Жыхары і госці аграгарадка Аношкі яшчэ з вясны заўважылі, як стаў маладзець і прыхарошвацца гэты населены пункт. І гэта нядзіўна — у канцы жніўня ён стане сталіцай раённых дажынак. Тым, як на сённяшні дзень выглядаюць Аношкі, што зроблена і што ў планах, пацікавіліся нашы карэспандэнты.
І сапраўды, работы па добраўпарадкаванні аграгарадка — у самым разгары. Пешаходаў і вадзіцелей радуе новы асфальт па вуліцах Мінесоты, Маладзёжнай, Лугавой і Камуністычнай. Заасфальтавана ўнутраная частка тэрыторыі, дзе знаходзіцца сталовая гаспадаркі, пафарбаваны з унутранага боку і сам яе будынак, азяленена тэрыторыя.
Зараз рамонт працягваецца на шматкватэрных жылых дамах па вуліцы Цэнтральнай і на сельскім доме культуры — яны ўцяпляюцца, тынкуюцца і таксама будуць фарбавацца. Унутры клуб ужо рэканструяваны, абноўлена глядзельная зала, зроблена новае асвятленне.

Ідуць работы на адным з дамоў па вуліцы Цэнтральнай

У разгары рамонт сельскага дома культуры
Што тычыцца жылых дамоў, то за кошт гаспадароў кватэр закуплены ўцяпляльнік, а астатняе — тынкоўка, устаноўка сеткі, пафарбоўка, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый — робіцца за кошт гаспадаркі. Таксама на дамах мяняюцца і ўцяпляюцца балконы. Перад будынкамі пакладзены новыя тратуары і бардзюры.
Яшчэ адзін кавалак работы — прывядзенне ў парадак платоў у аграгарадку. Пры дапамозе абсталявання РАНС яны ўсе памытыя, пачалася іх пафарбоўка. У гэтым дапамагаюць і жыхары дамоў, каля якіх стаяць гэтыя платы.

Работнікі Аношкаўскай амбулаторыі Святлана Сержан і Іна Акулік фарбуюць плот каля сваёй установы
Асобны гонар аграгарадка — новы выгляд адміністрацыйнага будынка ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”, каля якога зроблена прыгожае добраўпарадкаванне і ўладкаваны фантан, які ў спякотныя дні асабліва любіць дзятва. У вячэрні і начны час фантан падсвечваецца рознымі колерамі, што стварае відовішча, якім мог бы ганарыцца і любы горад.

Абноўлены адміністрацыйны будынак ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” ўдзень

Абноўлены адміністрацыйны будынак ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” ў цёмны час сутак

Так выглядае ў цёмны час сутак фантан каля адміністрацыйнага будынка гаспадаркі
Добраўпарадкаваны таксама сквер у цэнтры аграгарадка, адрамантаваны помнік загінуўшым землякам, што размяшчаецца каля яго, зроблена азеляненне вакол помніка. Сквер, дарэчы, яшчэ будзе дапаўняцца новымі дрэвамі і ў хуткім часе ў ім будзе ўстаноўлена дэкаратыўная скульптура з каменю, якую вырабіў майстар са Снова Алег Пракарына.

Абноўлены помнік землякам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Фрагмент добраўпарадкавання ў цэнтры аграгарадка
Ідзе зараз і генеральны рамонт аўтамабільнага гаража, які знаходзіцца за клубам, вакол яго будзе ўстаноўлена новая агароджа, добраўпарадкавана навакольная тэрыторыя. Адрамантавана таксама трансфарматарная падстанцыя, што знаходзіцца непадалёк ад гаража.
У рамках падрыхтоўкі да раённых дажынак пахарашэла і тэрыторыя мясцовай школы — тут пастаўлены металічны плот, высаджана 70 туй, паменены вокны ў спартыўнай зале і ў дзіцячым садзе, каля якога пасаджана 40 соснаў, у ім таксама адрамантавана два ўваходных парога.

Тэрыторыя Аношкаўскай СШ з новымі і ранейшымі зялёнымі насаджэннямі
Работы па добраўпарадкаванні працягваюцца не толькі ў цэнтры гаспадаркі: ДРБУ №168 выканала падсыпку вуліц у вёсцы Долкінды і дарогі да могілак у гэтай вёсцы, а ДЭУ №65 — да могілак у вёсцы Жанкавічы. Падсыпка і грэйдзіраванне дарог былі праведзены і ў вёсцы Каменка.
У рамках работы па Указе №116 на тэрыторыі Казлоўскага сельскага савета для добраўпарадкавання тэрыторый вёсак сельсаветам было знесена 4 жылых дома, 5 дамоў знесла гаспадарка. У праекце — знос яшчэ двух дамоў.Таксама ў Аношках па вуліцах Камуністычнай і Цэнтральнай быў праведзены знос аварыйных дрэваў і іх абрэзка.
Работы працягваюцца, і, мяркуючы па ўсім, падчас раённых дажынак аграгарадок Аношкі парадуе ўдзельнікаў і гасцей свята сваім абноўленым і памаладзеўшым выглядам.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.