Жыхары Нясвіжчыны старэйшага пакалення памятаюць несвіжаніна Мікалая Міхайлавіча Яроцкага. Ён узначальваў прыродаахоўную службу раёна. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў партызанам 18-й партызанскай брыгады імя Фрунзе, выпускаў падпольную газету “За Совецкую Беларусь” падпольнага Клецкага райкама партыі.
Засталіся ўспаміны Мікалая Яроцкага пра тыя часіны. Яны друкаваліся ў нашай раённай газеце “Чырвоны сцяг”, старэйшы таварыш проста расказваў пры выпадку нам, маладым журналістам, як яны змагаліся з акупантамі не толькі зброяй, але і вострым, палымяным, праўдзівым словам. Вось гэты невялікі аповед:
“Недалёка ад вёскі Колкі Клецкага раёна стаяў адзінокі хутар Зяновіча. Гаспадар быў у партызанскім атра-дзе, дома жылі толькі жонка і малыя дзеці. На гэтым хутары і размясцілася наша падпольная рэдакцыя і друкарня газеты. Рэдактарам працаваў Ліпа Давыдавіч Вайнер. Я быў яго намеснікам. Мы мелі касы са шрыфтамі, партатыўную машынку, на якой друкавалі газету і лістоўкі. Доўга думалі, якую даць назву газеце, і прыдумалі трапную па тым часе — “За Совецкую Беларусь”. Першым друкаром і старшым наборшчыкам быў Ілля Антонавіч Шкурко, які да вайны працаваў у друкарні чырвонаслабадской раённай газеты.
Першы нумар выйшаў 19 кастрычніка 1943 года. Выходзіла газета 1-2 разы ў ты- дзень, тыражы былі ад 150 да 300 экземпляраў. Работнікі суткамі не спалі, калі трэба было тэрмінова набраць матэрыял у газету ці лістоўку. Не хапала паперы. Друкавалі на шпалерах, на аркушах сшыткаў, бухгалтарскіх бланках.
Газета і лістоўкі хадзілі з рук у рукі, траплялі ў вёскі Клецкага, Нясвіжскага, Ляхавіцкага, Ганцавіцкага і Капыльскага раёнаў. На яе першай старонцы было напісана: “Прачытай і перадай другому”. Людзі так і рабілі. Называлі яе “Газета-партызанка” і з нецярпеннем чакалі партызанаў ці сувязных, якія прыносілі свежыя навіны. Mы сiстэматычна друкавалі зводкі Савінфармбюро, расказ- валі пра становішча на франтах, аб баявых аперацыях партызан, выкрывалі агідныя планы фашыстаў, заклікалі насельніцтва збіраць зброю і перадаваць яе ў атрады.
Газета шмат увагі ўдзяляла барацьбе супраць буржуазнай ідэалогіі розных фарміраванняў, што стваралі гітлераўцы і іх пасобнікі. У адным з сакавіцкіх нумароў 1944 года змясцілі карэспандэнцыю: “Звярыная зацея нямецкіх разбойнікаў”. У ёй расказвалася, што “гітлераўскі бандыт і халуй Астроўскі аб’явіў масавую мабілізацыю мужчын 1908 — 1924 гадоў нараджэння для стварэння так званай “Беларускай краявой абароны”. Газета заклікала: “Мужчыны! Вы ведаеце, што азначае нямецкая мабілiзацыя. Не ідзіце на мабілізацыйныя пункты, зрывайце мабілізацыю фашысцкага прыслужніка, а каго захопяць сілай, уцякайце са зброяй у партызанскія атрады”. І голас газеты быў пачуты. Ніхто добраахвотна не пайшоў на пункты. Тады акупанты сілай сагналі з вёсак у Клецк звыш 500 чалавек, разлічвалі такім чынам стварыць хоць адзін батальён. Аднак большасць людзей разбеглася.
Усяго ў падполлі было выдадзена 53 нумары газеты “За Совецкую Беларусь”. Адначасова мы друкавалі лістоўкі. Пачыналіся яны словамі “Смерць фашысцкім акупантам”. Напрыклад, у кастрычніку 1943-га мы паведамлялі, што Чырвоная Армія наступае па ўсім фронце і штодзённа вызваляе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў населеныя пункты Беларусі. Прадчуваючы блізкую расплату, гаварылася ў лістоўцы, гітлераўцы ідуць на жахлівыя злачынствы. Яны бамбілі, палілі нашы вёскі. Мы заклікалі насельніцтва актывізаваць барацьбу з ворагам. У сакавіку 1944 года выйшла лістоўка са зваротам да паліцэйскіх. Мы заклікалі ix апомніцца, павярнуць сваю зброю супраць фашысцкіх акупантаў. Паліцэйскія пачулі нас. Яны пачалі ўцякаць да партызан. Толькі за тры месяцы 20 паліцэйскіх прыйшлі да нас, прыхапіўшы зброю.
Нямецка-фашысцкія захопнікі бачылі ў друкаваным слове магутную зброю супраць іх. Не на жарт напалохаліся ў гарнізонах акупанты і іх прыслужнікі. Была абвешчана вялікая ўзнагарода таму, хто пакажа месцазнаходжанне друкарні. Паўсюдна шнырылі шпікі. Але так і не змаглі даведацца, дзе друкуюцца газета і лістоўкі, хоць тыя выходзілі ў ix пад носам”.
Падпольшчыкі друкаваным словам уздымалі людзей на барацьбу. Многія ахвотна ішлі ў партызаны, каб помсціць ворагу за яго здзекі.Так невялікая газета, “двухпалоска”, іграла вялікую ролю ў арганізацыі супраць- стаяння беларусаў акупантам, падтрымлівала баявы дух, усяляла веру ў перамогу над фашыстамі. Сярод тых, хто нёс лю- дзям словы праўды, хто клікаў іх да бескампраміснай барацьбы, быў i наш зямляк Мікалай Міхайлaвіч Яроцкі.
Паcля войны ён звязаў сваё жыццё з журналістыкай. Працаваў у раённых газетах у Клецку і Слоніме. У 1956 — 1962 гадах быў літсупрацоўнікам у нясвіжскім “Чырвоным сцягу”. Да ратных адзнак — ордэна Айчынной вайны ІІ ступені, медалёў “Партызану Айчыннай вайны” І ступені і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.” — прыбавіўся медаль “За доблесную працу”.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.