Меню
Курс $  3.16 | €  3.68 | ₽100  4.03 |
Погода 16 °C

У Нясвіжы адбыліся юбілейныя “Вечары Вялікага тэатра”

6 часов назад 0 2

Пост опубликован: 27.06.2025

З 20 па 22 чэрвеня Вялікі тэатр Беларусі ізноў запрасіў сваіх гледачоў у беларускі Версаль. Практычна ўсе творчыя калектывы тэатра знаходзіліся ў гэты час у Нясвіжы, каб падарыць гледачам сапраўднае свята — XV-ы фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”.

Ён пачаўся з прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю гэтай буйной музычнай імпрэзы ў Гетманскай зале замка. У ёй прянялі ўдзел першы намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Наталля Жэрка, старшыня Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Антончык, мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў, галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб, галоўны мастак Вялікага тэатра Беларусі, лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў Любоў Сідзельнікава.



Як адзначылі выступоўцы, фестываль опернага і балетнага мастацтва ў Нясвіжы ўпершыню з’явіўся ў 2010 годзе і стаў сапраўднай падзеяй у культурным жыцці краіны. Выбар месца правядзення культурнага праекта быў невыпадковы: яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя княгіня Уршуля Радзівіл заснавала тут прафесійны тэатр, дзе ставіліся оперныя і балетныя спектаклі. Прайшло тры стагоддзі, і замак Радзівілаў у Нясвіжы зноў стаў збіраць аматараў оперы і балета. Калі ў 2010 годзе партэр Цэнтральнага двара палаца налічваў 600 месцаў, то праз 15 гадоў іх стала больш за 1 000! Па статыстыцы на тры дні “Вечароў” вось ужо каторы год з’язджаецца каля 4 000 гледачоў, прычым не толькі беларусаў. У гэтым годзе яго наведалі гледачы з 19 краін.

Вельмі хутка фестываль заняў некалькі сцэнічных пляцовак: акрамя Цэнтральнага двара замка імі сталі Тэатральная зала (110 месцаў) і касцёл Божага Цела, уваход на канцэрты ў якім заўсёды вольны. Дарэчы, калі ў 2010-м годзе ў рамках “Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” прайшло 4 мерапрыемствы, то сёлета, праз 15 гадоў, іх было 13.

У пятніцу, 20 чэрвеня, нізку фестывальных канцэртаў у Тэатральнай зале замка адкрыла цудоўная праграма “Натхненне сэрца” струннага квартэта Вялікага тэатра Беларусі “Vivat-Quartet”. У ёй сустракаліся Шастаковіч і Чайкоўскі, адбываўся візіт у барока да Гендэля і Баха, а падчас “Вальса-піцыката” ўраджэнца Беларусі Лявона Гурвіча здавалася, што музыканты кранаюць не струны сваіх інструментаў, а самі душы слухачоў… Гэтую вытанчаную праграму музыканты калектыву рыхтавалі вясной да свайго 10-годдзя і паспяхова прадставілі яе ў Нясвіжы.

Затым упершыню ў Тэатральнай зале гучала опера “Моцарт і Сальеры” Рымскага-Корсакава ў пастаноўцы рэжысёра Алега Мельнікава. Сюжэт оперы пабудаваны на легендзе аб атручванні геніяльнага Вольфганга Амадэя Моцарта зайздроснікам Антоніа Сальеры. Праўда мастацтва перамагла праўду жыцця, бо з тых часоў, як з’явілася “маленькая трагедыя” Пушкіна, ніхто ўжо не верыць у невінаватасць Сальеры.

Увечары ў пятніцу 20 чэрвеня ў Цэнтральным двары Нясвіжскага замка ажылі дзве казачныя гісторыі, расказаныя мовай танца… Ад пякучага колеру апярэння Жар-птушкі да святла агнёў адной з тысячы начэй чароўнага Усходу правёў сваіх прыхільнікаў вечар харэаграфіі Міхаіла Фокіна, на якім былі прадстаўлены балеты “Жар-птушка” Стравінскага і “Шахеразада” на музыку Рымскага-Корсакава (балетмайстар-пастаноўшчык — народны артыст Расіі Андрыс Ліепа).
Цікава, што ў 2015-м “Вечары Вялікага тэатра Беларусі ў замку Радзівілаў” таксама адкрываліся балетамі “Шахеразада” і “Жар-птушка” як і цяперашні, юбілейны фестываль у Нясвіжы праз 10 гадоў. Такі юбілей у юбілеі.

Суботні дзень фестывалю 21 чэрвеня адкрыў канцэрт “Ад класікі да джазу” ў Тэатральнай зале. Лаўрэат міжнародных конкурсаў квартэт флейт Вялікага тэатра Беларусі задаў тут асаблівы настрой другому фестывальнаму дню ў Нясвіжы, прадставіўшы розныя пласты выдатнай музыкі ад Ёзафа Гайдна да Джона Уільямса.

Затым сцэна Тэатральнай залы была аддадзена ва ўладу чароўнай музыцы вальса. Гэты канцэрт прынёс вялікую асалоду аматарам музыкі. Яго жанравае напаўненне было надзвычай разнастайным: ад старадаўніх рускіх рамансаў “Мая душачка”, “Расцвілі хрызантэмы ізноў”, “Вуліца, вуліца” да пранікнёных вальсаў Мішэля Леграна і Ніна Рота, а таксама вальсы з любімых стужак: “Леапард”, “Дні Турбіных”, “Пецярбургскія таямніцы”. У канцэрце прынялі ўдзел струнны квінтэт “Серэнада”, салісты оперы заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяна Траццяк і Аксана Якушэвіч, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Аляксандр Міхнюк і Аляксандр Краснадубскі, а таксама артысты балета тэатра.

Як заўсёды, асаблівае месца ў праграме “Вечароў” заняў канцэрт, які музыканты тэатра рыхтуюць для касцёла Божага Цела. Тут прайшоў канцэрт “Шэдэўры барока. Боская гармонія”. На ім гучала музыка кампазітараў-юбіляраў гэтага года Баха і Гендэля, з дня нараджэння якіх сёлета спаўняецца 340 гадоў. Слухачы гэтага канцэрта сталі сведкамі таго, як музыка пераўзыходзіць ноты і мелодыі, становячыся мостам паміж Мірскім і Боскім.

Апошнім у Тэатральнай зале палаца ў гэты дзень стаў выдатны канцэрт “Нясвіжскі падарунак”, на якім прагучалі творы Бетховена, Дворжака, Афенбаха, Манюшкі і іншых слынных кампазітараў.
У суботу ўвечары на галоўнай сцэне Нясвіжскага замка зноў загучала опера Пятра Чайкоўскага “Яўген Анегін” у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Ганны Маторнай — прэм’ера цяперашняга тэатральнага сезона. У 2012-м Вялікі тэатр ужо прывозіў у Нясвіж гэту оперу ў іншай пастаноўцы.

— “Яўген Анегін” — гэта шэдэўр, і мы не маем права яго сапсаваць, але павінны зрабіць яго блізкім, зразумелым, шчымлівым. Гэта закладзена ў традыцыях рускай культуры. Яна мае асаблівую інтанацыю, вобразы, якія заўсёды захапляюць, кранаюць і трымаюць гледачоў да канца…, — кажа галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Ганна Маторная.

22 чэрвеня, у нядзелю, каралева сярод музычных інструментаў — арфа — стала галоўным героем праграмы “На струнах арфы”. Яе нябеснае гучанне зачароўвае з першага погляду і першых нот. Яно ахутвае слухача нібы чароўнай смугой і пераносіць нас у свет фантазій і мар. У старажытныя часы арфу лічылі інструментам, гукі якога чулі толькі багі. Яе тэмбр заўсёды надае дзіўную, казачную атмасферу любому канцэрту. Гледачы Тэатральнай залы змаглі атрымаць асалоду ад гучання арфы ў дуэце і сольна.

Затым у Тэатральнай зале адбыўся канцэрт, прысвечаны пачатку Вялікай Айчыннай “Нам патрэбна адна перамога…”. Гэтыя праграмы заўсёды становяцца асаблівымі як для гледачоў, так і для артыстаў. Гучалі песні ваенных гадоў і творы-успаміны пра тыя страшныя гады. Памяць пра мінулае стала лейтматывам гэтага канцэрта, бо без мінулага не існуе будучыні. Таму ў праграме прынялі ўдзел артысты тэатра розных пакаленняў: народныя і заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь, маладыя лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў.

Па своеасаблівай традыцыі завяршыў серыю канцэртаў у Тэатральнай зале ў замку Радзівілаў у рамках фестывалю канцэрт ансамбля духавых інструментаў “Гармонія гуку з “A.M.A.D.I.S. Brass”.

Бліскучую кропку ў гэтым свяце класічнага мастацтва паставіў гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі, у якім на галоўную сцэну выйшлі любімыя артысты, вядучыя салісты оперы і балета тэатра.

 

Правядзенне “Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” стала магчымым дзякуючы Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж”, Мінскаму абласному і Нясвіжскаму раённаму выканаўчым камітэтам.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!