Узорны дзіцячы танцавальны калектыў “Онікс”, якім кіруе Кацярына Лабаза, у чацвер вярнуўся са збораў Харэаграфічнай акадэміі ў расійскім Сочы, у рамках якіх праходзіў V міжнародны конкурс “Надзея”. У ім сапернічалі прадстаўнікі РФ, Казахстана і нашай краіны.
Акрамя ўдзелу ў конкурсе, юныя танцоры штодзень праходзілі заняткі па класічным, народным і сучасным танцы, а таксама займаліся па прадмеце “развіццё фізічных дадзеных”. Кожнае дзіця атрымала сертыфікат аб заканчэнні харэаграфічнай акадэміі.
— Майстар-класаў было вельмі шмат, — кажа Кацярына Лабаза. — Мы атрымалі надзвычай інтэнсіўную падрыхтоўку і змаглі ацаніць сябе на фоне іншых. Наш “Онікс” прадставіў сваю знакамітую “Крутуху”, “Нясвіжскія пацехі” і яўрэйскую пастаноўку “Базар, вакзал”. На радасць і гонар нясвіжскіх танцораў, кампетэнтнае журы адзначыла ўсе іх нумары: “Крутуха” атрымала Дыплом І ступені, “Нясвіжскія пацехі” — ІІ-й, “Базар, вакзал” — ІІІ ступені. Будучы адзіным прадстаўніком Беларусі на V міжнародным конкурсе “Надзея”, узорны дзіцячы танцавальны калектыў “Онікс” вельмі годна прадставіў нашу краіну.
Ганарымся і віншуем!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.