Сярод родных і сваякоў загадчыка Грыцкевіцкага ФАПа Крысціны Казубоўскай з медыцынай не быў звязаны ніхто. Па яе ўласным прызнанні, сама дзяўчына патрапіла ў гэту сферу дзякуючы ўдзелу ў каман- дзе юных выратавальнікаў-пажарных “Ястрабы”, якая праславіла яе родную СШ №4 г. Нясвіжа далёка за межамі нашага раёна.
— На спаборніцтвах, дзе мы часта ўдзельнічалі, былі конкурсы па аказанні першай медыцынскай дапамогі, і дзякуючы ім, а таксама маёй настаўніцы біялогіі Алене Анатольеўне Комар, я зацікавілася сваёй будучай прафесіяй, — расказала малады спецыяліст у нашай гутарцы.
Пасля школы яна паступіла ў Слуцкі дзяржаўны медыцынскі каледж, дзе набыла спецыяльнасць “Фельчар-акушэр. Памочнік урача”. Амаль тры гады вучобы праляцелі незаўважна, тым больш, што яны былі вельмі цікавымі і насычанымі.
— Першы год усім было цяжка, але потым, уцягнуўшыся, я зразумела, што спачатку ты працуеш на залікоўку, а потым яна працуе на цябе, — узгадвае Крысціна. — Было цікава ўдзельнічаць у канцэртах аматарскай мастацкай творчасці, у КВЗ сярод медыцынскіх каледжаў, спаборніцтвах па валейболе.
Дарэчы, мая суразмоўца — не толькі адказны медыцынскі работнік, але і добры музыкант: яна скончыла Нясвіжскую дзіцячую школу мастацтваў па класе цымбал, умее граць і на гітары, якую не пакідае і сёння.
Першым месцам работы, дзе яна адпрацавала амаль тры гады акушэркай, стала Сноўская амбулаторыя, пра якую сёння малады спецыяліст узгадвае вельмі цёпла.
— Мне не даводзілася перажываць, правільна я нешта зрабіла ці не, — гаворыць Крысціна Дзянісаўна, — таму што заўсёды адчувалася падтрымка старэйшых калег. Я ведала, што ў любым выпадку мне дапамогуць. Лічу, што мне пашанцавала з першым месцам працы. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць загадчыцы Сноўскай амбулаторыі Наталлі Юр’еўне Владыкоўскай, урачам агульнай практыкі Кацярыне Сяргееўне Кароль і Андрэю Уладзіміравічу Мастоўскаму, медсястры Ірыне Леанідаўне Радзівілка за іх чу- ласць, падтрымку і каштоўны вопыт на пачатку майго працоўнага шляху.
У канцы чэрвеня К. Дз. Казубоўская была пераведзена на Грыцкевіцкі ФАП. Тут ёй даводзіцца адказваць за 641 чалавека, з якіх 143 — дарослыя працаздольнага ўзросту, 115 — дзеці да 18 гадоў, 15 — дзеці да 3-х гадоў, 383 — пенсіянеры і 36 — інваліды ўсіх трох груп.
Свае абавязкі малады фельчар ужо добра ведае. Гэта прафагляды дарослага насельніцтва і дзяцей, дыспанзерызацыя, забор крыві, зняцце кардыяграмы і іншае. Стаўшы добрасумленным самастойным спецыялістам, мая суразмоўца застаецца ўсё такім жа актыўным няўрымслівым чалавекам, як і падчас вучобы: удзельнічае ў турзлётах, займаецца валейболам (мае 2-і дарослы разрад) і пры першай магчымасці з задавальненнем едзе ў вёску, каб папрацаваць на зямлі.
А наконт выбару прафесіі не сумняецца, што ён быў правільны, бо што можа быць лепш, чым дапамагаць людзям захоўваць і аднаўляць здароўе.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.