Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Шчырая праца і скарб зямлі

9

Пост опубликован: 01.08.2025

Зямля… Наш родны бясконцы прастор… Яна нібы жывы арганізм, са сваім характарам. Не кожны можа разгадаць усе яе таямніцы. Па сілам гэта толькі сапраўднаму земляробу — знаўцу ўсіх тонкасцей і нюансаў. Праца земляроба, безумоўна, адна з самых старажытных і найбольш паважаных.

Сярод тых, хто кожны дзень працуе на зямлі, і жыхар Нясвіжчыны — Сяргей Пражэнік, старшы камбайнер ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”.

Нарадзіўся Сяргей Міхайлавіч у вёсцы Новыя Навасёлкі, тут жа прайшло яго дзяцінства. З ранняга ўзросту яму добра знаёма праца на зямлі: у калгасе працаваў яго бацька. Дарэчы, быў ён таксама камбайнерам.

С. М. Пражэнік скончыў Навасёлкаўскую школу. І пытання аб выбары прафесіі нават не ўзікала: ужо даўно ён вырашыў, што застанецца тут, у Навасёлках, будзе працаваць на роднай зямлі. Па праўдзе сказаць, смелае рашэнне, бо, як паказвае сучаснае жыццё, моладзь імкнецца ў горад. Ужо надта прывабным падаецца іншае жыццё.

— Ніколі не пашкадаваў наконт выбару прафесіі, — дзеліцца Сяргей Пражэнік, — не цягне мяне ў горад, вось не хочацца і ўсё. Тут прастора, зусім іншае жыццё, усе ведаюць адзін аднаго. Здаецца, і людзі ў вёсцы іншыя, жывуць другімі паняццямі. Усё проста і зразумела. Калі б я не быў земляробам… Нават не магу ўявіць сябе ў іншай прафесіі.

Сёлета менавіта экіпаж Сяргея Пражэніка намалаціў першую тысячу тон збожжа на Нясвіжчыне. У мінулым годзе, дарэчы, ён таксама быў сярод лепшых.
Лета для многіх — доўгачаканая пара адпачынку. А для Сяргея Міхайлавіча наадварот, час самай гарачай працы. Яго дзень пачынаецца з узыходам сонца і заканчваецца, калі ўжо сцямнее. Дарэчы, для нашага героя гэтае жніво ўжо 25-е па ліку.

— Я думаю, што мая прафесія — адна з важнейшых, — разважае С. М. Пражэнік. — Можа, не ўсе задумваюцца аб гэтым, але менавіта працаўнікі сельскай гаспадаркі стаяць каля вытокаў амаль усяго неабходнага людзям. Хлеб, мука, бульба перад тым, як трапіць на паліцу гарадскога магазіна, былі вырашчаны менавіта намі, сельскімі жыхарамі. Бутэлька малака на вашым стале — гэта таксама вынік працы многіх людзей, простых і шчырых, якія добра ведаюць, як выгадаваць карову, чым яе карміць і як падаіць.Усё пачынаецца тут, у вёсцы, пачынаецца са штодзённай працы, клопатаў і радасці, калі яна прыносіць добрыя вынікі.

Ірына ЕФІШОВА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика