У мінулую суботу апынуцца ў атмасферы класікі і легендарных мелодый аматары цудоўнай музыкі змаглі ў Тэатральнай зале Нясвіжскага замка падчас канцэрта салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяны Старчанкі “Шапэн у замку”.
Выступленні піяністкі нязменна выклікаюць цікавасць публікі, з вялікім поспехам праходзяць у Беларусі і за межамі. Яе рэпертуар незвычайна рознабаковы. Яна выступае з сольнымі праграмамі, а таксама ў складзе розных камерных ансамбляў, у ансамблі з вядомымі опернымі і камернымі спевакамі.
Таццяна Старчанка вядома таксама як стваральнік і мастацкі кіраўнік “Музычнай гасцёўні” — унікальных аўтарскіх праграм, у якіх прадстаўлена насычаная палітра музычных жанраў: сольныя інструментальныя канцэрты, камерна-інструментальная, камерна-вакальная, сімфанічная музыка. Гэты праект даўно заваяваў любоў і падзяку музычнай аўдыторыі.
Што да музыкі Шапэна, то, па ўласным прызнанні піяністкі, гэта яе любімы кампазітар, і яго музыку ў Нясвіжскім замку яна іграе ўжо дзесьці пяць гадоў.
— Тут не можа гучаць любая музыка, — упэўнена Таццяна Генадзьеўна. — Самі сцены тут абавязваюць. Таму творы Шапэна — гэта тое, што нібыта створана менавіта для гэтай прасторы і да кожнага шапэнаўскага канцэрта я стаўлюся з асаблівым трапятаннем.
І сапраўды — як можна апісаць словамі музыку гэтага кампазітара? Што гэта — пырскі крыштальнай вады з-пад вясла лодкі, што плыве па рацэ забыцця, слязінкі, што зрываюцца з вачэй ад неадольна шчымлівага пачуцця ці спеў райскіх птушак? Кожны пачуе ў ёй нешта сваё дзякуючы рукам выканаўцы, пад якімі ў празрыстых гуках ажывае душа кампазітара.
Вальсы, накцюрны, эцюды, мазуркі і іншыя творы Шапэна былі падораны публіцы таленавітай піяністкай і кожны суправаджаўся гарачымі апладысментамі слухачоў. Яны так не хацелі адпускаць выканаўцу са сцэны, што яна выканала яшчэ на біс славуты “Вальс №7”.
Для тых жа, хто яшчэ не змог, але хацеў бы патрапіць на шапэнаўскія канцэрты Таццяны Старчанкі, нагадаем, што яны гэтым летам яшчэ будуць. Сачыце за культурнай праграмай Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.