Віктар Семяновіч — карэнны несвіжанін, нарадзіўся і вырас у Нясвіжы, на вуліцы Ленінскай. Як узгадвае ён сам, пры выбары прафесіі на яго больш за ўсё паўплываў прыклад бацькі — той працаваў кінолагам у Дэпартаменце аховы, і калі настала пара выбіраць прафесію, юнак вагаўся паміж работай міліцыянера і выратавальніка. Паслухаўшыся парады роднага чалавека, пайшоў у структуру Міністэрства па надзвычайных сітуацыях: пасля заканчэння СШ №4 г. Нясвіжа ў 2011-м годзе паступіў у Салігорскі горна-хімічны каледж на аддзяленне ліквідацыі і папярэджання надзвычайных сітуацый, якое давала сярэднюю спецыяльную адукацыю.
На гэтым адказны, мэтанакіраваны хлопец не спыніўся: прыйшоўшы пасля каледжа камандзірам аддзялення ў ПАВЧ №1 г. Нясвіжа, ён паступіў ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь у Мінску, дзе атрымаць вышэйшую адукацыю пасля каледжа можна было па спецыяльнай скарочанай праграме за тры гады. Так мой суразмоўца стаў інжынерам па ліквідацыі і папярэджанні надзвычайных сітуацый.
— Вучоба давалася лёгка, — узгадвае той час Віктар. — Каледж даваў грунтоўную падрыхтоўку, а ва ўніверсітэце тое, што было асвоена ў Салігорску, праходзілася проста на больш паглыбленым узроўні, таму, канечне, мне было лягчэй, чым тым, хто паступаў адразу пасля школы.
Праз тры гады пасля заканчэння ВНУ Віктару Семяновічу прысвоілі званне лейтэнанта, і ў 2020-м годзе ён стаў начальнікам дзяжурнай змены ПАВЧ №3 на аб’ектах філіяла Нясвіжскае УМГ ААТ “Газпром трансгаз Беларусь”.
На пытанне аб яго асноўных абавязках ён адказвае проста: кіраваць тушэннем пажару ці ліквідацыяй іншай надзвычайнай сітуыцыі, весці за сабой асабісты склад. У яго падначаленні — тры чалавекі.
Гаворачы пра выпадкі, якія запомніліся за 11 гадоў службы, мой суразмоўца сціпла адзначае, што кожны пажар, кожны надзвычайны выпадак складаны па-свойму, і тое, што для звычайнага чалавека здаецца жахлівым — для такіх, як ён, проста работа.
— Час на час не прыходзіцца, — дзеліцца назіраннямі малады выратавальнік. — Можа быць такое, што ў адзін месяц — ніводнага выкліка, а ў другі — і пяць, і дзесяць раз выедзеш на розныя выпадкі, пачынаючы пажарамі і заканчваючы дапамогай насельніцтву ў ліквідацыі раёў вос ці шэршняў, у выратаванні кацяняці, якое залезла дзе-небудзь так, што не можа вылезці ці злезці. Аднойчы даставалі сабаку, які праваліўся ў высахлы калодзеж. Для нас гэта ўсё шэраговае і звычайнае, адрозніваецца толькі месца здарэння.
На пытанні, якія рысы характару патрэбны, каб выконваць такую работу, як у яго, паспяхова, Віктар Семяновіч без доўгага роздуму адказаў, што гэта, па-першае, мэтанакіраванасць, па-другое, бездакорная дысцыплінаванасць, і па-трэцяе, як гэта не дзіўна прагучыць, — ветлівасць.
— Выратавальнік павінен у любых выпадках захоўваць самавалоданне, — тлумачыць ён. — Людзі ў няштатных сітуацыях часта губляюцца, страчваюць здольнасць адэкватна ацэньваць тое, што адбываецца, і трэба акуратна, але настойліва і спакойна тлумачыць ім, што рабіць і што не рабіць, каб яны цябе зразумелі і не нарабілі яшчэ большай бяды. Напрыклад, пры сустрэчы з восамі ці шэршнямі бывае, што людзі навучваюцца дзякуючы табе правільна сябе паводзіць з гэтымі насякомымі і затым спраўляюцца з такімі сітуацыямі самастойна. Быў аднойчы і выклік па з’яўленні на прыватным участку змяі — таксама прыйшлося даваць гаспадарам рэкамендацыі, як сябе паводзіць у такіх выпадках, як устанавіць адпужвальнікі ад непажаданых гасцей.
Пра сваю работу Віктар Уладзіміравіч можа расказаць яшчэ шмат цікавага, аднак галоўнае — што кожную раніцу ён ідзе туды з добрым настроем і ўпэўненасцю, што ў свой час правільна выбраў прафесію: адчуванне сумленна выкананага абавязку і радасці ад таго, што ты дапамог людзям, — дарагога варта. Гэта адчуванне нельга замяніць нічым іншым.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.