Меню
Курс $  3.02 | €  3.46 | ₽100  3.85 |
Погода 14 °C

Успамін пра дзядзьку Івана

Нясвіжскія навіны 3 дня назад 0 8

Пост опубликован: 10.05.2025

У дзяцінстве да нас у госці прыязджаў на веласіпедзе з суседняй вёскі дзядзь- ка Іван. Запомніўся мне ён сціплым, сур’ёзным, заўсёды апранутым у касцюм, злёгку прыкульгваючым на левую нагу. У пачастунак для нас з сястрой прывозіў кулёчкі цукерак “Осенние” ці халву ў круглых бляшанках.
Аб тым, што стрыечны брат маёй матулі быў сапраўдным героем, мне стала вядома праз многа год, калі яго ўжо не было ў жывых. У 2023 годзе не стала і маёй матулі Юліі Рыгораўны Жук, якая магла расказаць пра дзядзьку значна больш, чым дакументы, што захоўваліся ў старым чамадане, беражліва перавязаныя хустачкай. На іх былі зафіксаваны самыя важныя моманты жыцця Івана Маісеевіча Цара, занатаваныя на афіцыйных бланках і пажоўклых паперах: пасведчанне аб нараджэнні, ваенны білет, пасведчанні аб хваробе, прахадное пасведчанне эвакуацыйнага шпіталя, пасведчанні да ўзнагарод, працоўная кніжка. Даведацца аб гераічным баявым шляху дзядзькі дапамагла электронная інфармацыйная сістэма “Памяць народа”.



Нарадзіўся Іван Маісеевіч Цар 3 снежня 1926 года ў вёсцы Вялікая Быхаўшчына Нясвіжскага павета. У 1939-м, калі пачалася Другая сусветная вайна, закончыў 5 класаў, больш вучыцца не давялося. У жніўні 1944-га васямнаццацігадовы Іван прыняў ваенную прысягу, накіраваўся на фронт. Служыў кулямётчыкам у 2-м стралковым батальёне 226-га Віцебскага Чырвоназнамённага стралковага палка 63-й стралковай дывізіі. Удзельнічаў у Гумбіненскай наступальнай аперацыі ІІІ-га Беларускага фронта (з 16 па 27 кастрычніка 1944 г. ). Яе мэтай было разграміць тыльзіцка-інстэрбургскую групоўку праціўніка, прайсці на захад 170 — 180 кіламетраў і авало- даць Кёнігсбергам. У ходзе аперацыі савецкія войскі прарвалі некалькі абарончых рубяжоў і ўступілі ва Усходнюю Прусію.
Бесперапынныя жорсткія бітвы вяліся па ўсёй паласе фронту. Аб гэтым сведчаць запісы ў “Журнале баявых дзеянняў 226 стралковага палка”, які вёў памочнік начальніка І-га штаба капітан Мерынаў:
“17.10.44. 9.30 …Поток снарядов полетел на головы противника. Сплошной гул стоит, в воздухе появилась штурмовая авиация. Противник, применяя реактивные аппараты и артиллерию, оказывает яростное сопротивление…
11.00. Противник отходящими частями продолжает оказывать сдерживающее сопротивление, отходя в Западном направлении, на Рубеже; Зап. 1100 м. надп. Поражнево и на рубеже отм. 35,6 и отм. 45,9. Работает до 8 пулеметов. С направления Слипины, отм. 35,2, отм. 35,6 работает до 2-х реактивных установок и огонь минометов».
18.10.44. 2.00. Полк готовит атаку. 2 сб два отд. с.в. 500 м, отм.35,6.
По предварительным данным потери составили: убитыми 20 ч., ранеными 210 ч. Уничтожено до 150 солдат и офицеров противника, убит командир артиллерийского дивизиона в чине «майор». Взято в плен 6 солдат противника. Уничтожено: 5 арт.батарей, 3 мин.батареи, 2 реактивные установки.
Трофеи: винтовок — 46 шт., пулеметов — 3 шт., лошадей — 4 шт., велосипедов — 6 шт., мотоциклов — 2 шт.».
У ходзе наступальных баёў Іван Маісеевіч Цар забіў трох фашыстаў, узяў у плен нямецкага афіцэра, дабыў нямецкі кулямёт.
20 кастрычніка 1944 года падчас чарговага бою Іван Маісеевіч атрымаў скразное кулявое раненне ў левую голень са шматлікім пашкоджаннем мягкіх тканак, малой галёначнай косткі і нерва. Звыштэрмінова адпраўлены ў эвакуацыйны шпіталь № 3152 у горад Воткінск (Удмурція). Начальнікам там была капітан медыцынскай службы Зінаіда Васільеўна Гаеўская. Пачалася барацьба за жыццё і здароўе Івана Маісеевіча — аперацыя, пераліванне крыві, абсцэс, зноў аперацыя, доўгая рэабілітацыя. 30 сакавіка 1945 года Іван Маісеевіч быў выпісаны са шпіталя з заключэннем урачэбнай камісіі: “Інвалід ІІ групы, для далейшай службы не годны” і накіраваны па месцы жыхарства.
У 1945 годзе пачалося мірнае жыццё ў роднай вёсцы Вялікая Быхаўшчына. Іван Маісеевіч інвалідам сябе не лічыў. Лёгка спраўляўся з веласіпедам, марыў аб уласным аўтамабілі. Працаваў у розныя часы паштальёнам, рахункаводам у Ланскім сельскім савеце, будаўніком у калгасе імя Леніна. З цягам часу пабудаваў дом і для сябе, аднак засяліцца ў новую светлую хату не давялося. У 1989 годзе ва ўзросце 63 гадоў майго дзядзькі раптоўна не стала.
За ўзорнае выкананне баявых задач камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць Указам Прэзідыума вярхоўнага Савета СССР ад 10 лістапада 1945 года Іван Маісеевіч Цар быў узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені, медалём “За баявыя заслугі”, юбілейнымі медалямі.
Людміла ЖУК,
навуковы супрацоўнік
НГКМЗ “Нясвіж”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!