“Ніхто табе не зробіць так, як сам сабе зробіш” — пра гэту народную мудрасць часцяком забываюцца многія нашы суайчыннікі, калі пачынаюць гвалт з-за забітай каналізацыі, якая “топіць” шматкватэрныя дамы.
Літаральна сёння такі ж “патоп”, які ліквідавалі работнікі цэха водаспажывання і водаадвядзення КУП “Салігорскводаканал”, адбыўся на вуліцы Партызанскай нашага горада.
Прычына здарэння класічная і на жаль, пастаянная: жыхары шматкватэрных дамоў да гэтага часу не ведаюць, што гарадская каналізацыя НЕ ПРЫЗНАЧАНА для спуску ў яе вільготных сурвэтак, кансерваваных і ў рэшце рэшт так і неспажытых фруктаў і гародніны, вяровак і іншых цікавых рэчаў, якія дастаюць з каналізацыйна-насосных станцый работнікі водаканала.
Па словах начальніка гэтай арганізацыі Андрэя Паноцкага, такіх станцый у нашым раёне 38, з іх 13 — у горадзе, але часцей за ўсё — за рэдкім выключэннем кожны тыдзень — “выратавальныя” работы даводзіцца выконваць на КНС пры вуліцы Партызанскай (як сёння), вуліцы Гастэла ў раёне гарадскога рынку і каля дома №183 па вуліцы Ленінскай.
Напэўна, ніхто з аматараў спусціць у каналізацыю ўсё, што можна і што нельга, не задумваецца, што псуе складаную і няпростую сістэму, якая магла бы функцыянаваць значна лепш, каб не тыя, хто не паважае ні саміх сябе, ні чужую працу. А ведаць трэба, што ўсё, што знаходзіцца ў каналізацыі, сцякаецца па некалькіх трубах у КНС, дзе стаіць насос, што пампуе гэтае самае “ўсё” ў вялікую трубу, па якой яе змесціва цячэ ў вялікую КНС у Альбе. Адтуль гэта самае змесціва рухаецца ў ачышчальныя збудаванні ў Карцэвічах, адкуль ужо ў бясшкодным для прыроды выглядзе трапляе ў раку.
Рытарычнае пытанне: ці хацеў бы хто-небудзь, хто кідае ў каналізацыю вільготныя сурвэткі, фрукты, вяроўкі і г.д., апынуцца на месцы тых, хто ліквідуе наступствы іх бяздумнасці ў КНСках? А без іх работы мы ўсе заплывём самі ведаеце чым.
На дарогах, бывае, можна ўбачыць плакаты: “Выкінуў смецце — не забудзь хрукнуць”. І там жа — выява мордачкі, вядома, чыёй. Жарт жартам, але гэта можна цалкам аднесці і да тых, хто забівае недапушчальнымі адыходамі каналізацыю.
Дарэчы, гэту тэму наша газета ўжо падымала. Відаць, мала. Застаецца спадзявацца, што гэта інфармацыя ўсё ж дойдзе да тых, хто “не забываецца хрукнуць”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.