У мінулую суботу на адным з палёў ААТ “Сейлавічы” адбылося свята першага снапа — традыцыйны абрад “Зажынкі”, які даў афіцыйны старт уборачнай кампаніі ў нашым раёне.
На свяце прысутнічалі кіраўніцтва раёна і дэпутацкага корпуса, кіраўнікі і спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і сельгасарганізацый, прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў АПК, святары і, вядома ж, аграрыі Нясвіжчыны.

Традыцыйны каравай — сімвал жыцця, дабрабыту і гаспадарлівасці — быў урачыста ўручаны старшыні Нясвіжскага райвыканкама Андрэю Ратомскаму
“Зажынкі” — старажытны земляробчы абрад, які сімвалізуе пачатак вялікай хлебаробскай працы. На каласістым полі — тэхніка, якая будзе задзейнічана ва ўборачнай кампаніі, а таксама людзі, якім трэба будзе працаваць ад зары да зары, каб своечасова ўбраць збожжа з палёў.
Па даўнім беларускім звычаі менавіта жачыны, як берагіні зямлі, першымі выйшлі ў поле. Нашы продкі былі ўпэўнены ў тым, што першыя каласы новага ўраджаю павінны зжаць мудрыя і вопытныя гаспадыні. З сярпамі ў руках яны зрэзалі першыя снапы новага ўраджаю і ўрачыста перадалі іх старшыні райвыканкама Андрэю Ратомскаму і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў Нясвіжчыны. Па традыцыі старшыня тройчы падкінуў сноп уверх, каб спраўдзіліся самыя найлепшыя пажаданні наконт будучага ўраджаю.

Мясцовыя жыхаркі зажалі першую збажыну новага ўраджаю
Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, кіраўнік раёна Андрэй Ратомскі адзначыў, што задача, якая стаіць перад аграрыямі сёння, — убраць з палёў новы ўраджай у тэрмін і без страт.
— Паважаныя хлебаробы Нясвіжчыны і госці свята, — звярнуўся Андрэй Казіміравіч да прысутных. — Сёння сапраўды знакавы і важны дзень для кожнага з нас — мы пачынаем уборку хлеба. Гэты ўраджай фарміраваўся цэлы год: яго сеялі, даглядалі пасевы. Нельга сказаць, што прыродныя ўмовы ў гэтым годзе былі надта простымі: былі і замаразкі, і засушлівая ранняя вясна, і даждлівае лета. Але ўсім гэтым перашкодам была супроцьпастаўлена плённая праца, вопыт і веды. І сёння я віншую кожнага з вас са святам першага снапа, з “Зажынкамі”. Жадаю, каб жніво было лёгкім, каб не падводзіла нас надвор’е. Наша задача — тэрмінова сабраць з поля ўвесь новы ўраджай для таго, каб цэлы год на стале быў хлеб.

Па старадаўняй беларускай звычцы — падарункі для аграрыяў

Да гасцей свята звярнуўся вопытны камбайнер ААТ “Сейлавічы” Вячаслаў Хвіцько: “Для мяне гэта ўжо 25-е жніво. Усе мы добра падрыхтаваліся да яго. Адзінае што нам патрэбна — добрае надвор’е і боскае благаслаўленне. У добры шлях!”
Са словамі віншаванняў да аграрыяў звярнуўся таксама благачынны цэркваў Нясвіжскай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка:
— Віншую вас з пачаткам жніва, шаноўныя хлебаробы, — сказаў ён. — Настаў складаны і адказны перыяд для вас — збор ураджаю. Я ўпэўнены, што дзякуючы вашаму вопыту і ведам, вы цалкам справіцеся з гэтай задачай. У вялікім шэрагу прафесій ёсць тры, якія асабліва значныя: воін — абаронца сваёй зямлі, настаўнік — той, хто дае веды, і хлебароб, які корміць народ. Спрадвеку на нашай зямлі ўсе добрыя справы пачыналі з малітвы да Бога, з благаславення. Давайце сёння памолімся разам і папросім благаславення ў Айца Нябеснага.
Пасля агульнай малітвы павіншаваў аграрыяў са святам “Зажынак” пробашч рымска-каталіцкага касцёла Божага Цела Пётр Шарко.
— Малітва — гэта размова з Богам, — падкрэсліў ксёндз канонік. — Таму сёння мы папросім у Яго благаславення на гэтае жніво. Праславім Бога, які ва ўсемагутнасці сваёй стварыў зямлю і шчодра засадзіў яе раслінамі. Ён загадаў людзям апрацоўваць яе і збіраць ураджай для падтрымання жыцця. Падзякуем Богу за яго шчодрасць. Няхай Ён благаславіць вас і шчодра ўзнагародзіць вашу працу, каб вы радаваліся яго дарамі. У добры шлях, з Богам!
Святочную атмасферу “Зажынак” дапоўніла выступленне творчых калектываў Нясвіжскага раёна, якія выканалі беларускія народныя песні, што праслаўляюць зямлю і працу хлебароба. Дзяўчаты ў маляўнічых нацыянальных строях шчодра частавалі ўсіх прысутных традыцыйным асвяжальным квасам і духмянай, яшчэ цёплай выпечкай, — сімвалам урадлівасці беларускай зямлі і яе гасціннасці.
Перад пачаткам работ быў здзейснены глыбока сімвалічны абрад: святары — протаіерэй Аляксандр Данчанка, настаяцель храма Найсвяцейшай Багародзіцы аг. Лань іерэй Васілій Кісель і ксёндз канонік Пётр Шарко — сумесна правялі асвячэнне ўборачнай тэхнікі і будучага ўраджаю, заклікаўшы нябеснае благаслаўленне на працу хлебаробаў і абарону ад нягод.
Кіраўнік ААТ “Сейлавічы” Аляксандр Каспер выказаў падзяку за аказаны гонар правесці раённыя “Зажынкі” на сваіх палях і настроіў калектыў на працоўны лад:
— За мінулы год мы ўклалі шмат працы і сіл у падрыхтоўку да гэтай уборачнай кампаніі. Вырашчаны ўраджай — гэта вынік нашых сумесных намаганняў, прымянення сучасных тэхналогій і адданасці сваёй справе. Нашы механізатары, вадзіцелі, аграномы — усе настроены на высокапрадукцыйную працу. Тэхніка ў парадку, кадры ў руля. Галоўнае — строгае захаванне тэхналогіі і прафесіяналізм аграрыяў. А гэта значыць, што хлеб у засеках будзе!
Урачыстая цырымонія “Зажынак”, якая прайшла ў поўнай адпаведнасці са спрадвечнымі беларускімі традыцыямі, завяршылася самым галоўным — сігналам да пачатку жніва. Пасля традыцыйных слоў Аляксандра Каспера “Па машынах! Паехалі!” магутныя камбайны з лепшымі механізатарамі ААТ “Сейлавічы” за штурваламі, якія ўжо стаялі на беражку залацістага поля, дружна паплылі па хлебным моры. Першыя снапы новага ўраджаю хутка лягуць у бункеры, азначаючы пачатак адказнай гарачай пары на нясвіжскай зямлі. Раён упэўнена ўступіў у пару жніва, несучы ў будучыню векавыя традыцыі і абапіраючыся на працу сучасных хлебаробаў.
Да жніва аграрыі Нясвіжчыны падышлі ў поўнай гатоўнасці. Тэхнічны парк мабілізаваны, кадры навучаны. Клін збожжывых і зернебабовых у Нясвіжскім раёне займае 19,5 тысячы гектараў, у тым ліку 3,8 тысячы гектараў азімага ячменю. Акрамя таго, мясцовым аграрыям трэба ўбраць больш за 5 тысяч гектараў рапсу. Гэта велізарная лічба і велізарная адказнасць — захаваць ураджай. Ва ўборцы прымуць удзел 119 збожжаўборачных камбайнаў. Трэба працаваць граматна і аператыўна. Цяпер самае галоўнае — гэта дысцыпліна, зладжанасць у працы і максімальная канцэнтрацыя намаганняў кожнага на дасягненне пастаўленых задач. Упэўнены, што дзякуючы самаадданай працы нашых аграрыяў, Нясвіжскі раён у чарговы раз пацвердзіць свае высокія дасягненні, унёсшы важкі ўклад у агульны каравай краіны.

Пад спевы артыстаў Нясвіжчыны першыя камбайны ўпэўнена рушылі ў поле
Ірына ЕФІШОВА.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.