У вёсцы Малыя Прусы Капыльскага раёна ў 1906 годзе нарадзіўся будучы штурман авіяцыі Трафім Андрэевіч Жылко. Яго біяграфія падобная да біяграфій многіх яго равеснікаў: пачатковая царкоўная школа, потым сямігодка. Хлапчук смела накіраваўся ў яе ў Слуцк (бліжэй не было) з агуркамі, кавалкам сала ды хлеба ў торбе. Вучыўся добра, а потым шляхі-дарогі павялі ў нязведанае. Чырвоная Армія, школа кулямётчыкаў у Ленінградзе, уступленне ў камсамол.
Далей — ажыццяўленне мары на зайздрасць многім хлопцам: паступленне ў Арэнбургскую школу лётчыкаў-назіральнікаў. Як прыгожа выглядаў высокі, стройны курсант у сіняй форме, як старанна асвойваў навуку!
Незабыўны ўзлёт у пачатку 30-х гадоў. Т. А.Жылко накіравалі ў Вышэйшую школу Усесаюзнага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта ў Крамлі на курсы палітработнікаў — ён быў камуністам. Далей — сапраўдныя палёты ў эскадрыллі палка, рамантыка блакітнага неба і пакаранне вышыні. Цяжкасці? Хто іх баіцца ў маладосці?!
Страшнае пачалося, калі накіравалі на фінскую вайну. Там бамбілі не ўмоўнага праціўніка… Штурман Трафім Жылко не парушыў прысягі воіна, ён быў смелы і рашучы, у адным з баёў вызначыўся, і яго ўзнага родзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. Увесь полк пацярпеў: разбіліся ў гарах. Толькі звяно Т. Жылко вярнулася, разбамбіўшы фінскі штаб. Хаця самалёт упаў, тры чалавекі засталіся жывымі, у тым ліку і Жылко.
Вялікая Айчынная вайна застала яго ў Падмаскоўі. Трафім Андрэевіч быў ужо жанаты. Яго жонка Зінаіда Андрэеўна закончыла Слуцкі педтэхнікум, але ў Расіі не давялося папрацаваць, бо дзеці — Эма і Слава — былі малыя. Летам 1941-га прыехала з імі на Капыльшчыну. Муж ваяваў. А ў Капыльскім раёне пачалі стварацца партызанскія атрады, і Зінаіда Андрэеўна, не вагаючыся, стала сувязной аднаго з іх. Для маскіроўкі хадзіла на заданні і яўкі з дзецьмі, хаця разумела, што гэта небяспечна. У 1942 годзе на базары ў Цімкавічах яе затрымаў камендант мясцовага гарнізона, прывёў у камендатуру і распытваў, куды ішла. На дзіва, немец трапіўся ліберальны, бо ў яго ў Германіі жылі дзеці і дачка называлася Эма. Ён адпусціў затрыманых. Зіна не верыла такому шанцаванню. Тым не менш, абавязкі сувязной выконвала, але з большай асцярогай, апраналася бедна, каб не прыцягваць увari. У пераможным для Беларусі 1944 годзе З. А. Жылко ўздыхнула з палёгкай. Прыйшло вызваленне.
Зінаіду Андрэеўну ўзнагародзілі медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”. А праз год ёй уручылі яшчэ некалькі медалёў. Яна нават заплакала над імі…
Пакуль жонка партызаніла, муж бамбіў немцаў пад Масквой у лістападзе 1941-га. За абарону сталіцы СССР яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Потым быў Кенігсберг — Жылко вучыў дзяўчат на самалётах ПО-2. Сам быў штурманам і вывозіў “начных ведзьмаў” на заданні — знішчаць варожыя гарнізоны і тэхніку. За ноч ажыццяўлялі па 5 вылетаў. Быў і эстонскі востраў Саарэма, з якога Трафім Жылко з аднапалчанамі лятаў бамбіць Берлін.
Палёты, бомбы, жахі вайны. Потым была штабная работа.
У 1944 годзе яго накіравалі на кароткі адпачынак у Ялту. Затым — Прыволжская ваенная акруга, пазней паехаў на Капыльшчыну да сям’і. На жаль, бацькоў Зіны і Трафіма немцы спалілі за сувязь з партызанамі.
Штурман авіяцыі маёр Жылко вярнуўся ў дзеючую армію, а заканчэнне вайны сустрэў у Вене. Трафіму Жылко прапанавалі службу ў генштабе ў Маскве. Яшчэ былі Ціхі акіян і Балтыка.
Знамянальным для Т. А. Жылко стаў дзень 7 лістапада 1945 года: ён лятаў над Масквой на баявым самалёце ў час святочнага парада. Крылатыя машыны ляцелі строем і складалі словы “Ленін”, “Сталін”.
Дэмабілізаваўся лётчык Т. А. Жылко ў 1946 годзе, вярнуўся на радзіму. Сям’я ўпадабала суседні Нясвіж, купілі дом. І шчасліва пражылі у шлюбе былая партызанская сувязная і адважны лётчык больш за 50 гадоў. Трафім Андрэевіч радаваўся унукам, песціў іх, купляў веласіпеды.
У пасляваенным жыцці лётчык заставаўся цудоўным сем’янінам, але захаваў у сабе назаўжды воінскую самадысцыпліну, парадак, пунктуальнасць. Ашчадна і разумна адносіўся да свайго здароўя: у адзін і той жа час уставаў і пажыўся, абавязковымі былі прагулкі перад сном. Дома ён мог зрабіць што-небудзь па сталярнай часці. А ў свабодны час былі рыбалка, паляванне. Шкуру першай лісы ён вырабіў і падарыў нявестцы на каўнер.
Калі працаваў старшынёй гарсавета ў Нясвіжы, быў справядлівым. Усе ведалі: калі Андрэевіч паабяцаў, то дапаможа. Бескампрамісным быў і ў ролі народнага засядацеля, а ў час водпуску суддзі падмяняў яго.
А колькі кніг ён чытаў! Выпісаў Вялікую Савецкую энцыклапедыю (яе тамы і сёння захоўваюцца ў сына Уладзіміра).
Зінаіда Андрэеўна шанавала ўсіх, клапацілася. Дзеці амаль усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Бацькі ганарыліся імі, а сёння яны маглі б ганарыцца ўнукамі. У іх — творчы і жыццёвы ўзлёт, новыя планы і здзяйсненні. Дзеда Трафіма і бабулю Зіну ўспамінаюць з удзячнасцю і пяшчотай.
І ўжо праўнукі Трафіма Андрэевіча і Зінаіды Андрэеўны Жылко спасцігаюць законы і мудрасць жыцця.
Раіса ХВІР.
Фота з сямейнага альбома.