Беларусь, Беларусь, гэтых слоў
Пойме музыку, хто ўсёй душой
Іх магутны, цудоўны іх зоў
Зловіць думкай сваёю жывой.
Уладзімір ЖЫЛКА.
Наш зямляк, ураджэнец вёскі Макашы, аўтар гэтых радкоў, любіў радзіму, прысвяціў ёй многа цудоўных вершаў. Нядаўна споўнілася 125 гадоў з дня яго нараджэння. Гэту падзею не абмінулі ў цэнтральнай раённай бібіліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Успомніць таленавітага творцу, прайсці па яго жыццёвых сцяжынках вырашылі на чарговым пасяджэнні аматараў творчасці Уладзіміра Жылкі. Вядучая мерапрыемства Валянціна Шчарбакова пазнаёміла з біяграфіяй паэта, расказала аб яго поўным радасці і смутку жыцці, імкненнях і паэтычных знаходках. Школы ў Макашах не было, таму хлопчык вучыўся ў Гарадзейскай царкоўна-прыходскай школе, затым — у Мірскай гарадской вучэльні. Вялікае ўражанне на яго аказаў славуты замак і гісторыя яго будаўніцтва. Пазней бацькі пераехалі ў Мінск, затым лёс закінуў іх у Багародзіцк Тульскай губерніі. Уладзік вельмі любіў чытаць, захапляўся паэзіяй Пушкіна, Лермантава, Цютчава, Фета, Гогаля. Дома заўсёды было шмат кніг, што і сфарміравала творчую натуру хлопца.
У сям’і Жылка здараліся частыя пераезды, і юнак вучыўся ў розных установах: Слонімскай вышэйшай пачатковай школе, Ковенскай сельскагаспадарчай вучэльні, у Мінску і Вільні, у апошняй ён пазнаёміўся з вядомымі паэтамі Змітраком Бядулем, Антонам Луцкевічам, Міхасём Чаротам, Янкам Купалам. Пад іх уплывам Уладзімір Жылка пачаў пісаць вершы, першы пад назвай “Покліч” быў надрукаваны ў газеце “Беларусь” у 1920 годзе. А далей пайшлі новыя вершы, выйшаў зборнік “На ростані” ў 1924-м. Усё сваё кароткае жыццё (праз цяжкую хваробу паэт пражыў толькі 33 гады) ён услаўляў малую радзіму, родную Беларусь. Тэматыка твораў была разнастайная: грамадзянская, лірычная і іншая. Наш зямляк пакінуў значную паэтычную спадчыну, якую мы помнім і сёння.
Пацвярджэнне гэтаму — прыезд у Нясвіж земляка Уладзіміра Жылкі Вячаслава Букі, які прысвяціў пэўны адрэзак часу вывучэнню творчасці паэта, яго жыццёвага шляху. І распавядаў пра гэта цікава і эмацыйна, прачытаў сваю паэму ў гонар славутага творцы. А яшчэ ўдзельнік сустрэчы прадэманстраваў відэаролік аб ім, дзе знята хата паэта ў Макашах, дом ва Уржуме, дзе ён памёр, помнік у яго роднай вёсцы. На радзіме юбіляра створаны музейны куток “Ля старога млына”, там дзейнічае і база аграэкатурызму. Энтузіясты памяці вядомага земляка Вячаслаў і Нона Бука стварылі ў сацыяльнай сетцы “Facebook” групу “Уладзімр Адамавіч Жылка — пясняр чыстае красы”. І сёння кожны можа адкрыць камп’ютар і стаць сябрам групы, пазнаёміцца з цікавымі матэрыяламі. Тое ж можна ўбачыць і на YouTube, дзе размешчаны відэаролік Ноны Бука.
З цікавасцю слухалі ў зале райбібліятэкі аповеды пра паэта Уладзміра Жылку і маладыя ўдельнікі сустрэчы, навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, якія даведаліся шмат новага і цікавага. Спадзяюся, гэта застанецца ў іх памяці, бо сваіх землякоў трэба ведаць і помніць.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.