Меню
Курс $  3.15 | €  3.62 | ₽100  4.02 |
Погода 21 °C

Юная мастачка Паліна Наўмовіч

1

Пост опубликован: 18.07.2025

Несвіжанка Паліна Наўмовіч выяўленчым мастацтвам захапілася з самага ранняга дзяцінства.

— Малюю, колькі сябе помню, — так гаворыць пра сябе сама дзяўчынка. — У Нясвіжскую дзіцячую школу мастацтваў на аддзяленне выяўленчага мастацтва пайшла тады, калі ішла ў пяты клас гімназіі.

Мая суразмоўца ўзгадвае, што паступіць туды вельмі хацела сама і доўга ўпрошвала пра гэта маму. Тая, упэўніўшыся ў сур’ёзнасці намераў дачкі, пайшла ёй насустрач. І не памылілася.



Паліна патрапіла да Марыны Канавалавай, пра якую адзываецца як пра вельмі добрага і чулага педагога.

— Вучоба давалася мне лёгка, — прызнаецца мая юная суразмоўца. — Я хутка разумела ўсё, што тлумачыць Марына Пятроўна, і вельмі многа практыкавалася дома, увесь час малявала. Было вельмі цікава асвойваць графіку і анатомію чалавека.

Спрабавала розныя фарбы — алейныя, акварэль, гуаш, але выбрала гуаш.

— Яна больш падатлівая, — гаворыць юная мастачка, — дае права на памылку. Ты можаш нешта перарабіць, паправіць, змяніць сваю думку, змяніць вобраз на карціне. Таму большасць маіх таварышаў па мастацкім аддзяленні выбіраюць гуаш.

Любімыя тэмы Паліны — міфалагічныя сюжэты і ілюстрацыі да апавяданняў ці нават вершаў. Асабліва яна захапляецца старажытнагрэчаскімі міфамі. Напрыклад, адна з яе работ расказвае пра выкраданне дачкі фінікійскага цара Агенора Еўропы богам Зеўсам, які ператварыўся ў быка. Гэты міф — адзін з самых распаўсюджаных сюжэтаў у мастацтве з антычных часоў. Сцэнамі з быком-Зеўсам і Еўропай яшчэ ў старажытнасці ўпрыгожвалі вазы, збаны, пахавальныя скрыні, вясельныя куфры, камеі, сцены і столі, ложкі і мэблю, шкатулкі для каштоўнасцей і падлогу. І вось ён нашоў сваё адлюстраванне і ў творчасці нашай юнай мастачкі.

Яшчэ адна цікавая работа маёй суразмоўцы — ілюстрацыя да славутага верша Аляксандра Пушкіна “Вязень”. На ёй яна адлюстравала самога лірычнага героя гэтага твора разам з двума арламі, якія, па яе задуме, сімвалізуюць асабістую біяграфію паэта.

Падчас вучобы ў трэцім класе школы мастацтваў Паліна пачала ўдзельнічаць у розных творчых конкурсах і ад школы, і самастойна. Сёлета яна стала пераможцам знакамітага пленэра імя Міхася Сеўрука, які ўжо ў 16-ы раз па традыцыі прайшоў у маі ў Нясвіжы. Там яна заняла першае месца ў намінацыі “Кампазіцыя”. На сваёй карціне юная мастачка стварыла незвычайны вобраз знакамітага мастака, які быў адзеты ў плашч-дажджавік у атачэнні лілей — кветак, якія мастак любіў пры жыцці.

Праз год юная мастачка скончыць 9-ы клас Нясвіжскай гімназіі і апошні — пяты — клас мастацкай школы. Марыць паступіць у мастацкае вучылішча імя Ахрэмчыка, каб набыць творчую прафесію, без якой не ўяўляе свайго жыцця.

А на пытанне, што такое для яе творчасць, Паліна адказала проста:

— Гэта перш за ўсё спосаб выразіць свае эмоцыі і пачуцці, тое, што цябе хвалюе. Адным словам — падзяліцца часцінкамі сваёй душы з іншымі людзьмі.

А тое, што яна ў юнай мастачкі вялікая і цікавая — не выклікае сумненняў. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова зірнуць на яе карціны, кожная з якіх па-свойму зачароўвае і прыцягвае гледача.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!