У мастацкай галерэі “Мара” адкрылася выстава акварэлі
Таццяны Матусевіч пад назвай “Ляці, ляці, пялёстак…”. Думаецца, што многія пазнаюць гэтыя словы з чароўнай казкі Валянціна Катаева “Цветик-семицветик”.
І гэта глыбока сімвалічна, таму што творчасць мастачкі нібыта сапраўды запрашае нас у казку — лёгкую, летуценную
і незвычайна прыцягальную: яе героямі выступаюць кветкі, кожная з якіх расказвае гледачу сваю непаўторную гісторыю.

З адкрыццём выставы Людмілу Матусевіч (у цэнтры)
віншуе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры
і па справах моладзі Клецкага райвыканкама Вольга Бранавіцкая.
Злева — дырэктар галерэі “Мара” Ларыса Бортнік
А пачынаўся шлях Таццяны Матусевіч у гэту казачную краіну мастацтва з вёскі Смалічы Клецкага раёна, дзе яна нарадзілася і вырасла ў звычайнай сялянскай сям’і.
— Маляваць любіла, колькі сябе помню, — расказвае Таццяна Іосіфаўна. — І пасля восьмага класа заявіла бацькам, што хачу стаць мастаком. Адразу яны мяне не зразумелі. Дзядуля, напрыклад, увогуле лічыў, што мастаком можа быць толькі мужчына. Але ў рэшце рэшт родныя прынялі маё рашэнне.
Аднак згода бацькоў стала толькі першай прыступкай на шляху да мары, які аказаўся не такім простым. Справа ў тым, што Таццяна вырашыла пайсці ў знакамітае вучылішча імя Глебава, куды паступалі добра падрыхтаваныя дзеці пасля спецыялізаваных мастацкіх школ, а ў яе за плячыма былі толькі ўрокі малявання ў звычайнай вясковай дзесяцігодцы (тады сярэдняя адукацыя была 10 класаў. — прым. аўт.). Трэба было здаць экзамены па малюнку, жывапісе, кампазіцыі і напісаць дыктоўку. Конкурс быў вельмі высокі. Каб паступіць, трэба было здаць усё(!) на пяцёркі па пяцібальнай сістэме. На першым экзамене яна атрымала тройку і, па яе ўласным прызнанні, не толькі не засмуцілася, але была шчаслівая, што можа прыйсці на наступны іспыт, пагля- дзець, як працуюць іншыя жадаючыя паступіць, і паспрабаваць свае сілы сярод іх. Так ёй хацелася расці і развівацца ў мастацтве. Прыродны талент дапамог дзяўчыне не праваліць ніводнага экзамена, па адным з іх нават была “чацвёрка”, але паступіць тады, вядома, не ўдалося — канкурэнцыя была занадта моцнай.
Праз год, пасля дзявятага класа, яна ізноў пайшла ў тое ж вучылішча, і зноў не набрала патрэбных балаў, хоць і здала ўсё на больш высокія адзнакі. Другі ўжо апусціў бы рукі і здаўся, але толькі не Таццяна. Скончыўшы школу, яна паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча на спецыяльнасць “жывапіс па фарфоры”. Вучылася так старанна, што па выніках апошняй вытворчай практыкі ўвайшла ў лік сямі чалавек, адабраных з усяго выпуску ў эксперыментальны цэх ручнога роспісу. Чырвоны дыплом даў ёй магчымасць не адпрацоўваць два гады пасля вучылішча, і ў выніку маладая мастачка ўсё ж такі атрымала вышэйшую адукацыю ў сваёй любімай галіне, паступіўшы на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (цяпер — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава).
— Сама таго не чакаючы, я стала педагогам, — узгадвае той час Таццяна Іосіфаўна.
Пасля інстытута яна працавала ў Морачы Клецкага раёна, стварыла сям’ю, пасля нараджэння дачкі пераехала ў Клецк. Там 10 гадоў выкладала выяўленчае мастацтва і сусветную мастацкую культуру ў СШ №3 і аднойчы, знахо- дзячыся ў другім водпуску па догля- дзе за дзіцем — ужо з маленькім сынам, — атрымала прапанову ісці выкладаць той жа прадмет у новае мастацкае аддзяленне мясцовай школы мастацтваў, якое толькі мелася адкрывацца. Гэту прапанову мая суразмоўца прыняла з вялікай радасцю, таму што поле для творчасці тут адкрывалася значна шырэйшае, чым у звычайнай школе.
З таго часу прайшло 19 гадоў, на працягу якіх Таццяна Матусевіч не стамляецца перадаваць дзецям сваю любоў да выяўленчага мастацтва, свае веды і творчыя сакрэты, з’яўляецца загадчыцай мастацкага аддзялення Клецкай дзіцячай школы мастацтваў. Яе вучні атрымліваюць шмат узнагарод у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. А сама Таццяна Іосіфаўна ў 2016-м годзе стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “За дасягненні ў выхаванні дзяцей”, а ў 2018-м — пераможцай раённага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “Духоўнае адраджэнне”. З 2007 года ўдзельнічае ў розных выставах. Іх геаграфія не абмяжоўваецца роднымі мясцінамі, а выходзіць далёка за іх межы. Акрамя нясвіжа, з творчасцю мастачкі знаёмыя аматары акварэлі ў Заслаўі, Мінску, Віцебску, Мар’інай горцы, Лі- дзе, Брэсце і Свябодзіне (Польшча). У 2021 г. яна ўвайшла ў склад Еўразійскай мастацкай садружнасці.
Менавіта акварэллю гераіня гэтага аповеду захапілася, можна сказаць, выпадкова пяць гадоў таму падчас пандэміі кавіду, калі вырашыла ўзяцца за фарбы, якімі не скарыстаўся сын — таксама мастак. Зносіны паміж людзьмі ў той час былі абмежаванымі, і лёгкія празрыстыя фарбы сталі тым сродкам, які здымае ўсякія межы і праз сузіранне карціны аб’ядноўвае душы людзей.
— Я вельмі люблю акварэль за яе нечаканасць, — гаворыць мастачка. — Калі ты пішаш алеем, ты ведаеш, як кладзеш мазок, ты можаш яго перарабіць, калі што, а ў акварэлі гэта немагчыма. Яе асаблівасць — у лёгкасці і празрыстасці, якую не дае ніякая іншая фарба, у невычэрпнасці магчымасцей для імправізацыі.
Любімая тэма мастачкі — кветкі. Раней яна любіла маляваць партрэты, цяпер у яе атрымліваюцца “партрэты” кветак, створаныя акварэллю. У кожнай — свой характар, свая гісторыя, свая душа, якая толькі і чакае, каб падзяліцца сваімі тайнамі з душой гледача.
Выстава Таццяны Матусевіч “Ляці, ляці, пялёстак…” будзе дзейнічаць у галерэі “Мара” да 29 чэрвеня. Час ідзе хутка. Не прапусціце!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.