Журналісты Мінскай вобласці ў рамках чарговага прэс-тура наведалі Мядзельскі раён. Асноўным прадметам іх увагі сталі турыстычныя аб’екты рэгіёна. І гэта невыпадкова: для развіцця турызму ў Мядзельскім раёне створана адпаведная інфраструктура. Тут улічана і ўзята пад ахову 170 помнікаў гісторыі, археалогіі і архітэктуры.
Асноўнымі напрамкамі развіцця турызму ў рэгіёне з’яўляюцца экалагічны і паляўнічы турызм, лячэбна-аздараўленчы, прамысловы, гісторыка-культурны, а таксама аграэкатурызм. У раёне распрацавана 5 турыстычных і 44 экскурсійныя маршруты. Сёлета ДУ “Турыстычны цэнтр Мядзельскага раёна” стварыў тытульны маршрут турыстычнага падарожжа “Спадчына Нарачанскага краю”.
У адпаведнасці з якасцю аказваемых паслуг і ўзроўнем матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання Міжнародную класіфікацыю па зорках мае гасцінічны комплекс “Нарач” (3 зоркі) і гасцінічны комплекс “Мядзел” (2 зоркі).
Рашэннем Мядзельскага раённага выканаўчага камітэта № 432 ад 13 сакавіка 2024 года ў раёне створаны турыстычны інфармацыйны цэнтр. У 2025 годзе сумесна з цэнтрам выгадных рашэнняў “Кастрычніцкі” ён распрацаваў турыстычны партал Мядзельскага раёна, які дае інфармацыю аб мясцовых турыстычных прадуктах, славутасцях, гістарычных каштоўнасцях рэгіёну, мерапрыемствах, экскурсійных маршрутах, транспарце, шопінгу, забаўках і іншым.
Асноўным мэтавым паказчыкам развіцця турызму з’яўляецца экспарт турыстычных паслуг. У Мядзельскім раёне яго аказваюць 10 прадпрыемстваў. Так, за 2024 год гэты паказчык склаў 14676,2 тысячы долараў ЗША.
Першым пунктам маршруту прэс-тура стаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Мядзел”, які ўключае ў сябе спартыўны аб’ект і гасцініцу, далучаную сёлета. Нумар люкс для маладых у летні перыяд тут каштуе ў суткі 220 рублёў, а з акна адкрываецца надзвычай маляўнічы від. Пасля знаёмства з фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам і гасцініцай удзельнікі прэс-тура пазнаёміліся з пляжна-паркавай тэрыторыяй на беразе возера Мястра. Яна ўражвае сваім размахам і прыгажосцю. Новая лакацыя для якаснага пляжнага адпачынку была адкрыта тут у 2024 годзе да 700-годдзя Мядзела. Для жыхароў горада і гасцей краю створана сучасная інфраструктура з камфортнымі шэзлонгамі, утульнымі альтанкамі, арт-аб’ектамі, дзіцячай і спартыўнымі пляцоўкамі.
Пасля гэтага ў актавай зале Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка адбылася прэс-канферэнцыя, спікерамі ў якой выступілі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Вольга Топдэмір, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Уладзімір Губарэвіч, намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Руслан Жук і начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санітарна-курортным лячэнні насельніцтва Ірына Яўсеева.
— Задача прэс-тура — паказаць турыстычны і аздараўленчы патэнцыял Мінскай вобласці, а нашаму рэгіёну ёсць чым прыцягнуць людзей, — падкрэсліла Вольга Топдэмір.
— На сённяшні дзень турыст — гэта той чалавек, які хоча, каб былі створаны ўсе ўмовы, пачынаючы з пражывання, харчавання і заканчваючы паслугамі, якія яму прадастаўляюць, — адзначыў Уладзімір Губарэвіч. — І калі да ўсяго гэтага яшчэ і прыкладаецца адпаведная архітэктура мясцовасці, атрымліваецца нядрэнны вынік. Для развіцця турызму ў раёне створана адпаведная інфраструктура: працуюць 57 аб’ектаў грамадскага харчавання, два аб’екты прыдарожнага сэрвісу, дзве гасцініцы, 9 сродкаў размяшчэння, 7 санаторна-курортных арганізацый, паляўнічы комплекс, 72 аграэкасядзібы, 13 турыстычных стаянак, у тым ліку кемперная, Нацыянальны парк “Нарачанскі”, прыродны комплекс “Блакітныя азёры”, дэндралагічны сад, этна-культурны комплекс “Наносы Адпачынак”, экскурсійна-турыстычны комплекс “Аптэкарскі сад”.
Уладзімір Губарэвіч распавёў і аб працы турыстычных інфармацыйных цэнтраў у невялікіх раёнах, дзе няма сваіх прадстаўнікоў тураператараў.
— ТІЦы створаны ўсяго ў 8 раёнах вобласці, — адзначыў Уладзімір Губарэвіч. — Іх асноўная задача — развіццё турыз-му ў пэўным рэгіёне, раскрыццё яго турыстычнага патэнцыялу. Да таго ж, цэнтр павінен прадастаўляць турыстычныя прадукты не толькі свайго рэгіёну, але і ўсёй краіны. На сённяшні дзень мы гэтае пытанне прапрацоўваем.
Падчас прэс-канферэнцыі таксама абмеркавалі пытанні санаторна-курортнага лячэння.
— Мы з’яўляемся сацыяльна-арыентаванай дзяржавай і накіраванне на лячэнне ў санаторыі ажыццяўляецца з дапамогай дзяржпадтрымкі, — адзначыла Ірына Яўсеева. — Інваліды 1-й і 2-й групы маюць права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне. Дзеці ў нас да 18 гадоў наогул бясплатна карыстаюцца санаторна-курортным лячэннем. Маецца шэраг ільгот і для іншых катэгорый грамадзян.
Затым журналістаў чакала наведванне ТАА “Бровар Нарач” і Нарачанскага вытворчага ўчастка ААТ “Мінскі малочны завод №1” у аг. Нарач. Удзельнікі прэс-тура пазнаёміліся з працай гэтых двух прадпрыемстваў, а таксама змаглі прадэгуставаць сыр з блакітнай цвіллю на другім з іх.
Заключным акордам гэтага дня стала наведванне цудоўнага пляжу з барам-рэстаранам “Урлікі”, які знаходзіцца недалёка ад санаторыя “Прыазёрны” на беразе самага вялікага ў Беларусі возера Нарач, і экскурсія па самім санаторыі. Удзельнікі прэс-тура былі ўражаныя тым, з якім камфортам тут адпачываюць землякі і госці нашай краіны.
Пасля завяршэння мерапрыемства яго ўдзельнікі раз’ехаліся ў свае раёны з масай уражанняў і найцікавейшай інфармацыі.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.