Ваенныя шляхі-дарогі вялі нашых абаронцаў Айчыны па розных
напрамках. Прайшоў імі і ўраджэнец вёскі Кіркаўшчына Канстанцін Лукіч Роўба. Перад вайной ён закончыў
сямігодку польскай школы, затым паступіў у Віленскую
сельскагаспадарчую школу. Пасля заканчэння працаваў
аграномам на Нясвіжскім дзяржсортучастку. У 1944 годзе
яго прызвалі на фронт, служыў у артылерыйскім палку. Ужо ў званні сяржанта разам са сваёй часцю дайшоў да Эльбы.
Гэта былі незабыўныя, трывожныя і радасныя дні, бо Савецкая армія паспяхова наступала, і жаданы мір станавіўся ўсё бліжэй.
К.Л. Роўба асвоіў і шафёрскую справу, на сваім “Студэбекеры” даехаў да Берліна, узяцце якога нашымі войскамі стала для ўсіх асаб- ліва яркім і хвалюючым. Нямецкія аўтаматчыкі акружылі роту, дзе служыў Канстанцін, завязаўся нялёгкі бой. Але падаспелі савецкія войскі, якія ў сваю чаргу акружылі праціўніка і выбілі яго з пазіцый.
І вось доўгачаканая Перамога, крыкі “Ура!”, аўтографы на рэйхстагу. Цаной мужнасці і адданасці воінаў Савецкай арміі мара стала рэальнасцю. І яшчэ адзін незабыўны момант здарыўся ў жыцці нашага земляка: у Берлін прыехаў маршал Савецкага Саюза Георгій Канстанцінавіч Жукаў. Для яго выступлення зрабілі імправізаваную трыбуну з дзвюх машын, адной з якіх быў “Студэбекер” Канстанціна Роўбы. Закончыў вайну мужны салдат на Эльбе.
Пасля вяртання на радзіму К.Л. Роўба працаваў аграномам, ажаніўся з маёй стрыечнай сястрой Вольгай Антонаўнай (у дзявоцтве Хвір), пабудаваў свой дом на вуліцы Камсамольскай у Нясвіжы. Вольга працавала таваразнаўцам у райспажыўсаюзе. Жылі дружна і дастойна, нарадзілі і выхавалі двое дзяцей. Старэйшая, Ларыса, закончыла медыцынскі інстытут, працавала гінеколагам, сын Юрый, таксама медык, быў хірургам у Слуцку. Цяпер яны на заслужаным адпачынку, маюць дзяцей і ўнукаў. Канстанцін Лукіч вельмі любіў іх, дапамагаў. Але пра вайну не расказваў ні ім, ні дзецям. Яно і нядзіўна, бо ўспаміны пра цяжкія гады балючыя для многіх франтавікоў.
Я часта была ў сваіх блізкіх і бачыла, як хораша ставяцца адзін да аднаго муж і жонка. Калі што трэба, яны заўжды казалі адзін другому: “Калі ласка, Косця, зрабі так”. Тое ж муж: “Вольга Антонаўна, будзь добрай”. Я захаплялася іх адносінамі. Калі было 50-годдзе іх сумеснага жыцця, захацела напісаць пра гэтую слаўную сям’ю, але сястра не згадзілася. І, на жаль, тады цяжка захварэла. Канстанцін Лукіч даглядаў яе, прыязджаў Юра, даваў урачэбныя парады. Верная спадарожніца Лукіча пайшла з жыцця першай, ён доўга не мог змірыцца з горам. Падтрымлівалі дзеці, прыбягалі няўрымслівыя ўнукі.
Я часта наведвала яго, мы вялі размовы на розныя тэмы. Канстанцін Лукіч быў ра- зумным чалавекам, разважлівым і спакойным, любіў беларускую мову. Свае баявыя ўзнагароды ён рэдка калі надзяваў. На дзень Перамогі прыязджалі дзеці, ішлі з бацькам на святочныя ўрачыстасці ў парк. Для былога воіна 9 Мая з’яўлялася самым важным святам. Сумленна і дастойна франтавік пражыў 92 гады. Яго баявыя ўзнагароды захоўваюцца ў дзяцей: ордэн Айчыннай вайны ІІ-й ступені, медалі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”, “За ўзяцце Берліна”.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.