Нарадзіўся Віктар Лісянкоў 20 ліпеня 1925 года ў Калужскай вобласці ў мястэчку Спаск-Дзяменск, тут жа пайшоў у школу. Калі пачалася вайна, яму было 16 гадоў. З 1941 па 1943 год ён жыў з мамай у сваім родным мястэчку, яго бацька ўжо тады знаходзіўся на фронце. У 1944 годзе малады хлопец пачаў сваю працоўную дзейнасць і першым яго месцам працы стала чыгунка. У гэтым жа годзе загінуў на фронце яго бацька, а сам Віктар Аляксандравіч быў прызваны ў армію і першы час служыў у 202-м запасным палку.
Паколькі яшчэ ішла вайна, ён быў накіраваны на службу ў асобны артылерыйскі дывізіён, а затым у 68-ы механізаваны полк наводчыкам. Быў камандзірам аддзялення 76-міліметровых гармат. Прымаў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Германіі, удзельнічаў у вызваленні ад фашыстаў гарадоў Бютаў і Данцыг, за што атрымаў падзякі ад камандавання. Доўгачаканую перамогу ён сустрэў у нямецкім горадзе Нойштэйн.
Калі скончылася вайна, служыў у штабе палка, затым камандзірам артылерыйскага ўзвода, начальнікам страявога аддзела кадраў 8-й механізаванай дывізіі. У 1948 годзе быў накіраваны на службу ў Нясвіж, дзе прайшоў паскораны курс вайсковай акадэміі імя Вяроўкіна. У 1953 годзе скончыў службу ў Савецкай Арміі і абраў прафесію педагога. Спачатку ён працаваў у Нясвіжскім педагагічным вучылішчы, а затым да самай пенсіі — настаўнікам фізкультуры ў СШ №2 г. Нясвіжа.
Усё сваё мірнае жыццё Віктар Лісянкоў прысвяціў школе і вучням, выгадаваў шмат добрых спарт- сменаў і адданых Радзіме людзей, аказваў пастаянную дапамогу настаўнікам іншых школ, таму што 25 гадоў з’яўляўся кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізкультуры раёна. Узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік народнай адукацыі БССР».
Падрыхтавала
Святлана
РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.