Меню
Курс $  3.07 | €  3.52 | ₽100  3.93 |
Погода 26 °C

Няхай на душы цвітуць кветкі…

6 часов назад 4

Пост опубликован: 14.07.2025

Што ёсць наша жыццё? Паслядоўнасць клопатаў, простых радасцей і расчараванняў, новых сустрэч і развітанняў… Жыццё пражыць — не поле перайсці — так спрадвеку казалі беларусы. Жыхарцы вескі Круты Бераг Галіне Іванаўне Карпач сёлета спаўняецца 83 гады — доўгі шлях.

Галіна Іванаўна нарадзілася ў суседняй вёсцы Квачы, там і прайшло яе дзяцінства. Яна помніць тыя цяжкія пасляваенныя гады, калі краіна паднімалася, аднаўлялася. Гераіня гэтага аповеду пражыла, можна сказаць, некалькі гістарычных перыядаў, але ўсё яе жыццё было звязана з роднай старонкай, з мясцовай гаспадаркай.



— Ведаеце, наша пакаленне з малога прывучалі да работы, — кажа жанчына. — Зразумела, заўсёды давалі пасільныя заданні. Нават трохгадовае дзіцятка бралі на поле, калі капалі бульбу. Вядома, капаць-то не будзе, але ў кошык ўсё роўна збірае, тое, што зверху на баразне: каб прывучыць да сялянскага жыцця. Потым, крыху падросшыя дзеці пасвілі кароў, дапамагалі з хатняй жывёлай, палолі агарод. І ніхто не скардзіўся, што цяжка, бо добра разумелі, што ўсё гэта патрэбна. Наадварот, хацелася больш дапамагчы. І, ведаеце, мусіць настолькі гэта звычка не сядзець без работы ўкаранілася ў старых людзей, што не можам выседзець у хаце. Надышла вясна — трэба пасадзіць агарод, разбіць кветнікі. Увосень — усё прыбраць, знесці ў пограб. Гэта ўжо пэўны лад жыцця. І вось нават сёння: падаецца, ну нашто мне тая бульба ці гуркі? Усё ж купіць можна. Але не, зямля кліча, хочацца на ёй працаваць. Быццам нейкія сілы ад гэтага ўзаемадзеяння бяруцца. Што скажаш, сельскія жыхары — асаблівыя людзі. А зямля нам продкамі пакінута, і мы павінны да яе сумленна ставіцца.

Увесь працоўны шлях Галіны Іванаўны звязаны з гаспадаркай “17 Верасня”. Шмат гадоў яна працавала тут паляводам. І, як прызнаецца жанчына, гэта нялёгкая праца натхняла яе. — У тыя часы, калі я працавала, такой механізацыі яшчэ не было, — расказвае Галіна Іванаўна. — Многія работы рабіліся непасрэдна рукамі. Лёгка-то не было, але нейкі настрой быў на працу ісці. Бывае, вернешся стомлены, а дома яшчэ і свая гаспадарка, якую трэба даглядаць, — раней жа трымалі па некалькі свіней, нават некалькі кароў у людзей было — здаецца, сіл няма. Але з’яўляліся, яшчэ і на рукадзелле часу хапала. Дарэчы, я нават ткаць умею: мне пашчаслівілася застаць тыя часы, калі покрыўкі, палавікі, ручнікі не куплялі ў магазіне, а ткалі дома. Нават і я ткала, хоць мне не так многа гадоў было. Зразумела, даверыць штосьці сур’ёзнае мне тады не маглі, але палавікі дазвалялі. У маладось ці вельмі любіла вышываць, і ў мяне гэта нядрэнна атрымлівалася. Ды і весела гэта было, дзяўчаты на вячоркі з вышыўкай збіраліся. Гаварылі, жартавалі, вышывалі… Здаецца, самыя вясёлыя і бесклапотныя гады былі. Як падумаеш, то аж не па сабе ад таго, наколькі даўно ўсё гэта было. Калісьці ў маладосці я спытала ў аднаго вельмі пажылога чалавека, ці хутка жыццё праходзіць. І ён мне адказаў, як сёння помню: “Дзіцятка, быццам з аднаго канца хаты ў другі перайшоў”. Тады я не вельмі зразумела яго. А сёння, калі дзевяты дзесятак надышоў, цалкам згаджаюся з гэтымі словамі. Жыццё вельмі хутка праходзіць і важна не патраціць яго задарма. Не згубіць сябе і не шукаць таго, што табе не патрэбна. І трэба быць удзячным за тое, што ў цябе ёсць: здаровыя дзеці, вячэра на стале, добрыя сябры, работа, якая прыносіць радасць… Толькі з узростам пачынаеш гэта правільна разумець.

Сярод шматліх захапленняў Галіны Карпач ёсць адно асаблівае, менавіта яго яна пранесла праз усё жыццё — вырошчванне кветак. У яе палісадніку чаго толькі няма: і ружы, і півоні, і вяргіні…

— Я вельмі люблю кветкі, — дзеліцца яна. — Для мяне не важна, дарагія іх саджанцы ці не, я проста ўсё жыццё люблю аб іх клапаціцца. Гэта сапраўдны адпачынак для маёй душы. Бывае, няма настрою, нешта не ладзіцца, а глянеш на палісаднік — і радасна становіцца. Гэта ж сапраўдная прыгажосць, і ты сам яе ствараеш навокал. А калі выйдзеш пасля дажджу, такі чароўны водар… Я разумею, што сілы ў мяне ўжо не тыя, што раней, і калі-небудзь прыйдзецца завяршыць усе “палявыя” работы, але кветкі я не пакіну да апошняга. Няхай растуць і цвітуць, няхай радуюць усіх навокал. Увогуле, няхай цвітуць кветкі ў душы кожнага чалавека, ніякай розніцы няма, якімі яны будуць. Проста няхай цвітуць… І жыццё стане значна лепшым.

Ірына ЕФІШОВА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!