Штогадовы фестываль у Маладзечне стартаваў 10 чэрвеня, калі па горадзе прайшлі духавыя аркестры Мінскай вобласці. На працягу тыдня ў горадзе праводзіліся розныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2025».
Урачыстая цырымонія адкрыцця традыцыйна праходзіла ў летнім амфітэатры. Да гледачоў звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. Ён зачытваў прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам, арганізатарам і гасцям XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, у якім Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што творчы форум падорыць аматарам беларускай музыкі і літаратуры магчымасць пазнаёміцца з багатай палітрай беларускага нацыянальнага мастацтва і ўнікальнай народнай спадчынай, і пажадаў усім моцнага здароўя, новых дасягненняў, шчасця і дабрабыту.
Міністр культуры падкрэсліў, што ў фестывалю вялікая будучыня, ён будзе развівацца.
— Душа і сэрца спяваюць, калі я бачу, як вы радуецеся гэтаму святу. Дзякую ўсім вам за неабыякавасць да беларускай культуры, — сказаў Руслан Чарнецкі.
Прывітаў гледачоў і намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Ільясевіч:
— Дарагія сябры, жыхары цудоўнага горада Маладзечна, гасціннай Міншчыны і выдатнай незалежнай Рэспублікі Беларусь! Я шчыра рады вітаць вас у гэтым цудоўным амфітэатры, які збірае выдатных майстроў беларускай культуры і аматараў беларускай культурнай спадчыны. Сёння цудоўны вечар. Кожны з нас атрымае асалоду ад таго, што ўбачыць на сцэне любімых артыстаў і пачуе знаёмыя мелодыі. Няхай гэта пачуццё бу- дзе з вамі яшчэ як мінімум год. Са святам, з адкрыццём XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2025»!
Для галоўнага канцэрта першага з двух асноўных дзён фестывалю арганізатары падрыхтавалі праграму «Зямля маёй песні». Гэты святочны вечар прысвяцілі творчасці кампазітара Алега Елісеенкава, ганаровага грамадзяніна Мала- дзечна, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы.
Розныя творчыя нумары суправаджаліся легендарным Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі імя М. Я.Фінберга пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Максіма Рассохі.
На сцэне — народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль «Сябры», заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, Наталля Тамела, Аляксандр Саладуха, Жанэт, Дзмітрый Качароўскі.
Феерверк над гарадскім паркам стаў яркім сімвалам адкрыцця фестывалю.
У рамках падзеі ў цэнтры Мала- дзечна, на вуліцы Прытыцкага, разгарнуўся маштабны «Горад майстроў» — выстава-кірмаш, прысвечаная народным рамёствам і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву Мінскай вобласці.
Гэты праект стаў адной з ключавых лакацый фестывалю, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя вырабы ручной работы ад таленавітых майстроў рэгіёну. Госці фестывалю змаглі пазнаёміцца з багаццем беларускіх народных традыцый, убачыць і набыць сувеніры, выкананыя ў розных тэхніках — ад разьбы па дрэве і вышыўкі да ганчарнай справы і пляцення.
У «Горадзе майстроў» таксама праходзілі майстар-класы, на якіх жадаючыя маглі навучыцца ствараць традыцыйныя абярэгі, лялькі-куваткі і іншыя народныя вырабы.
14 чэрвеня адбыўся ўрачысты гала-канцэрт, які азнаменаваў закрыццё XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2025». Фінальнае мерапрыемства прайшло ў Летнім амфітэатры парка культуры і адпачынку імя Перамогі і было прысвечана памяці вядомага беларускага музыканта Уладзіміра Мулявіна — заснавальніка легендарнага ансамбля «Песняры».
Канцэртная праграма пад назвай «Незабыўнае…» сабрала шматлікіх аматараў беларускай музыкі і стала данінай павагі творчасці Мулявіна. У выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. І. Жыновіча, пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Крамко, прагучалі самыя вядомыя хіты кампазітара. Таксама ў праграме прыняў удзел лаўрэат міжнародных конкурсаў і ўладальнік медаля Францыска Скарыны Пётр Елфімаў.
Асобай госцяй вечара стала Марынa Мулявіна, дачка Уладзіміра Георгіевіча, якая падзялілася сваімі цёплымі ўражаннямі: «Кожны раз я невымоўна рада быць у гэтым горадзе. Сёння гэта ўдвая прыемна, бо вечар прысвечаны майму бацьку і яго творчасці».
Акрамя памятнага канцэрта, у рамках закрыцця адбылося ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які праходзіў падчас фестывалю. Цырымонія прайшла на галоўных пляцоўках горада — у Палацы культуры і Летнім амфітэатры, дзе таксама праходзілі асноўныя падзеі мерапрыемства.
Закрыццё фестывалю «Маладзечна-2025» стала яркім і кранальным фіналам маштабнага культурнага форуму, які на працягу некалькіх дзён аб’ядноўваў аматараў беларускай песні, паэзіі і народных традыцый. Мерапрыемства падкрэ- сліла важнасць захавання нацыянальнай музычнай спадчыны і падтрымкі маладых талентаў, а таксама ўмацавала культурныя сувязі ўнутры краіны.
- Асобнай тэматыкай многіх лакацый стала 80-годдзе Вялікай Перамогі
- Лакацыя Нясвіжскага раёна ў «Горадзе майстроў»
- Маленькіх гасцей фестываля чакала багатая культурная праграма
- Набыткі культуры сваіх рэгіёнаў прадставілі госці з Расійскай Федэрацыі
- Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю
Ірына ЕФІШОВА.
На галоўным фота: гран-пры ў конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні атрымала Ганна Варанко.