Канец мінулага тыдня азнамянаваўся ў нашым горадзе цудоўнай культурнай падзеяй — пятым, юбілейным штогадовым творчым праектам “Вяртанне да тэатральных вытокаў”, — у рамках якога два вечары запар прыхільнікі Мельпамены збіраліся ў Цэнтральным двары Нясвіжскага замка на імпрэзы, якія для іх рыхтавалі акцёры заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл.
Першым на суд гледачоў быў прадстаўлены спектакль “Верная жонка” па п’есе англійскага пісьменніка Уільяма Сомерсэта Моэма. “Верная жонка” — гэта камедыя, галоўнымі героямі якой з’яўляюцца Канстанс (Анастасія Румянцава) і яе муж Джон Мідлтан (Максім Курганскі). Канстанс — вельмі мудрая і нават хітрая жанчына, якая валодае бліскучым пачуццём гумару і велізарнай сілай волі. У яе вельмі строгі пункт гледжання на ролю жанчыны ў шлюбе і яе сацыяльны статут. Гэтаму пункту гледжання супрацьстаіць іншае меркаванне — меркаванне яе сястры. Вывад аб тым, хто з іх мае рацыю, а хто не, кожны глядач рабіў для сябе сам.
П’еса пачынаецца з таго, што маці — місіс Калвер, — ролю якой бліскуча выканала Ірына Янчэўская, і сястра Марта (Маргарыта Дэмух) чакаюць прыходу Канстанс. Яны даведаліся, што Джон, муж Канстанс, здраджвае ёй з яе сяброўкай Мары Луізай, у ролі якой выдатна выступіла Кацярына Каструбай. Марта хоча паведа- міць гэтую навіну сястры, але маці яе спыняе.
Што да Канстанс, то з пачатку п’есы складваецца ўражанне, што яна наіўная. Але потым робіцца зразумела, што гэта далёка не так. У фінале спектакля вельмі падобна на тое, што Канстанс віртуозна помсціць свайму мужу за тое, што прыйшлося перажыць ёй, але помста гэта ці нешта іншае — ізноў кожны вырашае для сябе сам.
Як бы мы ні ставіліся да перыпетый, паказаных у п’есе, яна ў любым выпадку вельмі філасофская і прымушае задумацца аб тым, што не ўсё на самай справе такое, якім здаецца. Акрамя ўжо названых акцёраў, у спектаклі таксама былі занятыя Леанід Буднік, які вельмі пераканаўча справіўся з роляю Морцімера Дархэма, мужа Мары Луізы, і Уладзіслава Клімко ў ролі служанкі. Рэжысёр — Яўген Валабоеў.
На другі дзень гледачоў чакаў спектакль іншага кшталту — “Вып’ем за каханне” па п’есе Аляксея Шчаглова ў пастаноўцы Арцёма Пінчука.
Яскравы і гумарыстычны, ён з першай хвіліны захапіў увагу гледачоў сваім пакручастым сюжэтам і яркімі, пазнавальнымі вобразамі, набліжанымі да сучаснага жыцця.
Героі п’есы А. Шчаглова “Вып’ем за каханне” — яркія, харызматычныя, кожны са сваёй адметнасцю і выдатным пачуццём гумару. Хатняя гаспадыня Таццяна занятая побытам, яе муж Віктар увесь свой вольны ад работы час право- дзіць у гаражы са сваёй “ластаўкай”. Іх суседзі — баксёр Сяргей, што марыць пра сына, і яго жонка, настаўніца Алена, якая пакарае кар’ерныя вяршыні. Звычайныя сем’і шматкватэрнага дома сярод сваіх паўсядзённых спраў нават не падазраюць, якія пасткі ім расставіў лёс у асобе ўладальніка аўтасэрвісу Валеры.
Валера — знаёмы Таццяны, гаспадыні кватэры. Ён заходзіць да яе ў госці, каб узяць ключы ад “ластаўкі” і адрамантаваць яе, пакуль муж у камандзіроўцы. Але тут… раптоўна вяртаецца муж. Паніка заблытвае клубок хлусні, расплесці які аказваецца вельмі няпроста.
У спектаклі былі занятыя Людміла Вітко (Таццяна, гаспадыня дома), Аляксей Дунчанка (муж Таццяны Віктар), Дзмітрый Дэмух (аўтамеханік Валера), Таццяна Лук’янчык (Клаўдзія Іванаўна, маці Таццяны), Кацярына Лабаза (суседка Алена Уладзіміраўна) і Сяргей Хвалько (муж Алены Уладзіміраўны). Кожны з іх стварыў свой непаўторны вобраз і дапамог гледачу прыйсці да высновы, што няма нічога лепей за праўду, якая б яна ні была.
Уражаннямі аб сёлетнім творчым праекце “Вяртанне да тэатральных вытокаў” з чытачамі “НН” з задавальненнем падзяліліся і акцёры, і гледачы.
Дзмітрый Дэмух, акцёр заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл:
— Роля Валеры была для мяне вельмі цікавай. Я сам зусім не падобны да героя, якога мне давялося сыграць. Гэта крыху няўпэўнены ў сабе персанаж, хаця спачатку здаецца, што ён з тых, чый дэвіз “бачу мэту — не бачу перашкод”. Але затым наверх выплывае яго няўпэўненасць. Калі мы пачалі знаёміцца з п’есай, я зразумеў, што яна будзе вельмі смешная. І мая роля цікавая тым, што глядач не ведае, як павернецца сюжэт праз некалькі хвілін. Адметнасць гэтага твора — пастаянная і даволі хуткая змена герояў, якім трэба знайсці апраўданне сваім паводзінам, прыдумаць нешта новае.
Адзначу, што я ўжо іграў у п’есах Чэхава і Янкі Купалы, але гэтая роля для мяне — самая яскравая і самая цікавая, таму што мне хацелася паспрабаваць сябе ў ролі няўдачніка. Я спадзяюся, што справіўся, і хачу сказаць, што як акцёр ганаруся гэтаю роляй і рады, што мне выпаў шанец яе сыграць.
Іван Кухнавец, глядач:
— Мне спадабаліся абодва спектаклі. Наконт першага хочацца адзначыць, што гэта вельмі глыбокадумная гісторыя. Тут ёсць над чым паразважаць. Я глядзеў і лавіў кожнае слова галоўнай гераіні, якую ўвасобіла Анастасія Румянцава. Яна годна справілася са складаным тэкстам, які патрабаваў поўнага паглыблення ў яго.
І калі ў першым спектаклі было больш філасофіі, то ў другім — больш рухомасці і добрага гумару, што таксама захапляла па-свойму. Што тычыцца ігры акцёраў, то, па-мойму, усе яны малайцы, але асабіста мяне найбольш уразілі Аляксей Дунчанка і Людміла Вітко. У п’есе “Вып’ем за каханне” яна паказала сябе з зусім іншага, чым раней, боку. У чэхаўскім “Мядзве- дзі”, напрыклад, яна была графіняй, а тут стала хатняй гаспадыняй — клапатлівай, усхваляванай, ранімай — адным словам, зусім другой. І гэта было вельмі і па-новаму цікава.
З нецярпеннем чакаем новага “Вяртання да тэатральных вытокаў”!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.
Фрагменты спектакля
“Верная жонка”
Сцэны з п’есы “Вып’ем за каханне”