Як мы ўжо паведамлялі, 100-гектарны клін азімага ячменю ў ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” даў ураджайнасць у 106,4 ц/га. Аб тым, як удалося дасягнуць такога паказчыка, мы папрасілі расказаць галоўнага агранома гаспадаркі Міхаіла Канановіча.
— Ураджай пачынаецца з падрыхтоўкі глебы, — слушна заўважыў Міхаіл Міхайлавіч, — з правільнай сяўбы і якаснага насення. З восені пад поўную запраўку былі ўнесены калійныя і фосфарныя ўгнаенні, а сеялі мы элітай, якую набылі ў СВК “Агракамбінат Сноў”. Гэта быў сорт “Дыпла”.
Зярняты трапілі ў глебу 20 верасня — у аптымальны для пасеву гэтый культуры тэрмін, таму што больш ранняя сяўба прывядзе да раскушчэння раслін і ў выніку — да залішняй палегласці.
Зімой, як вядома, зярняты ў зямлі “спяць”, а вясной, калі пачынае зелянець новая рунь, галоўнае — добра падкарміць маладыя раслінкі, каб ім хапіла сілкавання, і абараніць ад пустазелля, хвароб і шкоднікаў.
М. М. Канановіч таксама адзначыў, што надвор’е было хоць і не самым спрыяльным, аднак і не самым дрэнным для будучага ўраджаю.
— Летась было горш з дажджамі, — заўважыў ён. — Палеткі пасушыла больш, чым сёлета, а ў гэтым годзе хоць і было холадна, аднак вільгаці хапіла, сонца не папякло пасевы, вегетацыя расцягнулася на два тыдні пазней, але ў выніку ўсё спрацавала на нашу карысць. Сама ж тэхналогія адпрацавана ўжо гадамі, бывае, толькі трэба што-небудзь часткова памяняць. напрыклад, сёлета мы прымянілі іншую фунгіцыдную абарону, чым раней. Хваробы і шкоднікі ўсё ж такі таксама прывыкаюць да тых самых сродкаў.
Вось так і быў падгадаваны ўраджай, якім па праве ганарыцца гаспадарка. Убіралі яго дасведчаныя працаўнікі, для якіх сёлетняе жніво — не першае: Віктар Карачун, Іван Акулік, Аляксей Гайцюкевіч, Мікіта Гаціла, Яўген Кораб, Кірыл Чырэц, Іван Смолка, Мікалай Каўшэль, Васіль Шарапа. Апошні з названых, а таксама Іван Смолка працавалі з памочнікамі, астатнія камбайнеры — па адным.
Акрамя ўбраных 100 гектараў азімага ячменю, удзельнікаў жніва чакаюць яшчэ 1130 гектараў азімай пшаніцы, 250 гектараў яравога ячменю і 400 гектараў азімага рапсу.
— Калі не падвядзе надвор’е, заўтра ці паслязаўтра выйдзем на іншыя культуры, — сказаў на завяршэнне нашай гутаркі Міхаіл Канановіч. — Зробім усё магчымае, каб ўраджай быў сабраны ў аптымальны тэрміны і без страт.
Без сумнення, так яно і будзе. А аб тым, як будзе рухацца ўборачная кампанія ў “НОВЫМ ЖЫЦЦІ” і ў іншых гаспадарках раёна, мы абавязкова працягнем расказваць на старонках газеты і ў інтэрнэт-рэсурсах “НН”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
На галоўным фота: дырэктар ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” Віктар Худніцкі (у цэнтры) разам з галоўным аграномам Міхаілам Канановічам і камбайнерам Васілём Шарапам абмяркоўваюць ход жніва.