Меню
Курс $  3.22 | €  3.7 | ₽100  4.11 |
Погода 20 °C

Хто я і адкуль?… Ваенная гісторыя Марыі Андрэеўны Чарнышовай

Нясвіжскія навіны 8 часов назад 0 2

Пост опубликован: 23.06.2025

Дата 22 чэрвеня назаўжды крывёю і слязьмі ўпісана ў нашу гісторыю. Менавіта ў гэты дзень пачалася Вялікая Айчынная вайна. І хоць з таго дня мінула шмат часу, мы павінны помніць аб гэтай даце, помніць, каб больш ніколі не паўтарыўся такі жах. Вайна зламала шмат лёсаў, пакалечыла людзей як фізічна, так і душэўна, але наш народ выстаяў, перамог, аднавіў свае гарады і сёлы. І ў тых, хто так пацярпеў у той страшнай вайне, хапіла мужнасці і сілы духа для таго, каб прадоўжыць жыццё, каб нанава навучыцца ўсміхацца і быць шчаслівым, каб радавацца кожнаму новаму дню.



Адну незвычайную ваенную гісторыю я пачула ад сваёй сяброўкі, і яна кранула мяне да глыбіні душы. Дзяўчына сказала мне, што яе бабуля, дзіця вайны, не ведае ні свайго ўзросту, ні сапраўднага імя, ні бацькоў. Я вырашыла даведацца: як так можа быць? І пачула звыклую для ваенных часоў, але жудасную па сваёй сутнасці гісторыю аб чалавеку без мінулага, непасрэдна ад першай асобы — ад Марыі Андрэеўны Чарнышовай.

Надышла другая ваенная восень, пачатак кастрычніка. Уздоўж чыгуначнага палатна ішла жанчына і заўважыла нешта незвычайнае. На насыпе ляжала дзіцятка, зусім невялікае, дзяўчынка. Марыя (так звалі жанчыну) адчула страшэнных холад унутры, а ў галаве паўстала думка: “Мёртвае дзіця”. Яна падбегла да дзяўчынкі, узяла на рукі і страх адышоў: жывая, цёплая… Праз імгненне дзіцятка расплюшчыла вочы і ўважліва пагля- дзела на жанчыну. “Адкуль ты тут, маленькая?” — пыталася матчына сэрца. Дома Марыю чакалі трое ўласных сыноў. Без кроплі сумненняў жанчына панесла дзяўчынку дадому.

Так у сям’і Марыі і Андрэя з’явілася дачушка. Андрэй у той час быў на фронце, але Марыя была ўпэўнена, што ён не будзе супраць таго, каб гадаваць малую. Ды і што ж рабіць, як пакінуць такое немаўлятка? Дзяўчынку назвала таксама Марыяй. Пазней жанчына даведалася, што ў тую пару праз Маладзечна (а падзеі разгарнуліся менавіта там) правозілі шмат савецкіх людзей: каго ў канлагер, каго на прымусовыя работы. Відаць, маці дзяўчынкі, ратуючы сваё дзіця, выкінула яе з вагона, пакуль цягнік яшчэ не набраў хуткасць. У дату нараджэння Марыі Андрэеўны ўпісалі той дзень, калі яе знайшлі.

— Мама расказвала мне, што на выгляд мне было не больш, як год-паўтара, — кажа Марыя Чарнышова. — Але хто яго ведае, вайна ж была, голад, холад. Дзеці часта выглядалі меншымі, чым быў іх рэальны ўзрост. Я не помню нічога, зразумела. Ды і пра тое, што я не родная, даведалася толькі ў 12 гадоў. Сама стала пытацца, чаму бацькі і браты чарнявыя, а я бландзінка. Мама тады сказала, што лепш яна мне раскажа, чым чужыя людзі. Так я і даведалася. Я ніколі не надавала гэтаму ўвагі, але гэтыя пытанні, хто я і адкуль, колькі мне гадоў, што з маёй роднай мамай, ці ёсць у мяне сваякі, не даюць мне супакою ўсё жыццё. Я думаю, што мамы ўсё ж не стала, бо інакш яна напэўна шукала б мяне.
Марыя Андрэеўна бязмерна ўдзячна сваім прыёмным бацькам за тое, што не пабаяліся такой адказнасці, што пашкадавалі яе тады, прынялі да сябе, любілі як родную.

— Я добра помню той дзень, калі з вайны вярнуўся тата, — успамінае яна. — Было ўжо цёмна, мы леглі спаць, як у шыбу нехта пастукаў. Мама паглядзела ў вакно і пачала ў голас плакаць, адчыніла дзверы і закрычала: “Дзеткі, тата прыйшоў!”. Мы кінуліся да яго, і я таксама. Ён падхапіў мяне на рукі і пачаў цалаваць. Увогуле, з бацькамі ў мяне былі асаблівыя зносіны. Яны пражылі доўгае жыццё і адышлі на той свет на маіх руках. А тата часта казаў: “Марыйка (ён толькі так мяне і называў), цябе самі анёлы нам прынеслі”. І са старэйшымі братамі ў мяне ўсё жыццё былі цудоўныя адносіны, на жаль, іх ужо няма з намі. Але ніколі мы нічога не дзялілі, не сварыліся. І ва ўсім стараліся дапамагчы адзін аднаму. І ні разу мне не паказалі, што я чужая, не іх.

Жыццё Марыі Андрэеўны склалася ўдала, многа гадоў яны з мужам Аляксеем Васільевічам пражылі душа ў душу, выгадавалі дзвюх дачок і сына. Сама яна ўсё жыццё працавала бухгалтарам на прадпрыемстве, на заслужаны адпачынак пайшла з пасады галоўнага бухгалтара. Зараз у яе шэсць унукаў, ужо ёсць праўнукі. Усё, здаецца, добра, але…

Хто я і адкуль?… Ваенная гісторыя Марыі Андрэеўны Чарнышовай

— Але мне ўсё жыццё хацелася знаць, хто я, — прызнаецца жанчына. — Дзеткі, жыць і не ведаць нават, колькі табе на самай справе гадоў — гэта вельмі цяжка. Падаецца, калі столькі жыцця ўжо пройдзена, гэта не павінна мець значэння. Але для мяне гэта важна. Я вельмі рацыянальны чалавек, усё жыццё працавала з лічбамі, але гэтае няведанне стварыла ў маёй душы нейкую пустэчу. Я шукала сваіх біялагічных бацькоў, шукала сваякоў. Нават у свой час звярталася на адну папулярную праграму, якая займаецца пошукам людзей. Але вынік нулявы. Я не скарджуся на лёс і ўдзячна нябёсам за той дзень, калі мая прыёмная маці знайшла мяне. І гэта сапраўды мой другі дзень нараджэння, бо калі б так не адбылося, страшна нават падумаць, што са мной было б. Напэўна, я б не расказвала вам гэтую гісторыю, ды і самой гісторыі не было б ніякай. Я не памятаю вайны, я не памятаю снарадаў і смерці, але з-за вайны я і сябе не памятаю. Я не магу нават прынесці кветкі да магілы маёй маці, той, якая мяне нарадзіла і ратавала, як магла. Я нават не ведаю яе імя, і свайго імя я не ведаю… Цяжка, балюча… Я разумею, што жыццё маё набліжаецца да сканчэння, ужо даўно 80 мінула, а ў маёй сітуацыі — можа, і яшчэ больш, хто ведае. Мы, старыя, хутка адыдзем, але вы помніце: мір на зямлі трэба берагчы. Хопіць нам усяго, і зямлі сваёй, і багаццяў. Адно каб над намі мірнае неба было і каб усе дзеці былі шчаслівымі.

Кіра ХАДАСЕВІЧ,
вучаніца Нясвіжскай гімназіі.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!