчына, — нарадзілася карціна, дзе жаночы профіль сімвалізуе яблыню. Глянуў на неба з акна электрычкі, а там аблокі сабраліся ў такую дзіўную форму, што выразна ўбачыў у іх Царыцу Нябесную — і яе твар, і дыхтоўную белую сукенку, што разляталася па небе. Так загледзеўся, што чуць Гарадзею не праехаў і фарбы і палатно не забыўся на лаўцы ў вагоне. Ізноў з’явілася карціна.
А яшчэ Васіль Івашка аб’ядноўвае ў сваіх работах музыку і жывапіс. Напрыклад, ад славутай песні “Сіні, сіні іней” у яго нара- дзілася абстакцыя ў блакітна-сініх адценнях, “Лунная мелодия” стала “прамаці” для карціны з адпаведнай назвай з выявай жанчыны са скрыпкай, царкоўны перазвон “нарадзіў” карціну “Напевы” і гэтак далей.
— Раней я пераймаў Мадзільяні, — гаворыць пра сябе мастак. — Не адразу знайшоў свой стыль. Цяпер я яго характарызую як імпрэсіянізм з абстрактным ухілам і бачу, што нікога не паўтараю.
І гэта сапраўды так. Карціны гарадзейскага мастака Васіля Івашкі не падобныя ні на якія іншыя: яны квітнеюць жыццясцвярджальнымі фарбамі і тояць у сабе шматлікія загадкі, якія нібыта шэпчуць гледачам з палатна: “Разгадвай нас, разгадвай. Пакуль ты нас разгадваеш — ты жывеш”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.