Меню
Курс $  3.02 | €  3.46 | ₽100  3.75 |
Погода 8 °C

«У цьмяным святле світання…»

Нясвіжскія навіны 9 часов назад 0 3

Пост опубликован: 09.05.2025

У 2018 годзе ў Нясвіжы з зямлі былі падняты і перапахаваны астанкі больш за тысячу чалавек. Большасць з іх — яўрэі, расстраляныя ў кастрычніку 1941 года. Не пашкадавалі нацысты нават маленькіх дзяцей. Усяго за гады акупацыі на тэрыторыі раёна закатавана і забіта больш
за 10 тысяч чалавек. Страшныя падрабязнасці таго, што адбывалася на тэрыторыі Нясвіжа і наваколля ў гады Вялікай Айчыннай,



расказалі сведкі па крымінальнай справе аб генацыдзе беларускага народа.

«У цьмяным святле світання…»

Вялікая сінагога ў г. Нясвіжы.
Паштоўка 1910-х гг.

Да пачатку Вялікай Айчыннай у 10-тысячным горадзе пражывала ад чатырох да шасці тысяч яўрэяў.
Да канца чэрвеня 1941 года Нясвіжскі раён быў поўнасцю акупіраваны. Усталяваўшы новы парадак, немцы перш за ўсё ўзяліся за яўрэйскае насельніцтва.
А 30 кастрычніка 1941-га ўсіх яўрэяў сагналі на плошчу нібыта для праверкі дакументаў. Вядома ж, гэта была толькі падстава. Насамрэч у той дзень нямецкі камендант адабраў 585 рамеснікаў неабходных прафесій (у першую чаргу гэта былі шаўцы, краўцы, столяры), якіх адсялілі ў гета. Астатніх, амаль тры тысячы чалавек, падзялілі на дзве групы і павялі на растрэл да равоў паблізу замка Радзівілаў.
Першыя паўтары тысячы былі забіты ў той жа дзень.
“Прыйшоўшы ў парк, я ўбачыў жудасную карціну: на паляне роў 30 — 50 метраў даўжынёй і тры метры шырынёй, даверху запоўнены трупамі расстраляных. Сярод забітых аказалася шмат дзяцей. Былі ў гэтых равах яшчэ і жывыя: я добра чуў іх стог-ны і крыкі. Непадалёк стаялі нямецкія салдаты, якія дабівалі людзей, якія былі яшчэ жывымі. Нас жа расставілі вакол рова і прымусілі закопваць яго. Памятаю, як цераз зямлю стала праступаць кроў. Яе было так шмат, што ручай цёк у возера і вада каля берага стала чырвонай”, — успамінаў адзін са сведкаў тых страшных падзей Томаш Скрыцкі. Яго сведчанні захоўваюцца ў Нацыянальным мемарыяле Катастрофы і Гераізму “Яд Вашэм” у Іерусаліме.

«У цьмяным святле світання…»

Помнік на месцы масавага
расстрэлу ў Нясвіжскім парку

Другую групу яўрэяў, у якой, паводле слоў мясцовых жыхароў, было каля 1200 чалавек, павялі на ўскраіну Нясвіжа і расстралялі на тэрыторыі пясчаных кар’ераў. Дзе менавіта, ніхто дакладна не ведаў. Астанкі былі выпадкова знойдзены толькі вясной 2018-га. На раскопках працаваў 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Мінабароны.
Інфармацыю аб тым, што гэта тыя самыя яўрэйскія сем’і, расстраляныя восенню 1941 года, удалося пацвердзіць, калі ў Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей перадалі акты з апісаннем знойдзеных рэчаў. У спісах не было ніводнага крыжыка, а значыць, не было сярод ахвяраў праваслаўных ці каталікоў. Затое былі знойдзены фраг- менты кнігі-календара на іўрыце.
Тых, каму восенню 1941 года ўдалося выжыць, так- сама чакала смерць. А пакуль амаль шэсць соцень яўрэяў, адабраных для работ, былі змешчаны ў гета. Магліф, кіраўнік юдэнрата (так называўся адміністрацыйны орган яўрэйскага самакіравання, які засноўваўся ў кожным гета для забеспячэння выканання нацысцкіх загадаў, якія датычыліся яўрэяў) арганізаваў майстэрні краўцоў, шаўцоў, столяраў.
Кожны яўрэй, старэйшы за 15 гадоў, павінен быў працаваць. Штодня ўсе яны прыходзілі ў арганізаванае пры юдэнраце бюро працы і атрымлівалі заданні. Самая жорсткая і бесчалавечная праца — капаць ямы для пахавання забітых. Расстрэ- лы выконваліся раніцай ці ўвечары. У першыя дні большасць забітых былі рускія ваеннапалонныя і тыя, хто падазраваўся як камуніст ці працаваў на савецкую ўладу.
У выдадзенай у 1995 го- дзе ў Ізраілі кнізе “У Нясвіжскім гета і Налібоцкіх лясах” мясцовы жыхар Давід Фарфель пісаў: “У такіх умовах мы адважваліся верыць, што, магчыма, яшчэ не ўсё страчана, і песцілі таемную мару, што, магчыма, выберамся з гэтага пекла. Трэба было мець незвычайную бясстрашнасць, каб верыць, што хто-небудзь застанецца ў жывых — магчыма, толькі для таго, каб быць сведкам і стварыць кнігу для будучых пакаленняў, кнігу аб гэтай жудаснай трагедыі, якая адбывалася з людзьмі ў вузкіх завулках, маленькіх дамах і цесных пакоях нясвіжскага гета”.
На тэрыторыі раёна дзейнічала яшчэ адно гета — у Гарадзеі. Яно таксама праіснавала каля года.

«У цьмяным святле світання…»

Пратакол апытання сведкі масавых растрэлаў
у Нясвіжы ад 23 сакавіка 1945 года, які захоўваецца
ў Занальным дзяржаўным архіве г. Баранавічы

Раніцай 17 ліпеня 1942-га паліцаі ачапілі тэрыторыю, дзе жылі яўрэі.
Усіх іх сагналі на прывакзальную плошчу і прымусілі легчы на зямлю, а потым…праехаліся па іх на грузавіках. Пад коламі машын паміралі дарослыя і дзеці.
Адзін са сведкаў тых па- дзей, жыхар вёскі Краснагоркі Міхаіл Кутас, у той час быў падлеткам. Ён запомніў усё ў падрабязнасцях і ўжо зараз, у нашы дні, змог расказаць аб абставінах забойства сваіх землякоў.
— Спачатку яўрэяў распраналі. Стралялі ў іх у сподняй бялізне. Усё адзенне, якое было пазначана жоўтай фарбай, на месцы спальвалі. Расстрэльвалі не ўсіх адразу, а партыямі па 100 — 120 чалавек. Спачатку прывозілі 15 палонных, якія павінны былі выкапаць ямы, а пасля прыганялі да месца пакарання і астатніх. У людзей не стралялі так, каб тыя проста падалі ў ямы. Замест гэтага іх прымушалі ў іх класціся. А потым пускалі аўтаматную чаргу. Калі справа была зроблена, на ўжо мёртвых людзей клаліся жывыя — і ўсё паўтаралася спачатку. Тры-чатыры шэрагі — і работа паліцаяў на гэты дзень скончана. Трупы зверху прысыпалі зямлёй. А праз дзень-два ўсё паўтаралася па новай, — расказваў ён.
Неўзабаве пасля таго, як было знішчана гета ў Гара-дзеі, надышла чарга і нясвіжскага. Раніцай 21 ліпеня ў ім з’явіліся немцы. Людзям было загадана сабрацца ля сінагогі — нібыта для таго, каб працаздольную моладзь маглі адабраць у працоўны лагер. У нейкі момант прысутныя пачулі стрэл. Яўрэі, якія стаялі ў калоне, разбег- ліся і пачалі хапаць зброю. Тыя, што мелі бензін, падпалілі гета.
Так пачалося першае ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны паўстанне ў гета. Скончылася яно трагічна. Пад вечар тэрыторыя была завалена целамі забітых. Тады загінула каля сямі сотняў чалавек. Таксама ёсць звесткі, што было забіта і паранена 40 немцаў і іх памагатых. Выратавацца ўдалося толькі 28 яўрэям, якія пасля далучыліся да партызанаў.
Давід Фарфель у сваёй кнізе аб паўстанні ў гета пісаў так:
“Увечары, калі стала цёмна, мы вырашылі, што выйдзем гэтай ноччу. Правёўшы пяць дзён без хлеба і вады, мы знайшлі ў сабе сілы, неабходныя, каб зрабіць гэта.
Я выйшаў першым, і перада мной паўстала карціна, якая і палохала, і радавала. Большая частка горада зга- рэла. Кожны мой крок выклікаў шум, таму што паўсюль былі раскіданыя рэчы. Сэрца радавалася таму разбурэнню, якое бачылі вочы. Мы не пайшлі, як быдла на бойню, і сярод забойцаў былі ахвяры. У той перыяд, калі фашысцкія войскі яшчэ рухаліся на ўсход, маленькая і адзінокая група яўрэяў адважылася ўзняць паўстанне.
Мы былі апошнія пяцёра яўрэяў, якія пакінулі гета. У цьмяным святле світання 22 ліпеня 1942 года тлелі астанкі згарэлых будынкаў. Маленькія агеньчыкі мігацелі на папялішчы гета як памінальныя свечкі па загінуўшых паўстанцах”.
Падрыхтавала
Ганна МІХАЙЛАВА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!