Меню
Курс $  3.02 | €  3.46 | ₽100  3.85 |
Погода 14 °C

Закалка ваеннага дзяцінства

Нясвіжскія навіны 3 дня назад 0 12

Пост опубликован: 10.05.2025

Па вядомай статыстыцы, Вялікая Айчынная вайна забрала каля 27 млн. жыццяў грамадзян былога Савецкага Саюза. З іх каля 10 млн. — салдаты, астатнія — старыя, жанчыны, дзеці. Але статыстыка маўчыць аб тым, колькі дзяцей загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Такіх звестак проста няма. Вайна скалечыла тысячы дзіцячых лёсаў, адабрала светлае і радаснае дзяцінства. Дзеці вайны, як маглі, набліжалі Перамогу ў меру сваіх, хоць і маленькіх, хоць і слабых сіл. Яны сербанулі гора поўным кубкам, можа быць, занадта вялікім для маленькага чалавека, бо пачатак вайны супаў для іх з пачаткам жыцця…



За два гады да пачатку вайны ў Баброўскім раёне Варонежскай вобласці ў сяле Мячотка нарадзіўся несвіжанін Аляксей Казлоўцаў.
— Я помню ўжо добра 1944-ы і 1945-ы год, — дзеліцца ўспамінамі Аляксей Цімафеевіч. — Праз нас праходзіла шмат войскаў. Немцы занялі правы бок рэчкі, а на левым былі мы. Цяжка было тое, што стралялі і нашы, і ворагі. Каля нас праходзіла лінія фронта. Наша вёска была моцна разбурана. Да вайны ўся квітнела вішнёвымі садамі, а пасля было многа спалена.
Ведаю, што да 50-х гадоў Варонеж адбудоўвалі немцы, і гэта правільна. Умеў разбурыць — умей паправіць.
Не да гульняў было і ў мірны час — дзеці як маглі дапамагалі дарослым аднаўляць разбураную вайной гаспадарку.
— Споўнілася 14 гадоў, — узгадвае мой суразмоўца, — ты павінен дзень у дзень хадзіць на работу. Калі ў Беларусі ў гэты час ездзілі і аралі на конях, то ў нас для гэтага былі быкі. А прыручыць быка — ох і няпростая справа. Я, напрыклад, на быку вазіў на поле з цукровымі буракамі ваду ў бочцы для жанчын, якія палолі бурачныя палеткі. То папіць паклічуць, то рукі памыць, і я бяру паўвядра, бо цэлае не мог панесці, і хаджу цэлы дзень то ў адзін канец поля, то ў другі. А калі не прыйдзеш на работу — бацькі атрымаюць штраф. Таму ўсе хадзілі. У канцы года калі рубель-два зарабіў, то добра. У дзяцінстве і свіней пасвіў, і кароў, і гусей, і авечак — усё, што было ў калгасе. А ў 1947-м — 49-м гадах не памерці з голаду дапамаглі каза, якая была ў бабулі, і кукуруза. Цяжка было пасля вайны.
Да арміі А.Ц. Казлоўцаў рабіў у калгасе. У арміі служыў спачатку ва Украіне, затым — у Варонежы, пасля яго — у Нясвіжы. Тут застаўся на звыштэрміновую, стварыў сям’ю і так стаў несвіжанінам. Пяць з паловай гадоў давялося паслужыць і ў Польшчы. Пасля службы працаваў яшчэ да 80 гадоў качагарам у кацельні. Стаў актыўным удзельнікам ветэранскай арганізацыі “Гонар”, зараз з’яўляецца яе казначэем. З задавальненнем наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ходзіць у бібліятэку, асабліва любіць чытаць цікавыя часопісы.
— Я на месцы не сяджу, — гаворыць Аляксей Цімафеевіч — Увесь час у руху: работа па доме, прагулка па горадзе — заўсёды ёсць, чым заняцца. Закалка ваеннага дзяцінства — пастаянна быць у страі.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!