Віктар Мікалаевіч Шынгель нарадзіўся на Нясвіжчыне, у вёсцы Быхаўшчына ў 1924 годзе. Пасля заканчэння Баранавіцкай школы ФЗА быў напраўлены на Урал, у горад Перм, дзе працаваў на будаўніцтве ваенных аб’ектаў. Там яго і застала вайна. Сямнаццацігадовы юнак прайшоў курсы токараў, і стаў праца- ваць у цаху, дзе выпускаліся міны для патрэб фронту. Працоўны дзень доўжыўся 15-16 гадзін. Ад стомы і напружання рабочыя амаль валіліся з ног, але ніхто не скардзіўся.
У 1942 годзе Віктара Шынгеля мабілізавалі, размеркавалі ў спецроту, якая суправаджала ваенную тэхніку на Закаўказскі фронт. У хуткім часе ён патрапіў у мінамётны батальён, які ўваходзіў у 106-ю Забайкальскую стралковую дывізію. На курска-Арлоўскай дузе іх дывізія апынулася ў самым эпіцэнтры ваенных дзеянняў.
— Немцы адчайна супраціўляліся, — расказваў аб тых падзеях ветэран. — Здавалася, што гараць зямля і неба. Але вораг быў яшчэ моцным. Са 180 чалавек у нашым батальёне засталося ўсяго 18. Ніколі не забыць, як на чыгуначнай станцыі Міхайлаўка, што непадалёку ад Курска, вызвалілі сотні мірных жыхароў, якіх гітлераўцы збіраліся адправіць у Германію. Людзі плакалі ад шчасця, цалавалі нас. Потым наша дарога пралягла на Захад. І вельмі многае тут давялося перажыць. Мы страчвалі сяброў, з якімі дзялілі і елі адну скарынку хлеба на дваіх. Але рваліся ў бой, хацелі хутчэй скончыць кровапраліцце, выгнаць ворага з роднай зямлі. І думкі былі толькі пра родны дом, пра блізкіх людзей…
Пры фарсіраванні Дняпра мінамётнае падраздзяленне, у якім служыў Віктар Мікалаевіч, некалькі сутак запар бесперапынна знішчала агнявыя пазіцыі ворага.
— Змяшаліся зямля і неба, вада быццам кіпела ад разрываў бомб і снарадаў, — так успамінаў фарсіраванне Дняп-ра Віктар Мікалаевіч. — Мяне тады цяжка паранілі, і я трапіў у шпіталь у горадзе Чарнавец. Пакінуў гэту ўстанову я толькі праз паўгода. І да страявой службы быў ужо непрыдатным. Так мяне направілі ў гаспадарчую роту: там я вазіў на кані дровы для кухні, дапамагаў паварам. Той, хто служыў у арміі, добра ведае, што такое салдацкая каша…
У 1946 годзе В.М. Шынгель дэмабілізаваўся. Ён вельмі хацеў стаць настаўнікам, і менавіта гісторыкам. Скончыўшы вячэрнюю школу ў Нясвіжы, паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Шмат гадоў ён працаваў дырэктарам Навасёлкаўскай сярэдняй школы. Усё мірнае жыццё ветэран прысвяціў стваральнай і высакароднай справе — вучыў дзяцей, нёс добрае і вечнае ў розумы і сэрцы многіх пакаленняў сваіх вучняў.
Падрыхтавала
Ірына ЕФІШОВА.