У суботу ўвечары ў Цэнтральным двары Нясвіжскага палаца гучалі “Легендарныя саўндтрэкі і хіты” ў выкананні камернага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Вячаслава Прылепіна.
Гэты калектыў распачаў сваю гісторыю 2 студзеня 1991 года. Заснавальнікам і дырыжорам цягам больш за 20 гадоў быў Аляксандр Мартыненка. Цяперашні кіраўнік і дырыжор калектыву Вячаслаў Прылепін пачаў сваю кар’еру ў аркестры ў 2006 годзе, калі скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе дырыжыравання ў заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Калядкі і па класе басэтляў ва Уладзіміра Пулянкова. З 2016 года з’яўляецца галоўным дырыжорам аркекстра. У 2017 годзе быў удзельнікам майстар-класа, які праходзіў у Міжнароднай акадэміі імя Алены Абразцовай у Санкт-Пецярбургу па оперным дырыжыраванні ў заслужанага артыста Расіі, дырыжора Марыінскага тэатра Аляксандра Палянічкі.
Камерны аркестр з’яўляецца візітнай карткай Брэста і кожны яго новы сезон заўсёды насычаны і разнастайны. А кожны канцэрт — значная падзея ў культурным жыцці горада, дзе ён выступае.
Пераканацца ў гэтым маглі і жыхары і госці Нясвіжа, якія наведалі канцэрт “Легендарныя саўндтрэкі і хіты” ў выкананні гэтага калектыву. Ён адкрыўся з музыкі японскага кампазітара Джо Хісаісі да анімэ-фільма “Служба дастаўкі Кікі”. Затым гледачоў парадавалі музычныя кампазіцыі да фільмаў “Зорныя войны”, “Уладар пярсцёнкаў”, “31 чэрвеня”, “Гладыятар”, “Прыцемкі”, “Піраты Карыбскага мора” і іншых. Гучала музыка Джона Уільямса, Ханса Цымермана, Гія Канчэлі, Аляксандра Зацэпіна і не толькі іх.
Асаблівым творчым сюрпрызам ад брэсцкага калектыву, які надзвычай уразіў публіку, стала рок-апрацоўка славутай драматычнай і велічнай тэмы лёсу з пятай сімфоніі Бетховена. Знаёмыя акорды набылі тут маланкападобную энергію і моц.
Гарачымі апладысментамі гледачы суправаджалі таксама славутыя хіты груп “Nirvana”, “Queen”, “Король и шут”.
Яшчэ адзін чароўны вячэрні канцэрт камернага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі “Класіка рок & поп музыкі” адбыўся ў Цэнтральным двары Нясвіжскага замка назаўтра, у нядзелю. Ён стаў цудоўным прыкладам таго, як адна мелодыя можа вярнуць нас у мінулае, а другая — стаць музыкай сучаснага. Славутыя “Жывём малітвамі” групы “Bon Jovi”, “Гатэль Каліфорнія” групы “Eagles”, “Мой бессмяротны” групы “Evanescence”, “Прывід оперы” Эндру Уэбера з рэпертуару групы “Nightwish” — усё гэта набыло незвычайна маляўнічае і непаўторнае гучанне ў аркестровым выкананні. Хіты “Scorpions”, ужо ўзгаданых у суботу “Nirvana”, “Queen”, “Король и шут”, а таксама “Сектора газа”, “Metallica” і “Rammstein” узрушвалі ўяўленне слухачоў, пакідаючы незабыўныя ўражанні.
Адным словам, мінулыя музычныя выхадныя ў Нясвіжскім замку сталі яскравай старонкай летапісу культурных падзей нашага горада. І наперадзе іх не менш. Не прапусціце!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.