Нарадзіўся Іван Фянько ў в. Еськавічы Нясвіжскага раёна ў сялянскай сям’і 1 жніўня 1922 года. Да вайны скончыў 10 класаў. Атрымаў прафесію краўца. Працаваў па спецыяльнасці дома. Летам 1944 года быў прызваны ў дзейнае войска. Ваяваў на І-м Беларускім фронце ў 176-й артылерыйскай брыгадзе. Адразу пасля прызыву трапіў у Бабруйск, дзе размяшчаўся запасны полк. Тут маладых байцоў рыхтавалі да сур’ёзных выпрабаванняў. Трэніроўкі, вучоба, бяссонныя ночы былі пачаткам таго складанага баявога шляху, які яшчэ трэба было прайсці.
З Бабруйска трапіў у Калодзішчы, што пад Мінскам. Там яшчэ некалькі дзён працягвалі вучобу. Асвойвалі цяжкія гаўбіцы. Адтуль — на фронт. Першае баявое хрышчэнне Іван Фянько атрымаў на польскай зямлі. Прымаў непасрэдны ўдзел у фарсіраванні Віслы і ўзяцці Сандамірскага плацдарма. Ішлі цяжкія і зацяжныя баі. Іван Іванавіч быў залічаны разведчыкам артылерыйскай брыгады. У далейшым браў удзел у вызваленні Познані, Варшавы, Ло- дзі, Гданьска. З баямі дайшоў да Берліна, удзельнічаў у штурме рэйхстага.
Па сканчэнні вайны працягваў службу ў нямецкім горадзе Намбургу. Дэмабілізаваўся восенню 1945 года і вярнуўся ў родную вёску. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Казлах, Еськавічах, Вялікай Ліпе. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II-й ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.».
Падрыхтавала
Святлана РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.