Якаў Дзянісавіч Горда нарадзіўся 23 лістапада 1926 года ў сяле Бутаўка Сосніцкага раёна Чарнігаўскай вобласці. У Савецкую Армію быў прызваны 10 верасня 1943 года. Ваяваў на І Беларускім фронце 65-й арміі ў 2206 палявым армейскім санітарным складзе на пасадзе радавога санітара. Вайну закончыў 9 мая 1945 года на пасадзе топавылічальніка 79-га запаснога артылерыйскага палка І Украінскага фронта.
— Асабліва цяжкімі былі дні на фронце, калі ішлі баі падчас фарсіравання Дняпра ў раёне Рэчыцы і Лоева і замацавання плац- дармаў на правым беразе ракі, — узгадваў ветэран. — У гэты час у райцэнтры Горадна на Чарнігаўшчыне было разгорнута некалькі шпіталяў, куды ішоў вялікі паток раненых. Нам, санітарам, прыходзілася суткамі прымаць іх. Працаваць трэба было дзень і ноч. Спаць выпадала толькі лічаныя гадзіны ў суткі.
Ён таксама памятаў, як нямецкая авіяцыя шкодзіла нашым часцям тылу, і асабліва начамі ў зорнае, яснае надвор’е. У адну з такіх начэй у складзе каманды аховы Якаў Дзянісавіч суправаджаў груз медыцынскага абсталявання, які размяшчаўся ў трох вагонах і ішоў з франтавога склада ў г. Навазыбкаве Бранскай вобласці на савецкі армейскі склад. Ноччу скапленне эшалонаў на станцыі Калінкавічы Гомельскай вобласці заўважыла нямецкая авіяцыя. У налёце ўдзельнічала каля 30 самалётаў. У тую ноч загінула шмат байцоў, у тым ліку і з каманды Я.Дз. Горды. Прозвішча аднаго са сваіх таварышаў, што загінулі ў тую ноч, ён запомніў назаўсёды — Васіль Гарэлаў са Смаленска.
Пасля вайны служыў у савецкіх войсках, якія дыслацыраваліся ў Іране, Афганістане. Сваю службу і працоўную дзейнасць завяршыў у Нясвіжскім райваенкамаце.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ-й ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.
Падрыхтавала Соф’я ЛЮБАНЕЦ.