Гэтае лета выдалася няпростым для аграрыяў усёй краіны. Амаль з пачатку лета задажджыла. Гэта вельмі ўскладніла жніво. Хлебаробы Нясвіжчыны літаральна адваёўваюць у нябеснай канцылярыі кожны пагожы дзень.
Кожная раніца гэтай летняй пары мабілізоўвае вяскоўцаў на тое, каб як мага хутчэй убраць хлеб і пазбегнуць непажаданых страт. Такі лёс, такое прызванне ў хлебароба: жніво не церпіць прамаруджванняў…
На рахунку не толькі кожны дзень, але і кожныя рабочыя рукі. Тыя, якія літаральна з досвітку да заходу сонца змагаюцца за новыя гектары хлебнага поля. За іх поспехамі пільна сочыць уся краіна, і сем’і чакаюць перамог і рэкордных намалотаў! Для шматлікіх працаўнікоў уборачная — гэта не проста спаборніцтва за тысячы тон у агульны каравай, але і лад жыцця, напрацаваны гадамі.
Поўніцца нясвіжская зямля і тысячнікамі. На мінулым тыдні да спісу перадавікоў далучыліся камбайнеры Дзмітрый Клаўсюк з ААТ “17 Верасня” і Сяргей Вайняк з СВК “Агракамбінат Сноў”.
На пытанне аб тым, ці складанае сёлетняе жніво, вопытныя камбайнеры адказваюць амаль аднолькава: “Тэхніка даведзена да ладу, падрыхтавана сумленна, работа арганізавана добра. Мы справімся. Хай толькі Бог дапаможа трошкі і дасць болей пагожых дзён”.
Ірына ЕФІШОВА.