Род баронаў Гарцінгаў у канцы ХІХ — на пачатку ХХ стагоддзя валодаў многімі сядзібамі ў ваколіцах Нясвіжа, Пінска і Мінска. У прыватнасці, гэты род даволі доўгі час быў уладальнікам цудоўнай шляхецкай сядзібы ў Завушшы, а таксама меў уласны дом у мястэчку Сноў тут жа непадалёк. Радавод Гарцінгаў, якія жылі ў наваколлях Нясвіжа, узыходзіць да Марка Гарцінга — сапраўднага “марскога ваўка” з нідэрландскага Амстэрдама, які ў далёкім ХVII стагоддзі баразніў прасторы акіянаў ад Лондана да Інданезіі. Марскі гандаль і асваенне земляў на іншых кантынентах было найважнейшай асновай дабрабыту гэтай краіны, якая знаходзілася ў асяроддзі шматлікіх магутных еўрапейскіх манархій таго часу. Свой уклад туды сваёй важнай і прэстыжнай працай уносіў і Марк Гарцінг. Менавіта ў такіх, як ён, у гэты самы час вучыўся марской справе расійскі імператар Пётр I.
Сын Марка — Марцін Гарцінг — пайшоў па шляху бацькі і таксама стаў мараходам. Ён нават меў званне адмірала галандскага флота! Марцін меў двух сыноў — Мікалая і Марка. Галіна, якая прыйшла затым на Нясвіжчыну, працягнулася ад першага з іх. Сынам Мікалая Гарцінга быў таксама Мікалай. Ён, гаворачы фігуральна, сышоў з мора на сушу, і стаў вядомы не як мараплаўца, а як бургамістр аднаго з найпрыгожых гарадоў Галандыі Лейдэна. У 1803 годзе сын Мікалая Гарцінга Марцін пакінуў сваю радзіму і адправіўся на службу да імператарскага двара Расійскай імперыі. Там ён быў прыняты падпаручнікам у інжынерны корпус. Ён удзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Паўночнай Германіі, у складзе корпуса Пятра Талстога браў Гановер. Паспяховая служба дазволіла Марціну Гарцінгу ў 1808 годзе быць пераведзеным у світу Ягонай Імператарскай Вялікасці. Пасля ўдзелу ў Руска-шведскай вайне 1808-1809 гг. ён стаў капітанам, а ў 1811 г. — падпалкоўнікам. Падчас кампаніі 1812 года Марцін трапляе на тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай у складзе 1-й Заходняй арміі пад кіраўніцтвам генерала Міхаіла Барклая дэ Толі. Марцін удзельнічае ў бітвах з напалеонаўскімі войскамі пад Астроўна, Смаленскам, Валуцінай гарой. Удзельнічаў у знакамітай Барадзінскай бітве, падчас якой атрымаў цяжкае раненне ў нагу. Пасля гэтага Марцін Гарцінг быў пераведзены з палявой службы на службу пры штабе Міхаіла Кутузава. Па выніках кампаніі 1812 года Марцін атрымаў званне палкоўніка, ордэн святой Ганны 2-й ступені і залатую шпагу з надпісам “За адвагу”.
Адметна, што большасць будучых суседзяў яго нашчадкаў ваявала ў гэты час супраць яго на баку Напалеона. Чаго варты адзін толькі лёс Дамініка Радзівіла, які адправіўся з Нясвіжа з французскімі войскамі, якія адыходзілі, каб ваяваць разам з імі ў Еўропе. Адправіўся ў Еўропу і Марцін Гарцінг — каб усё гэтак жа самаахвярна змагацца з напалеонаўскай арміяй. У Еўропе ў 1813 — 1815 гадах ён прыняў удзел у самых буйных бітвах гэтых кампаній (бітвах пры Дрэздэне, Кульме, Лейпцыгу і мн. інш.), двойчы ў складзе расійскіх войскаў уваходзіў у Парыж. У гэтых бітвах ён атрымаў яшчэ некалькі даволі сур’ёзных раненняў, але заставаўся ў вайсковым страі да самага канца замежных паходаў расійскай арміі.
У выніку разгром Напалеона скончыўся трыўмфальна і асабіста для Марціна Гарцінга: у 1814 годзе ён быў узнагароджаны вышэйшай ваеннай узнагародай Расійскай імперыі — Ордэнам святога Георгія IV ступені. А ў 1815 годзе (у 30 гадоў!) ён быў пераведзены ў званне генерал-маёра! Так за 10 гадоў ён прайшоў шлях ад малодшых афіцэрскіх званняў да генеральскіх. Пасля напалеонаўскіх войнаў Марцін Гарцінг служыў у войску на тэрыторыі Беларусі на пасадзе генерал-кватэрмайстра.
Яго малодшы сын Мікалай зрабіў сабе бліскучую кар’еру на тэрыторыі Расіі. Быў губернатарам і ганаровым грамадзянінам некалькіх гарадоў, папячыцелем бальніц і гімназій, членам Урадавага сената Расійскай імперыі.
Старэйшы сын Мікалая Гарцінга Густаў у 1854 годзе і купіў палац у мястэчку Сноў.
Яшчэ да гэтага Густаў Гарцінг доўга служыў у гусарскіх палках Расійскай імперыі на тэрыторыі Украіны — у Елісаветградзе і Марыупалі. У баявых дзеяннях удзелу ён не прымаў, аднак даслужыўся да чыну гусарскага ротмістра.
Пасля сыходу з ваеннай службы галоўныя намаганні ў сваім жыцці Густаў Гарцінг прыкладаў да добраўпарадкавання маёнткаў у Снове (дзе быў пабудаваны новы сядзібны дом) і Завушшы. Маёнтак у Завушшы з пачатку 1870-х гадоў ён трымаў у арэндзе, а канчаткова ён перайшоў ў радавую ўласнасць ужо пасля яго смерці.
Густаў Гарцінг быў жанаты двойчы і абодва разы на прадстаўніцах мясцовых літоўскіх дваранскіх родаў. Першай яго жонкай была графіня Людвіка Несялоўская, у шлюбе з якой нарадзіліся дачка Амалія (1840 — 1900) і сын Канстанцін.
Канстанцін Гарцінг быў чалавекам дзіўнага лёсу. Нарадзіўшыся і правёўшы дзяцінства ў Завушшы, ён вучыўся ў шляхецкай школе ў Навагрудку, затым (па сямейнай традыцыі) быў адпраўлены на вучобу ў воінскую вучэльню ў Пецярбург, а пасля і зусім у земляробчую акадэмію ў Бельгіі. Апошняе, відавочна, не без удзелу бацькі, які бачыў у ім спадчынніка сваіх узорных маёнткаў. На жаль, не склалася. У 1863 годзе Канстанцін Гарцінг прама пасярод навучальнага года даведаўся пра пачатак паўстання ў Польшчы і з’ехаў з Бельгіі, каб уступіць у які-небудзь паўстанцкі атрад. У выніку ён аказаўся ў атрадзе Мар’яна Лангевіча і падзяліў з ім яго сумную долю. Пасля паражэння ў баях з расійскімі войскамі ён, паранены, збег назад у Бельгію, але ўжо без месца ў акадэміі і без сродкаў да існавання. Відавочна, у гэты час уладанні Гарцінгаў на Нясвіжчыне выратавалі ад канфіскацыі толькі памяць пра яго дзеда, праслаўленага генерала, і добрая сярод расійскіх уладаў рэпутацыя яго бацькі. Надзвычайны паварот лёсу — нашчадак галандскіх дваран на службе ў Расійскай імперыі (і на якой службе!) ваяваў зараз супраць гэтай імперыі. Што рабілася ў гэты час у доме Гарцінгаў, можна толькі меркаваць. Вядома, добрая памяць бацькі-генерала і брат-губернатар збераглі маёнтак Густава Гарцінга ад канфіскацыі, але… Прыйшлося на справе дэманстраваць, што “бацька за сына не адказвае”. Канстанцін Гарцінг быў пазбаўлены бацькоўскага пратэжыравання і пансіёна. Каб здабываць сродкі для існавання ў далёкіх ад радзімы краях, Канстанцін быў вымушаны наняцца працоўным на бельгійскія вугальныя шахты! Так унук генерал-маёра са світы Яго Імператарскай Вялікасці стаў простым шахцёрам.
Аднак вернемся да Густава Гарцінга з Завушша. Пасля смерці Людвікі Несялоўскай у канцы 1840-х гадоў ён у 1851 г. ажаніўся з Эльфрыдай Друцкай-Любецкай — прадстаўніцай знакамітага княжага дваранскага роду. У гэтым шчаслівым шлюбе нарадзілася шмат дзяцей.
Самы малодшы з іх, Густаў Гарцінг (1864 — ?), відавочна, па задуме бацькі павінен быў працягнуць традыцыю ваеннага служэння роду Гарцінгаў Расійскай імперыі. З дзяцінства ён быў аддадзены на навучанне ў самую элітную навучальную ўстанову Імператарскай Расіі — у Пажаскі корпус Яго Імператарскай Вялікасці. А затым зроблены карнэтам Лейб-гвардыі Уланскага Яго Вялікасці палка.
Таксама цікавае ў гэтай сям’і і канфесійнае пытанне. Першыя пакаленні Гарцінгаў у Расійскай імперыі былі лютэранамі, аднак паступова ўсе прадстаўнікі роду перайшлі ў каталіцызм. Спачатку пераходзілі жанчыны, якія выходзілі замуж за мясцовых дваран-каталікоў, а неўзабаве каталікамі сталі і мужчыны. Апошні з роду Гарцінгаў у Завушшы Генрых Гарцінг быў каталіком, хоць яшчэ яго дзед Густаў быў лютэранінам.
Вось такім быў гэты выдатны род Гарцінгаў, які ўвайшоў у гісторыю многіх краін і, мабыць, усёй Еўропы! Пачаўшыся ў Галандыі, ён прайшоў праз служэнне Расійскай імперыі і Рэчы Паспалітай. А ў Беларусі сёння мала хто памятае і ведае пра тое, якая цікавая і знакамітая сям’я жыла калісьці на яе зямлі. І Нясвіжчына стала для іх родным домам, а для многіх з іх — апошнім прытулкам.
Ганна МІХАЙЛАВА.