Адным з людзей, чый уклад у захаванне гістарычнай спадчыны Нясвіжчыны цяжка пераацаніць, з’яўляецца ксёндз прэлат Рыгор (Гжэгаж) Каласоўскі. Менавіта дзякуючы яму Нясвіжскі фарны касцёл Божага Цела адносна без страт перажыў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасля быў адноўлены. Жыццё гэтага чалавека выявіла сабой узор сапраўднага служэння Богу і людзям.
Нарадзіўся Рыгор Каласоўскі ў 1909 годзе ў парафіі Навасады недалёка ад Баранавічаў. У 1939 годзе скончыў Пінскую духоўную семінарыю і атрымаў сан святара. І з таго часу на працягу 52-х гадоў (з 1939-га па 1991 год) быў пробашчам касцёла Божага Цела ў горадзе Нясвіжы.
У жыцці святара вялікая рэдкасць правесці ўсе гады ў адной парафіі, таму што абавязкі паўсюднага абвяшчэння Евангелля і рашэнні біскупа часта з’яўляюцца прычынай змены месца служэння. Але ксяндзу Каласоўскаму выпалі іншыя выпрабаванні: несці Хрыста людзям у час, калі па нашай зямлі пракацілася навальніца страшнай вайны і лютаваў ваяўнічы атэізм.
Падчас вайны ксёндз быў арыштаваны фашыстамі, але дзякуючы дапамозе добрых людзей яму ўдалося выратавацца. Святар не стаў адседжвацца ў цені: рызыкуючы жыццём, ён збярог ад мара-дзёраў і касцёльны звон, і цудоўны арган. Падчас вайны захопнікі збіраліся адправіць гэты інструмент у Нямеччыну для пераплаўкі, але ксёндз Каласоўскі пайшоў да ўлікоўцы, які прымаў каляровыя металы, і папрасіў напісаць паперу, паводле якой арган нібыта быў канфіскаваны яшчэ ў 1939 годзе, а трубкі схаваў на агародзе. Пасля вайны іх адкапалі і ўсталявалі на месца.
Ён таксама выратаваў унікальныя фрэскі нясвіжскага касцёла, які летам 1944 года быў падпалены ў баях за Нясвіж. Тады ксёндз сам кіраваў тушэннем пажару. Дзякуючы яго ўмелым дзеянням згарэлы дах святыні адбудавалі яшчэ да пачатку зімы таго ж года.
Але пасляваенныя гады не сталі часам спакойнага нясення службы для парафіяльнага святара. Яны паднеслі ксяндзу Каласоўскаму мноства выпрабаванняў. Атэістычная савецкая ўлада забрала для сваіх патрэб яго дом, і ён некаторы час быў змушаны туліцца ў гаражы. Яго таксама прымушалі выехаць у Польшчу на падставе таго, што ў яго там сваякі.
Нягледзячы ні на што, добры пастыр не пакінуў давераную яго духоўнай апецы паству і да апошніх дзён жыцця не здрадзіў свайму пакліканню. Фарны касцёл ніколі не зачыняў свае дзверы ад вернікаў. А ксёндз Каласоўскі апекаваў яшчэ больш за дзесяць парафій, якія на працягу дзесяцігоддзяў не мелі святароў. Ён аддана служыў усім, забываючы нават аб адпачынку. За ўвагу да людзей яго любілі і паважалі не толькі каталікі, але і ўсе жыхары горада і наваколля.
У жыцці яго адрознівалі сціп- ласць, прастата ў зносінах, добразычлівасць, міласэрнасць. Рыгор Вікенцьевіч Каласоўскі набыў павагу ва ўсіх жыхароў раёна. Ён уяўляў сабой узор сапраўднага служэння Богу і людзям.
Нясвіжскія вернікі назаўжды запомнілі ксяндза Каласоўскага як чалавека адкрытага, гатовага дапамагчы, з добрай усмешкай на твары. У яго была і яшчэ адна якасць, якая сведчыла аб высокім узроўні яго ўнутранай дысцыпліны, — надзвычайная пунктуальнасць, якая не дазваляла яму спазняцца. Гэтага святара амаль немагчыма было ўбачыць у іншым адзенні, акрамя сутаны. Памёр Рыгор Каласоўскі 4 снежня 1991 года. Пахаваны на гарадскіх могілках у Нясвіжы.
У 2002 годзе ён быў пасмяротна ўдастоены звання “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа”.
Лілія ІВАНЕНКА.