Меню
Курс $  3.07 | €  3.48 | ₽100  3.86 |
Погода 20 °C

Каб перажытае больш не паўтарылася

Нясвіжскія навіны 2 месяца назад 0 57

Пост опубликован: 26.04.2025

Ураджэнка вёскі Казлы Лілія Акулік (зараз — Антановіч) некалі скончыла дзесяцігодку ў сваёй жа вёсцы
(тады яшчэ існавала такая — прым. аўт.) і вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай — паступіла ў Мінскае медыцынскае вучылішча №2
на спецыяльнасць “Дзіцячая медыцынская сястра”.
Пасля размеркавання ў першую дзіцячую гарадскую бальніцу г. Мінска стала працаваць там медсястрой, жыла ў інтэрнаце.



С заботой о ближнем

І вось аднойчы ў тры гадзіны ночы 14 мая 1986 года ў дзверы пакоя пастукалі — прыйшлі людзі з ваенкамата.
— Гэта было як гром сярод яснага неба, — узгадвае Лілія Канстанцінаўна. — Мне тады толькі споўнілася 19, я толькі пачала прывыкаць да працы і тут такая навіна… Помню, што разгубілася той ноччу, але, дзякуючы парадам суседак па блоку ўзяла з сабой не толькі мыла і зубную шчотку, але і бялізну, і яшчэ сёе-тое, што потым аказалася вельмі дарэчы.
Супала так, што ў тую ноч у мяне начавалі мая мама і сястра. Сястра праводзіла маму, якая з самага ранку павінна была выяз- джаць з Мінска ў паездку ў Германію, што была арганізавана нашым калгасам для сваіх працаўнікоў. Сястра адразу сказала:
— Цябе забіраюць у Чарнобыль.
Нас павезлі ў ваенкамат, адтуль — у Мар’іну Горку ў ваенную часць. Людзі туды прыбылі з розных месцаў — і лабаранты, і медсёстры. Некаторых забіралі проста з дзяжурства — толькі з дамскай сумачкай у руках. У Мар’інай Горцы нам выдалі ваенную форму, сухпайкі і павезлі ў Хойнікі. Там нас пасялілі ў школе. У ёй арганізавалі пункт, дзе мы вымяралі мясцоваму насельніцтву індывідуальнымі дазіметрамі выпраменьванне шчытападобнай залозы. Перыядычна нас вывозілі ў вёскі ў 30-кіламетровую зону, дзе мы выконвалі тую ж работу. Што такое дазіметр, мы тэарытычна ведалі, але ніколі не думалі, што дойдзе да прымянення яго на справе.
Нас кожны дзень вадзілі ў гарадскую лазню — напэўна, каб зменшыць уплыў радыяцыі. А яшчэ што запомнілася, дык гэта мноства лятучых мышэй, якіх я ніколі не бачыла ў такой колькасці на радзіме. Выйдзеш вечарам на вуліцу, а яны прама над галавой — шух-шух крыламі, аж уздрыгнеш.
Надвор’е стаяла цудоўнае. Здавалася — жыві і радуйся, але прыгнятала адчуванне нечага страшнага. Толькі тады мы яшчэ не разумелі ўсіх маштабаў бяды, якая адбылася.

Так прайшоў 21 дзень. Пасля гэтага тэрміну ўсіх медыкаў, якія працавалі разам з маёй суразмоўцай, гэтак жа — на аўтобусах — прывезлі назад у Мінск. Па сённяшні дзень гераіня гэтага аповеду старанна захоўвае даведку аб працы ў той зоне і карткі з улікам доз радыёактыўнага апраменьвання, якія атрымала там.

Праз год пасля Чарнобыльскай аварыі Лілія Канстанцінаўна выйшла замуж за хлопца з Аношак. Пасля заканчэння былога Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (зараз — Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт), яго размеркавалі ў Брагінскі раён. Але, паколькі ў сям’і ўжо павінна было нарадзіцца дзіця, яму ўдалося пераразмеркавацца і трапіць у Жлобінскі раён, дзе таксама была радыяцыя, але не такая моцная, як у Брагіне. Там сям’я пражыла яшчэ два з паловай гады. Пасля адпрацоўкі ў 1989 годзе маладыя лю- дзі вярнуліся на радзіму, бліжэй да бацькоў. Пабудавалі ў Аношках катэдж, выгадавалі сына і дачку, радуюцца ўнуку.

Лілія Канстанцінаўна зараз працягвае займацца любімай справай — падтрымліваць здароўе людзей, працуючы медсястрой па фізіятэрапіі і масажы ў Аношкаўскай амбулаторыі.
Трымае разам з мужам гаспадарку, каб забяспечваць сябе і дзяцей экалагічна чыстай прадукцыяй, і хоць бы раз у год абавязкова падарожнічае.

— Вельмі люблю бываць у новых мясцінах, знаёміцца з новымі краявідамі і славутасцямі, — гаворыць мая суразмоўца. — Раней з мужам ездзілі ў Карпаты, у апошнія гады наведваю Пецярбург і Маскву — там ёсць што паглядзець. Адным словам, люблю актыўнае жыццё.
Лілія Канстанцінаўна, стаўшы сведкай страшных падзей, сёння шчыра радуецца магчымасці спакойна жыць на роднай зямлі і хоча толькі аднаго — каб перажытае ў маладосці больш не паўтарылася. Нідзе і ні з кім.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!