13 — 15 мая ў Нясвіжы
праходзіў XVІ рэгіянальны конкурс-пленэр юных
мастакоў імя Міхаіла Сеўрука прысвечаны 120-годдзю
з дня нараджэння майстра жывапісу і графікі.
Дзе нараджаюцца таленты? Уявіце сабе, раўнамерна, як зоркі на небе, па ўсёй нашай радзіме: і ў гарадах, і ў самых малых вёскачках. Але ж распазнаць талент, пагрузіць юнага мастака ў свет фарбаў, каб ён адчуваў іх як ваду, калі вучыцца плаваць, а ўжо потым паставіць “тэхніку” — гэта ўжо справа педагога, дарэчы — таленавітага.
Менавіта такія таленавітыя вучні і настаўнікі прынялі ўдзел у нашым традыцыйным пленэры. На свята выяўленчага мастацтва да нас прыехалі 40 удзельнікаў з 15 мастацкіх школ, школ мастацтваў і студый з розных куткоў Беларусі.
У лютым у Нясвіжы шырока святкавалі юбілей мастака Міхаіла Сеўрука, былі зацікаўленыя госці, таксама адкрылася эксклюзіўная выстава “М. Сеўрук. Дакрануцца да невядомага” з твораў мастака, пераданых у музей-запаведнік пляменнікам майстра. Вялікую ролю адыграла наведванне гэтай выставы у Малой выствачнай зале палацава-замкавага комплексу на пачатку пленэру.
Лагічна было і творы на пленэры прысвяціць М. Сеўруку, расказаць і перадаць успаміны аб ім сведкаў яго жыцця і блізкіх людзей, словы мастакоў — скульптара Сяргея Гумілеўскага, жывапісца Ігара Бархаткова.
Дарэчы, тэмы пленэра, прысвечаныя жыццю і творчасці Міхаіла Сеўрука, былі пададзеныя для дзяцей даступна — “Размова дрэў”, “Кветкі для майстра”, “Творца за працай”, але яны прымушалі падрыхтавацца, пачытаць пра мастака, вывучыць яго творы, спалучыць з уласнымі ўражаннямі ад мясцін, дзе праходзілі яго творчыя сцяжынкі.
Прыемна было назіраць, як працуюць майстры-педагогі з маленькімі талентамі і з падлеткамі. Як ніколі цяжка было вызначыць лепшыя малюнкі. Старшыня журы мастак і старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Анастасія Балыш назірала за творчасцю юных творцаў, вызначыла творчы рост каманд з Брэста (наст. К.Ю. Дрозд), Мінска (А.А. Карнеенка), Жодзіна (наст. Ю.І. Гусько, Е.В. Халепа), Снова (наст. К.М. Вадзянская, М.В. Бакунова).
Заўсёды стабільна добрыя вынікі ў настаўніка са Стоўбцаў А.В. Зянько, цікава паназіраць, як сур’ёзна ён вядзе гутарку з 8-гадовымі мастакамі. Мы заўсёды рады творчаму патэнцыялу настаўнікаў-мастакоў з Клецка,Слуцка і Салігорска. Прадстаўнікі Дзяржынскай школы мастацтваў на чале з настаўнікам Ула- дзімірам Хачатуранам павезлі дадому Гран-пры.
Усе ўдзельнікі малайцы, атрымалі мноства ўражанняў, вынеслі для сябе цікавыя веды пра Нясвіж і яго каштоўнасці. Цяжка мераць творчасць ступенямі і дыпломамі. Але ж журы працавала, і прыемна, што дыпломы І ступені атрымалі несвіжанкі Паліна Наўмовіч і Варвара Лабко, ІІ ступені — Яна Акулік са Снова.
17 мая была адкрыта экспазіцыя лепшых твораў юных мастакоў сумесна з прафесіянальнымі пленэрыстамі ў мастацкай галерэі “Мара”.
Вынікі падводзіліся у гарадской Ратушы, усе ўдзельнікі атрымалі Ганаровыя граматы, кожнаму дасталіся памятныя сувеніры з рук загадчыка сектара па экскурсійна-навуковай рабоце “Палацавы ансамбль” Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка “Нясвіж” Аляксея Будніка.
Марына КАНАВАЛАВА,
загадчык мастацкага адзялення Нясвіжскай ДШМ, сябра Беларускага саюза мастакоў.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.