Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Свята для аматараў цудоўнага. Гранд кірмаш у Палацы

Пост опубликован: 05.08.2025

2 і 3 жніўня Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” запрашаў прыхільнікаў разнастайнай прыгажосці на Гранд кірмаш у Палацы.

Гэты фестываль — яркая падзея, якая аб’ядноўвае мноства талентаў, майстроў і аматараў цудоўнага. Кожны год ён збірае людзей, якія жадаюць пазнаёміцца з багаццем культуры і рамёстваў нашага рэгіёна, знаўцаў мастацтва і беларускіх фларыстаў.

У першы дзень наведвальнікаў Гранд кірмашу чакалі выступленні школы класічнага балета “LITTLE SWAN”, модныя паказы студыі дэфіле “VMDEFILE” і тэатра моды з Мінска “Рэальны ўзрост” пад кіраўніцтвам Ларысы Заверач, знаёмства з кветкавымі аромамасламі, фларыстычны майстар-клас “Унікальная экасістэма без клопатаў”, знаёмства з работамі канкурсантаў фларыстычнага конкурсу “Кубак Нясвіжа”, конкурс “Адгадай мелодыю”, майстар-клас па вырабе індывідуальных духоў “Стварэнне рэсурснага водару”, стварэнне габелена з жывых раслінных матэрыялаў разам з выкладчыкам, заснавальнікам крамы кветак “Незабудка” Таццянай Фалеевай, а таксама выраб прыгожых і арыгінальных вянкоў з расліннага матэрыялу — сапраўдных твораў мастацтва.

Нікога не пакінулі раўнадушным і паказы мадэляў беларускіх брэндаў “JUA”, што на суахілі азначае “сонца”(і гэта не проста слова — гэта жаночая сутнасць), “GizartBrend”, дзе стыльнае адзенне спалучалася з вытанчанымі ак- сэсуарамі, выкананымі з расліннага матэрыялу, і “Vova Fruck”. Таксама былі паказаны калекцыі мадэляў беларускіх дызайнераў Святланы Сінцаровой і Алесі Сарокінай.
Чатыры гады таму ў рамках фестывалю “Гранд Кірмаш у Палацы” была закладзена выдатная традыцыя ўпрыгожваць цэнтральны двор кветкавымі кампазіцыямі. Гэты год не стаў выключэннем. У рамках фестывалю на працягу двух дзён праходзіў конкурс прафесійнай фларыстыкі “Кубак Нясвіжа”.

Тэма конкурсных работ гэтага года — “Асобы ў гісторыі Беларусі”. Першая каманда ў складзе Алены Каральковай, Юліі Шчарбацкай, Юліі Русецкай і Алены Крывашэі стварала інсталяцыю на тэму “Арнітолаг Канстанцін Тызенгаўз”. Яго пяру належаць навуковыя працы “Асновы арніталогіі, навукі аб птушках”, “Агульная арніталогія, або Апісанне птушак усіх частак Свету”, “Каталог птушак і млекакормячых ВКЛ і Каралеўства Польскага”.

Вучоны быў прыняты ў члены Навуковага Кракаўскага таварыства, Львоўскага сельскагаспадарчага таварыства і іншых навуковых супольнасцей па ўсёй Еўропе — у Парыжы, Варшаве, Рызе, Берліне і Дрэздэне. У канцы сакавіка 1853 года, ва ўзросце 67 гадоў, памёр на сваёй радзіме ў Паставах.

Канстанцін Тызенгаўз пакінуў пасля сябе вялікую навуковую спадчыну: яго работы па арніталогіі да гэтага часу цэняцца вучонымі і выкарыстоўваюцца ў даследаваннях па птушкагадоўлі і прыродаахоўнай дзейнасці. У яго гонар названы вуліцы і навучальная ўстанова ў Беларусі (Гродзенская школа мастацтваў), а яго імя носіць адна з рэдкіх птушак — Тызенгаўзаўскі голуб.
Над стварэннем другой працы — “Касманаўт Уладзімір Кавалёнак” — працавалі Алена Валадзько, Анастасія Гаўрылава і Стас Гаўрылаў. Уладзімір Васільевіч Кавалёнак —двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт СССР. Здзейсніў 3 касмічныя палёты. Працягласць яго знаходжання ў космасе склала 216 дні 9 гадзін 9 хвілін 40 секунд. Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнамі “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” III ступені, “За заслугі перад Айчынай” III ступені, “За ваенныя заслугі”, медалём “За заслугі ў асваенні космасу”, беларускім ордэнам “За службу Радзіме” ІІ ступені.

Наступная тэма, якая натхніла нашых канкурсантаў-фларыстаў Марыну Грынцэвіч, Алену Чачанец і Сабіну Аляную —“Мастак Марк Шагал”. Гэтае імя знаёма кожнаму беларусу. У 1973 годзе ў Маскве была арганізавана персанальная выстава мастака ў Траццякоўскай галерэі. У 1977-1978 гг. Францыя шырока адзначала 90-гадовы юбілей Марка Шагала. У гонар гэтай падзеі была адкрыта персанальная выстава мастака ў Луўры. Для мастацкага жыцця Францыі гэта стала беспрэцэдэнтнай падзеяй: прыжыццёвыя выставы ў Луўры праводзяцца выключна рэдка.
Марк Шагал памёр 28 сакавіка 1985 года ва ўзросце 97 гадоў у сябе дома ў Сен-Поль-дэ-Вансе, працуючы да апошняга дня жыцця. Ён ахапіў у сваёй творчасці ўсё складанае XX стагоддзе, адлюстраваў яго культурныя, філасофскія і эстэтычныя шуканні. Стыль карцін Шагала немагчыма аднесці да нейкай пэўнай плыні. Сам мастак казаў, што яму роўна чужыя імпрэсіянізм і кубізм, і не прымыкаў да якой-небудзь жывапіснай школы.

Яшчэ адной конкурснай працай каманды ў складзе Валерыі Тагаевай, Маргарыты Марозавай, Аліны Нямковай-Макась і Вікторыі Драпекі стала інсталяцыя “Авіяканструктар Павел Сухі”.
Павел Восіпавіч Сухі, чые самалёты дагэтуль ахоўваюць мірнае неба Беларусі, належыць да ліку выбітных асоб, якімі аднолькава ганарацца і ў Расіі, і ў Беларусі. Аж да канца жыцця ён працягваў прымаць удзел у распрацоўках знішчальнікаў і бамбавікоў новых пакаленняў. Сёлета святкуецца 130-годдзе з дня яго нараджэння. У гонар яго названыя і да гэтага часу працягваюць выпускацца сучасныя знішчальнікі “Су”. П.В. Сухі лічыцца адным з заснавальнікаў савецкай звышгукавой і рэактыўнай авіяцыі.


Інсталяцыі, прысвечаныя Канстанціну Тызенгаўзу, Паўлу Сухому, Уладзіміру Кавалёнку, Марку Шагалу


На другі дзень Гранд кірамашу яго наведвальнікаў чакалі новыя модныя паказы — брэндаў “Прэстыж Мода”, “Lady Line”, “ADARIN”, “A&T&A Queens”, жывая музыка ў выкананні гусляра Ярасвета, майстар-класы па гістарычных танцах, дэманстрацыя фларыстычных аксесуараў, выкананых навучэнцамі ўстановы адукацыі “Мінскі дзяржаўны каледж рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кядышка”, конкурс галаўных убораў сярод наведвальнікаў, і, вядома ж, падвядзенне вынікаў фларыстычнага конкурсу “Кубак Нясвіжа” і ўзнагароджанне ўдзельнікаў.

І-е месца было прысуджана камандзе фларыстаў, якая стварала інсталяцыю, прысвечаную Марку Шагалу, ІІ-е — авіяканструктару Сухому і два трэціх раздзялілі кампазіцыі, прысвечаныя арнітолагу Канстанціну Тызенгаузу і касманаўту Уладзіміру Кавалёнку.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика