Трактарыст Нясвіжскага ЗУЭСа Уладзімір Логаш свой жыццёвы шлях пачаў з вёскі Грыбаўшчына, вучыўся ў Салтанаўшчынскай СШ. Пасля школы паступіў у Мінскае ДПТВ №12, дзе атрымаў прафесію слесара-рамонтніка па халадзільных устаноўках. Па спецыяльнасці папрацаваў усяго два месяцы і патрапіў у армію, дзе яго накіравалі ў Афганістан. З гонарам вытрымаўшы ўсе выпрабаванні службы ў далёкай паўднёвай краіне, вярнуўся на радзіму. Пасля арміі год рабіў на дзяржплемпрадпрыемстве, а ў 1987-м прыйшоў у ЗАТ “1 Мая”, дзе 21 год адпрацаваў механізатарам, пастаянна ўваходзячы ў лік лепшых работнікаў. Але штодзень ездзіць у вёску на работу з Нясвіжа, дзе мой суразмоўца пасяліўся праз два гады ад пачатку працы ў гаспадарцы, усё ж такі было нялёгка, асабліва ў гарачую пару сяўбы ці жніва, таму ён вырашыў шукаць работу бліжэй да дому.
Так амаль 17 гадоў таму Ула- дзімір Логаш стаў работнікам Нясвіжскага занальнага вузла элект- роннай сувязі, дзе працуе ў звыклай для сябе сферы — за рулём трактараў — кабелеўкладчыка або траншэйніка (у залежнасці ад задання). Апошні, дарэчы, яшчэ называецца ланцуговым экскаватарам, які дзейнічае на базе трактара МТЗ 82-1.
Паколькі Нясвіжскі ЗУЭС міжраённы, працаваць даводзіцца не толькі ў нашым раёне, але і ў Клецкім, і ў Капыльскім.
— У залежнасці ад якасці грунта я праходжу за змену ад 200 да 400 м, — расказвае аб сваёй рабоце мой суразмоўца. — Рыхтую траншэю, у якую закладваецца кабель сувязі. Разам са мной заўсёды працуюць тры-чатыры таварышы — зладжаная каманда. У мінулым годзе атрымаў новы трактар, у якім нават кандыцыянер ёсць, таму на ўмовы работы грэх скардзіцца — у халады не мерзнеш, у гарачыню ад спёкі не пакутуеш. Застаецца толькі добра працаваць, што я і раблю.
Сапраўды, стараннасць і добрасумленнасць Уладзіміра Логаша не засталіся незаўважанымі: кіраўніцтва арганізацыі характарызуе яго як аднаго з лепшых работнікаў, а таварышы па працы цэняць яго за адказнасць і надзейнасць.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.