У 29-ы раз наш горад прымаў у мінулую суботу свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”. Па традыцыі апошніх гадоў, першы канцэрт у рамках “Музаў” пад назвай “Галасы аркестра” прыняла гарадская ратуша. Тут выступіла вакальная група заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмiчны канцэртны аркестр Беларусi iмя М. Я. Фiнберга” ў складзе Аляксандра Дзюміна, Святланы Бударынай, Ксеніі Амельчанкі і Андрэя Пятрова пад кіраўніцтвам Ігара Мельнікава. Сваім выканальніцкім майстэрствам гледачоў парадавала таксама салістка Ірына Іршонак, лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Без дапамогі музычных інструментаў, толькі сваімі галасамі спевакі стваралі сапраўдныя музычныя карціны, якія літаральна заварожвалі залу.
Першым у іх выкананні прагучала музычная візітоўка “Музаў Нясвіжа” — славуты “Паланэз” Міхала Клеафаса Агінскага, словы да якога напісаў кіраўнік ансамбля “Песняры” Вячаслаў Шарапаў. Затым гледачоў парадавалі беларускія народныя і аўтарскія песні, сярод якіх, напрыклад, была і незабыўная “Александрына” Уладзіміра Мулявіна. Не абышлося і без музычнага сюрпрыза: вельмі арыгінальным і ўражваючым атрымалася спалучэнне акадэмічнага спеву вакальнай групы і народнага голасу Ірыны Іршонак.
Канцэрт “Галасы аркестра” праляцеў як адно імгненне, завяршыўшыся пад бурныя апладысменты публікі.

Свята мастацтваў “Музы Нясвіжа-2025” адкрыў канцэрт “Галасы аркестра” у гарадской Ратушы
Праз некаторы час у Тэатральнай зале Палацавага ансамбля аматараў жывой музыкі сабрала асабліва кранальная праграма “Музыка памяці”, падрыхтаваная струнным аркестрам заслужанага калектыву. Гэты канцэрт быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Праз гукі скрыпак, альтаў і віяланчэляў перад слухачамі прайшлі радкі з лістоў з фронту, урыўкі вершаў ваенных гадоў і тэмы, напісаныя ў памяць аб подзвігу народа. Гучалі творы беларускіх аўтараў — Ула- дзіміра Дарохіна, Сяргея Хвашчынскага, Уладзіміра Алоўнікава, Ігара Лучанка, Яўгена Глебава, Дзмітрыя Смольскага, Эдуарда Казачкова і іншых, прысвечаныя айчынным мемарыялам, такім, як Хатынь. На вачах у многіх слухачоў блішчэлі слёзы, а гэта значыць, што “Музыка памяці” глыбока закранула іх душы.
Затым ХХIX свята мастацтваў “Музы Няcвiжа” працягнулася канцэртам “Музыка душы” у касцёле Божага Цела, прысвечаным 340-годдзю з дня нараджэння I.C. Баха. Яе Вялікасць Класіка так велічна запоўніла сабой прастору старадаўняга храма, што свет за яго сценамі нібы перастаў існаваць.
Гучалі “Канцэрт для дзвюх скрыпак рэ мiнор” вялiкага кампазiтара, яго не менш славутая “Арыя”, але і тут не абышлося без музычных сюрпрызаў і цікавай інфармацыі. Бах па-нямецку пішацца “Bach”, а ў музыцы кожная з гэтых лацінскіх літар абазначае сваю ноту. Такім чынам атрымліваецца мелодыя з чатырох нот, зашыфраваная ў прозвішчы. Гэты цікавы момант заўважыў швейцарска-французскі кампазітар, дырыжор, музычны крытык Арцюр Анегер, які дэклараваў сувязь з традыцыямі сваіх папярэднікаў і стаў адным з найзначнейшых кампазітараў XX стагоддзя. Менавіта ён і напісаў “Прэлюдыю на тэму В.А.С.Н.”, якую дзякуючы струннаму аркестру заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмiчны канцэртны аркестр Беларусi iмя М.Я. Фiнберга” пачулі і нясвіжскія слухачы. Яшчэ адным маштабным, захапляльным і незвычайным музычным сюрпрызам стала і “Канчэрта Гроса” Альфрэда Шнітке, напісаная ў 1985 годзе да 300-годдзя Баха. Гэты твор увогуле выконваўся ў Беларусі толькі ў трэці раз, і мы можам ганарыцца тым, што месцам, дзе ён прагучаў, стаў наш горад, а менавіта — самы старадаўні яго храм.
Завяршылася XXIX свята мастацтваў “Музы Нясвiжа” заключным канцэртам “Са святам, Беларусь”, прысвечаным 80-годдзю перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне. Яго першым блокам сталі вядомыя ваенныя песні, песні, у якіх чулася рэха бітваў, боль страт і непагасная вера ў перамогу. Гэтыя песні нараджаліся на прывалах, у акопах, шпіталях і станавіліся голасам цэлага пакалення. Іх падарылі гледачам салісты аркестра — заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Наталля Тамэла і Дзімітрый Качароўскі, а таксама Ксенія Амельчанка, Ангеліна Васілеўская, Таццяна Глазунова, Алеся Дзержавец, Ірына Іршонак, Віталій Дроб, Андрэй Коласаў, Аляксандр Салаўёў. У іх выкананні прагучалі таксама вядомыя хіты замежнай, беларускай і расійскай эстрады.

Фрагмент заключнага канцэрта “Са святам, Беларусь” у РЦК
Як адзначыў па завяршэнні “Музаў” мастацкі кіраўнік свята, галоўны дырыжор заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмiчны канцэртны аркестр Беларусi iмя М.Я. Фiнберга” Максім Рассоха, з кожным годам цікавасць аматараў музыкі да гэтага праекта павялічваецца, і кожны раз аркестр рыхтуе для сваіх прыхільнікаў новую праграму.
— На кожным канцэрце мы стараемся задзейнічаць усе рычагі для ўплыву на сэрцы слухачоў — здзівіць, парадаваць, даць філасофскі і гістарычны кантэкст, і проста прадаставіць людзям магчымасць адпачыць душой пад добрую музыку, — адзначыў Максім Мікалаевіч у гутарцы з карэспандэнтам “НН”. — Людзі, якія пабывалі на ўсіх нашых чатырох канцэртах, змаглі напоўніцца самымі рознымі эмоцыямі — ад радасці да слёз, і гэта, я лічу, будзе прыцягваць іх да нас і далей.
З гэтым цяжка не пагадзіцца, бо як толькі заціхлі гукі “Музаў Нясвіжа-2025” іх прыхільнікі ўжо прадчуваюць, якія музычныя сюрпрызы ім рыхтуюць “Музы” 2026-га года. Чакаем!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.