У мінулую суботу Вялікая Быхаўшчына сустракала гасцей на свята вёскі. Сярод іх — старшыня Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Антончык, старшыня Ланскага сельскага выканаўчага камітэта Людміла Буглай, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Лань-Нясвіж” Яўген Ратомскі, старшыня прафсаюзнага камітэта адкрытага акцыянернага таварыства “Лань-Нясвіж” Ірына Ваньковіч і настаяцель храма Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы іерэй Васілій Кісель.
У сучасны час вёска Вялікая Быхаўчшына мае 57 жылых дамоў, дзе пражывае 125 чалавек. Прыгожы куток, “край гасцінца старога”. Тут жывуць сапраўдныя гаспадары і гаспадыні, цудоўныя майстры і кулінары, шчырыя і дружныя суседзі.
У гэты святочны дзень жыхары вёскі Вялікая Быхаўшчына сабраліся, каб павітаць старэйшых жыхароў, самых маленькіх і юбіляраў. Некалькі дзён таму адзначыў свой 94-ы дзень нараджэння Іван Цар. Усё жыццё ён працаваў у калгасе трактарыстам, пачынаючы з 1954 года, мае званне “Заслужаны работнік гаспадаркі”. Сёлета святкуе 90-гадовы юбілей Леаніла Шынгель, 88 гадоў спаўняецца ў гэтым годзе Ганне Шынгель, 86 – Лідзіі Раманоўскай. Таксама на свяце віталі і самую маленькую жыхарку вёскі Вялікая Быхаўшчына, якой споўнілася толькі 2 годзікі, Багдану Грушэвіч, сем’і Кулік і Бабко, якія выхоўваюць па 5 дзетак, сямью Мышчык, дзе гадуюцца трое дзяцей.
У гэты год святкуюць свае юбілеі многія жыхары вёскі. Самыя шчырыя словы павагі і ўдзячнасці былі выказаны 80-гадоваму юбіляру Алене Рабко. Яна вывучыла не адно пакаленне дзяцей, аддавая свае веды, жыццёвы вопыт і цяпло душы. Нельга не захапляцца яе падворкам, за што Ланскі сельскі выканаўчы камітэт адзначыў яго як аднаго з лепшых па добраўпарадкаванні сядзібы.
Не толькі сельскагаспадарчыя дасягненні з’яўляюцца гонарам жыхароў Вялікай Быхаўшчыны. Вёска вядома таленавітымі, выдатнымі людзьмі, якія прысвяцілі жыццё культуры. Жыгары прыгадалі выдатны калектыў “Быхаўшчанка”, якім кіравала Марыя Жалнаркевіч. Яго ўдзельніцы спявалі не толькі ў сябе ў клубе, а і на раённай, і абласной сцэне.
У гэты год, калі наша Радзіма адзначыла 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, прысутныя на свяце не маглі не аддаць дань павагі тым жыхарам вёскі, якія змагаліся на франтах, былі ў партызанах, працавалі ў тыле. У спіску “воінаў-землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны” з Вялікай Быхаўшчыны лічыцца 31 прозвішча. Жыхары вёскі ўшанавалі памяць аб іх хвілінай маўчання.
Зямля, што дадзена нам лёсам, мае асаблівае значэнне, прывабнасць, чароўную сілу. Усё на ёй самае дарагое і блізкае. Так і жыхары Вялікай Быхаўшчыны ніколі не згубяць сувязь з роднай вёскай, куды б ні закінула іх жыццё.
Святлана РЫЖАКОВА-ЛУЦЕВІЧ.
На голоўным фота: каравай, які спяклі жыхары вёскі Вялікая Быхаушчына.