У жыхара вёскі Міцькавічы Івана Аляксандравіча Ціхона некалькі іпастасяў. Па-першае, ён — юбіляр, доўгажыхар. 7 ліпеня споўнілася 90. Па-другое, дзіця вайны. Хлапчуку было 6 год, калі тая чорная навала абрушылася на Беларусь, на ўвесь савецкі народ. Па-трэцяе, ён з той кагорты людзей, пра якіх кажуць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Па-чацвёртае, адзін з лепшых механізатараў тадышняга калгаса імя Леніна (быў раней такі, з цэнтрам у вёсцы Вялікая Быхаўшчына), кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.
А яшчэ Іван Аляксандравіч — пастаянны падпісчык на раённую газету, якая раней называлася “Чырвоны сцяг” і героем старонак якой ён не аднойчы з’яўляўся як добры майстар па вырошчванні цукровых буракоў. З таго часу, з маладосці чытае яе.
Некалі дзеці рана браліся за працу, асабліва ў вёсцы, дзе людзі трымалі вялікую гаспадарку. Малы Іванка пасвіў кароў. Вучыўся ў школе, дапамагаў бацькам.
— У шаснаццаць гадоў пайшоў вучыцца на трактарыста, пачаў працаваць. Затым тры гады адслужыў у арміі. У 1957 годзе застаўся трактарыстам у Нясвіжскай МТС, пасля на тры гады перайшоў у РТС, а ў выніку вярнуўся ў свой калгас, — успамінае Іван Аляксандравіч.
Рабоце ён аддаваў усяго сябе. Працавалі механізатары і днём, і ноччу. Каб мець ураджай, глебу трэба было добра апрацаваць, угноіць, дагледзець пасевы, якасна ўбраць вырашчанае. А магутнасць трактараў тады была далёка не такой, як цяпер, вось і даводзілася прыхопліваць у сутак лішнія гадзіны. Стараннасць Івана Ціхона заўважыла кіраўніц- тва калагаса, і было вырашана даручыць яму вырошчванне цукровых буракоў, прызначыць звеннявым.
На першым часе даводзілася нялёгка. Не хапала вопыту. Але механізатар не разгубіўся, не спасаваў перад цяжкасцямі. Працаваў сумленна. І хутка пра яго загаварылі як пра лепшага звеннявога. І сапраўды: у сярэдзіне 1970-х ён вырошчваў на кожным гектары па 300 цэнтнераў салодкага кораня, а ў той час гэта быў высокі ўраджай. Камуніст Іван Ціхон не толькі паказваў прыклад іншым сваёй працай, але быў настаўнікам для маладых механізатараў. Дзяліўся вопытам, вучыў, падказваў. Яго вучнямі былі Мікалай Ігнатчык і Леанід Ціхон. Тыя, у сваю чаргу, перадавалі веды новаму пакаленню гаспадароў сталёвых аратых. А вучыцца ў Івана Ціхона было чаму, бо праз яго рукі прайшлі трактары, бадай, усіх марак. У канцы працоўнага шляху наогул быў экскаватар, з яго і пайшоў на пенсію.
Першай узнагародай Івана Аляксандравіча стаў медаль “За доблесную працу” ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна. Затым былі медаль “За працоўную доблесць”, знакі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” і “Лепшы механізатар”. У 1975-м годзе грудзі перадавіка ўпрыгожыў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Сын сялян, чалавек ад зямлі, Іван Аляксандравіч заўсёды любіў яе. І бацька Аляксандр Іванавіч, і маці Соф’я Георгіеўна працавалі паляводамі. А ён атрымаў кваліфікацыю, сеў за рычагі трактара і займеў ужо большую ўладу над полем. У яго руках апынулася магчымасць зрабіць глебу больш урадлівай. Лепш яе ўзараць, лепш засеяць, лепш прарыхліць міжрадкоўі буракоў, ды не адзін раз, падкарміць расліны. І так — з году ў год, дабіваючыся большых і большых вынікаў.
З 1995 года Іван Аляксандравіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Да апошняга з жонкай Нінай Іванаўнай займаліся агародам, цяпер адмовіліся, бо ўжо здароўе не дазваляе ды і ўзрост — слава Богу! Гаспадыня толькі на год маладзей за мужа. Іх сыны жывуць сваімі сем’ямі. Дзядуля з бабуляй маюць праўнукаў.
Каб бавіць час, любіць Іван Аляксандравіч чытаць газеты. Выпісвае “Нясвіжскія навіны”, “Звязду”, часопіс “Магазин здоровья”. З нецярпеннем чакае, калі паштовая машына іх даставіць. У выхадныя для газет дні нават сумуе, бо прывык чытаць пра навіны, пра падзеі, дасягненні ў краіне і раёне, у асобных гаспадарках, пра цікавых людзей.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
На галоўным фота: І. А. Ціхон ў 1974 годзе.