Меню
Курс $  3.08 | €  3.58 | ₽100  3.94 |
Погода 11 °C

Медсястра і кветкі

Нясвіжскія навіны 13 часов назад 0 4

Пост опубликован: 13.06.2025

Ці любіце вы прыгажосць? Бадай, не знойдзецца чалавека, які не захапляўся б маляўнічымі краявідамі, мілавіднымі дзяўчатамі, вясёлкай пасля даж- джу… А ў нашым доме пад вокнамі медсястры Жанны Дзмітрыеўны Калеснікавай з вясны да позняй восені рознакаляровым дываном палаюць кветкі. Якіх толькі не песціць іх гаспадыня!

Я пацікавілася ў Жанны Дзмітрыеўны, як яна ўсё паспявае і як спалучае са сваім захапленнем нялёгкую работу аперацыйнай медсястры ў Нясвіжскай райбальніцы.



— Кветкі я заўсёды любіла, а пра медыцыну марыла яшчэ ў школе. Больш нічога мяне не вабіла, вырашыла, што буду толькі медыкам. Пасля васьмі класаў паступала ў Слуцкае медвучылішча, але не прайшла па конкурсе. Закончыла дзесяцігодку — зноў паехала ў Слуцк. І зноў асечка.

Так бывае, між іншым, і нярэдка. Але Жанна не апусціла рукі, мара засталася з ёю. Уладкавалася ў нашу райбальніцу, а праз год усё-такі стала навучэнкай Слуцкага медыцынскага вучылішча. Вучылася старанна, і ў атамічцы не траціла прытомнасці, што здаралася з некаторымі дзяўчатамі. Жанна ўсё асвойвала дасканала, бо разумела, што ў далейшым ад яе ў пэўнай ступені будзе залежаць здароўе пацыентаў. І як вынік, закончыла ўстанову выдатна і атрымала дыплом з адзнакай. Дырэктар вучылішча прапаноўваў паступаць у інстытут, але яна не пайшла. Вярнулася ў Нясвіж, спачатку працавала ў працэдурным кабінеце гінекалагічнага аддзялення, а затым яе накіравалі на складаны ўчастак — аперацыйнай медсястрой у хірургічнае аддзяленне. Работа, па словах маёй гераіні, напружаная, патрабуе засяроджанасці і ўвагі, самадысцыпліны, засваення вялікіх аб’ёмаў інфармацыі, ведання асноў хірургіі і ходу кожнай аперацыі, гатоўнасці да любых нестандартных сітуацый. Трэба падаваць урачу інструменты, сачыць за кожным рухам, адчуваць яго настрой і прадугледжваць, што можа спатрэбіцца ў тую ці іншую хвіліну.

Між іншым, ад аперацыйнай медсястры, яе прафесіяналізму, вытрымкі і вопыту залежыць поспех справы не менш, чым ад майстэрства хірурга. Даводзіцца і доўга стаяць на нагах, бо аперацыі бываюць рознай складанасці. Цяпер многае змянілася, укараняюцца новыя віды аператыўнага ўмяшальніцтва, што дазваляе больш надзейна ратаваць пацыентаў для іх хутчэйшага вызадараўлення.

Трыццаць два гады складае працоўны стаж Ж.Дз. Калеснікавай, за гэты час давялося многа зрабіць, перажываць за пацыентаў, каб усё было добра. І разам з хірургамі, зняўшы пальчаткі і выцершы пот з ілба, уздыхнуць з палёгкай. А яшчэ аперацыйная медсястра не раз адстойвала гонар Нясвіжскай райбальніцы ў абласных і раённых спаборніцтвах па тэнісе і шматбор’і, займала прызавыя месцы. Удзельнічала ў турыстычных злётах, заўжды актыўная і аптымістычная. На рахунку Жанны Дзмітрыеўны шмат грамат ад райбальніцы, ёсць і ад райвыканкама, падзякі ад кіраўніцтва нашай лячэбнай установы. А найбольш красамоўны вынік яе рознапланавых здольнасцей — размяшчэнне фотаздымка Ж.Дз. Калеснікавай на Дошцы гонару райбальніцы.

Медсястра і кветкі

І заключнае пытанне да выдатнага спецыяліста, маёй суседкі:

— Што ты любіш больш за ўсё?

— Сваю работу, без якой не ўяўляю жыцця, сям’ю, усё прыгожае. А яшчэ люблю падарожнічаць, пабывала ў розных краінах, наведала Іерусалім і храм Гасподзень, пісала запіску ля сцяны Плачу і паглядзела іншыя славутыя мясціны.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!