Меню
Курс $  3.18 | €  3.66 | ₽100  4.07 |
Погода 20 °C

Жніво — 2025: маладыя хлебаробы напярэдадні уборкі

17

Пост опубликован: 10.07.2025

Працаўнікі АПК стаяць напярэдадні важнай сельгаскампаніі: уборкі збожжавых культур і рапсу. У нашым раёне прадстаіць убраць звыш 19,5 тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых, у т. л. звыш 3,8 тысячы гектараў азімага ячменю. Акрамя таго, падыходзіць да жніва рапс на плошчы, якая перавышае 5 тысяч гектараў.

Побач з вопытнымі ўдзельнікамі жніва да яго старанна рыхтаваліся і маладыя хлебаробы раёна. Справа гэта важная, адказная, і ставяцца да яе з адпаведным настроем. Сёння даём слова некаторым маладым камбайнерам.



Аляксандр ІЛЮШЫН, камбайнер ААТ “Грыцкевічы”:

Жніво — 2025: маладыя хлебаробы напярэдадні уборкі

— На збожжа-ўборачным камбайне працую сем гадоў. “КЗС-1218” перайшоў да мяне ад вопытнага камбайнера Пятра Сіліцкага.На першым часе, калі сеў за штурвал, вучыўся, пытаўся ў старэйшых калег. У аднаго, другога, трэцяга. Лічу, што зносіны трэба мець з усімі, каб у калектыве заставаліся прыязнасць і ўзаемадапамога. І ўсе падказвалі, раілі, дапамагалі. Не шкадую, што стаў камбайнерам. З самага пачатку праяўляў вялікую цікавасць, хацелася болей мець навыкаў у механізатарскай справе, болей ахапіць. Таму і сеў на камбайн. З часам уцягнуўся. Прыемна ўбіраць збажыну.

Машыне маёй 16 гадоў. Падрыхтаваў яе да работы як след. 24 чэрвеня ў гаспадарцы адбылася дзяржаўная прыёмка тэхнікі, яе гатоўнасці да жніва — 2025. У поле гатовы!


 

Радзіён ПАНКРАТ, загадчык майстэрняў, падчас жніва — старшы камбайнер ДП “ЭБ “Свеклавічная”:

Жніво — 2025: маладыя хлебаробы напярэдадні уборкі

— У нашай эксперыментальнай базе на жніве будзе занята шэсць камбайнаў. Акрамя мяне, іх выведуць у поле старшыя камбайнеры Аляксандр Платун, Вадзім Мархель, Сяргей Шарамета, Аляксандр Шарамета і Віталь Хоміч. Усе мы працуем з памочнікамі. Тэхніку да работы старанна падрыхтавалі.

У мяне пастаянны памочнік Аляксандр Смолка. Тандэм наш выдатны, адпрацаваны, разумеем адзін аднаго з паўслова. Летась убралі амаль 238 гектараў збажыны, намалацілі 1663,6 тоны зерня. Нашаму “Джон Дзіру” ўжо 19 гадоў. Пры належным доглядзе ён служыць верна. Зразумела, з гадамі рамонт робіцца больш складаны, толькі мы сваю справу ведаем. Старшым камбайнерам сёлета пайду працаваць чацвёрты сезон, дагэтуль восем сезонаў быў памочнікам.


 

Сяргей ЗЯНЬКО, камбайнер ААТ “17 Верасня”:

Жніво — 2025: маладыя хлебаробы напярэдадні уборкі

— А майму “Лексіёну-550” дваццаць гадоў. І ён таксама яшчэ служыць. Летась зжаў амаль 300 гектараў збожжавых, намалаціў 2338 тон зерня. Зразумела, з рамонтам давялося паваждацца. Сёлета, напрыклад, замяніў рашотны стан, вузлы падшыпнікаў, гумавыя ўшчыльненні, пасы. Думаю, на ніве ён не падвядзе.

Зараз у мяне шостае жніво. Веды, атрыманыя ў Навамышскім дзяржаўным прафесійным ліцэі, падмацоўваліся парадамі старэйшых таварышаў. Хочацца адзначыць дапамогу вопытнага камбайнера Сяргея Каленіка, які, праўда, цяпер перайшоў на пагрузчык. Ён працаваў на беларускім камбайне “КЗС-1218”, але сутнасць машын адна і тая ж, і падказкі старэйшага калегі былі вельмі дарэчы.

Акрамя збожжаўборачнага камбайна, мне ў гаспадарцы даручаны трактар “МТЗ-3522”. Атрымаў яго ў 2021 годзе. Магутная машына агрэгатуецца з камбінаванай нямецкай сеялкай “Хорш”. Дарэчы, уся сяўба збожжавых і рапсу ў “17 Верасня” — на мне. Азімых збожжавых пасеяў 1250 гектараў, азімага рапсу — 400, яравога ячменю — 20, траў пры перазалужэнні — 182 гектары.

Агрэгатуецца мой трактар яшчэ з прычэпам “ПСКТ-15”, якім перавожу арганіку, грунт, смецце. Ёсць і прычэп “ПІМ-40” — на ім адвозіў здробненую сянажную масу. А бочкай “МВЖУ-20” уношу ў глебу вадкія арганічныя ўгнаенні. Работы ў вёсцы хапае.

Сваю прафесію я выбраў услед за бацькам-механізатарам, Аляксандрам Аляксандравічам. Механізатарам працуе і брат. Гэта наша ліпаўская сямейная дынастыя.

Гутарыла Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

На галоўным фота: Сяргей ЗЯНЬКО, камбайнер ААТ “17 Верасня”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!