Кожную летнюю нядзелю слухаюць несвіжане і госці нашага горада выступленне самадзейных калектываў раёна. Прыемна пачуць добрую песню ці паглядзець гарэзлівыя танцы. Ужо другі месяц людзей рознага ўзросту радуюць сваёй творчасцю спевакі і танцоры.
Традыцыйныя Дні культуры збіраюць нямала нераўнадушных аматараў прыгожага і вясёлага. Сезон адкрыў у пачатку месяца вакальны ансамбль “Млечны шлях” раённага цэнтра культуры, у выкананні якога прагучалі сучасныя творы і рэтра-песні, пад якія можна было ўзгадаць маладосць, пры жаданні патанцаваць.
Аўдыторыя слухачоў высока ацаніла і выступленне вакальнага калектыву “Забава” ААТ “ГАРАДЗЕЙСКІ ЦУКРОВЫ КАМБІНАТ” у складзе Вольгі Александровіч, Жанны Чучман і Ігара Дубешкі. А дзіцячы ансамбль “Мінутка” выклікаў у нас асаблівае захапленне: таленавітыя дзеці спявалі і танцавалі, вольна трымаліся на сцэне. Свой рэпертуар гожа прадставілі і ўдзельнікі ансамбля “Вяночак” Сноўскага СДК. Хор ветэранаў працы г. Нясвіжа “Аптымісты” (кіраўнік Ірына Латушка) выканаў знаёмыя творы як грамадзянскага, так і гумарыстычнага гучання, а таксама новыя ў рэпертуары песні. А яшчэ яны правялі з гледачамі гульні на кемлівасць, пераможцам уручылі салодкія прызы.
Эстафету Дзён культуры падхапілі артысты “Ланскай бяседы”, якія спявалі песні ў народным стылі і эстрадныя творы. Прыемна, што разам з дарослымі выступалі і дзеці. А для актыўнасці гледачоў была прапанавана конкурсная гульня на лепшае выкананне танцаў: полькі, вальса, ламбады і іншых, вядомых і пажылым, і маладым. Удзельнікі спаборніцтва атрымалі заахвочвальныя прызы. А яшчэ ланцы падрыхтавалі гасцінны стол з прысмакамі: беларускае сала, салодкія пірагі, сялянскі рулет. Дырэктар Ланскага сельскага Дома культуры Святлана Дзянішчык запрасіла ўсіх пачаставацца. Затым песні прадоўжыліся, а гледачы былі ўдзячныя за выдатны канцэрт, які стварыў ім добры настрой.
У наступную нядзелю аматараў народнай творчасці чакае выступленне артыстаў народнага ансамбля народнай песні “Лянок” Аношкаўскага СДК, далей будуць радаваць нас іншыя калектывы мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры раёна і горада. Таму, паважаныя несвіжане, збірайцеся ў нядзелю ля каштанавых дрэў у скверы каля фантана і слухайце любімае, вясёлае, пазітыўнае. Не пашкадуеце!
Раіса ХВІР, г. Нясвіж.
На галоўным фото: у рамках Дзён культуры ў скверы ля фантана выступае дзіцячы вакальны ансамбль “Мінутка”.