Песня з такой назвай вядома амаль усім, а чаму я назвала так артыкул, у далейшым чытач зразумее. Ад Урала да Нясвіжа тысячы кіламетраў, але людзі жывуць у розных рэгіёнах і ездзяць адны да другіх. У Ніжнім Тагіле Свярдлоўскай вобласці нарадзілася Наталля Драздоўская, якая ўжо 35 гадоў жыве ў нашым горадзе. Вядома, яна не думала, не гадала, што лёс закіне ў сінявокую Беларусь.
— Я палюбіла нашу краіну, яна стала мне другой радзімай, — гаворыць Наталля Генадзьеўна, — хаця вырасла ў Расіі. У Нясвіжы мая сям’я, сябры, ёсць творчыя, і не толькі, захапленні. Калі прыязджаю да мамы ў Ніжні Тагіл, мяне называюць беларусачкай. І сумую па Нясвіжы, а тут — настальгія па ўральскіх мясцінах.
Сапраўды, чалавека цягне да сваіх каранёў, і гэта нармальна. У маёй гераіні цікавая і незвычайная жыццёвая біяграфія. Горад машынабудавання і металургічнай прамысловасці, дзе Наташа Карапанава з’явілася на свет, меў ганаровае званне Працоўнай Славы. Там яна пасля васьмі класаў паступала ў медвучылішча, але не прайшла па конкурсе. Закончыла дзесяцігодку і пайшла ў ПТВ, а затым дзяўчыну накіравалі на Ніжнетагільскі металургічны камбінат, дзе яна працавала кантралёрам. Згадзіцеся, не кожная прадстаўніца прыгожага полу адважылася б на такую, можна сказаць, мужчынскую работу. Наташа правярала якасць чыгуначных рэек і колаў, пазней скончыла курсы машыніста маставога крана.
Мама Наташы, Капіталіна Анатольеўна, цудоўна спявала песню “Уральская рабіначка”, танцавала разам з дачкой. Сям’я Карапанавых жыла дружна, дзеці працавалі разам з бацькамі. Дома быў сад, вырошчвалі агародніну.
А потым прыйшло каханне, дзяўчына выйшла замуж за юнака, які працаваў на Уралвагоназаводзе. Нарадзіўся сын Алёшка, пазней і другі сынок — Антон. У Ташкенце, дзе жыла радня мужа, маладая сям’я пражыла дзесяць гадоў, дарослыя працавалі на заводзе ірыгацыйнага машынабудавання. Там здарылася няшчасце: загінуў муж Наташы. Яна засталася з двума дзецьмі, але не разгубілася, бо трэба было, як кажуць, ставіць іх на ногі. Скончыла завочна Ташкенцкі гідрамеліярацыйны тэхнікум, працавала тэхнікам-тэхнолагам па металах. Гэта было цікава для яе, і сёння Наталля Генадзьеўна ўспамінае сваё месца работы душэўна:
— Мне і цяпер сніцца, што я на кране, лячу па рэйках. А яшчэ добра, што ў нас быў дружны калектыў: працавалі узбекі, рускія, украінцы, беларусы, і ўсе ўжываліся. Шкада, што пазней пачаліся міжнацыянальныя канфлікты. А я вывучала ўзбекскую мову, размяркоўвала чарцяжы на ёй.
Знакавым аказалася і тое, што Наталля пазнаёмілася ў Ташкенце са сваім другім мужам Вячаславам Драздоўскім, ураджэнцам Мінска. Яго бацька быў лётчыкам, вывозіў людзей з зоны землятрусу, які адбыўся ў 50-х гадах, маці была ўзбечкай. Муж запрашаў Наташу ў Беларусь, і ў час водпуску яны паехалі ў Мінск. Ёй там спадабалася, і на сямейным савеце вырашылі пераехаць у Беларусь. А гэта былі 90-я гады, работу знайсці аказалася няпроста. Уладкаваліся ў калгас “Рассвет”, Наташа пайшла працаваць на ферму даяркай. Спачатку падменнай, потым далі групу кароў. Нялёгка прывыкала гараджанка да новай працы, але старалася, бо кіраўніцтва гаспадаркі абяцала дом.
Наталля Генадзьеўна расказвае:
— Асабліва было цяжка, калі раздойвала першацёлак: каровы спачатку мяне не прызнавалі, я баялася. Вучылася навязваць, адразу не магла справіцца з ланцугом для гэтай мэты. Было і такое: калі ў каровы трэскалася вымя, ёй было балюча, і даярка атрымлівала удар па руцэ.
І ўсё ж яна навучылася, пераадолела цяжкасці. Калгас выдзеліў сям’і Драздоўскіх дом, купілі сваю карову, трымалі індычак і авечак, свіней, працавалі шмат. Да Наташы ў Сейлавічы прыязджалі бацькі, Капіталіна Анатольеўна і Генадзь Дзмітрыевіч, схадзілі на ферму, падзівіліся ўбачанаму. А ў выніку прызналіся, што ім спадабалася, бо родам яны таксама з вёскі.
Дзесяць гадоў у Сейлавічах праляцелі хутка. Але маю суразмоўцу цягнула ў горад, і Драздоўскія прадалі дом і пераехалі ў Нясвіж. Тут набылі жыллё на вуліцы Усошына. Наташа працавала некалькі гадоў у гандлі, Вячаслаў быў электрыкам. Калі абодва выйшлі на пенсію, Наталля Генадзьеўна не сядзела без справы. У Нясвіжы пазнаёмілася з Нінай Камлач, а тая завяла новую сяброўку ў аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Там заўсёды можна заняцца рознымі цікавымі справамі: рабіць сваімі рукамі прыгожыя рэчы, вучыцца гатаваць, займацца спортам, спяваць. Апошняе захапіла і Наташу. Яна ўвайшла ў вакальную групу “Рабіначка”, куды ўжо хадзілі на рэпетыцыі сяброўкі. У яе рэпертуары ёсць і славутая “Уральская рабіначка”. А яшчэ гераіня гэтага аповеду палюбіла плаваць у басейне, займацца гімнастыкай. Пастаянна ўдзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню, у сяброўскіх сустрэчах з калегамі са Стоўбцаў, Клецка і Баранавіч. З валанцёрскай групай наводзіла парадак ля царквы Святой Ганны ў Аношках, ля магілы воінаў, што загінулі за Радзіму ў час вайны ў вёсцы Качановічы. Добрае сэрца маёй гераіні нераўнадушнае і да братоў нашых меншых: яна наведвала прытулкі для катоў у вёсцы Коханавічы і ў Баранавічах, вазіла корм і дыванкі.
А яшчэ Наталля прызналася, што іменна ў Беларусі яна прыйшла да Бога. Ходзіць у царкву, наведвае гутаркі айца Васілія Краева ў ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых РТЦСАН.
У бягучым месяцы каманда “Маланка” Нясвіжскага РТЦСАН прымала ўдзел у спартыўным свяце “Крок да даўгалецця” і атрымала дыплом Баранавіцкага райвыканкама. Там змагалася за лепшыя вынікі і Наталля Драздоўская.
Вось такое разнастайнае, напоўненае актыўнасцю жыццё Наталлі Генадзьеўны Драздоўскай, жанчыны працавітай і неардынарнай. Між іншым, пры ўсёй складанасці біяграфіі, яна лічыць сябе шчаслівай. Няхай так яно і будзе!
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.