Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Добрае слова і кошцы прыемна…

Пост опубликован: 06.08.2025

Усе мы любім, калі нас паважаюць, гавораць добрыя словы. І гэта лічыцца нармальным, бо вынесеная ў загаловак сентэнцыя вядомая ўсім. Згадзіцеся, прыемна, калі вам мужчына перад уваходам у магазін патрымае дзверы, прапусціць наперад жанчыну з цяжкай сумкай ці з дзіцем на руках. Здавалася б, дробязі, але наша жыццё і складаецца з іх. На жаль, нярэдка можна бачыць выпадкі адваротнага характару. Я назірала са свайго вакна такі эпізод: са Сноўскага магазіна “Ласунак” выйшаў пажылы мужчына з палачкай і з пакупкамі. Падыйшоў да таксі, з цяжкасцю адчыніў дзверцы машыны. Вадзіцель між тым сядзеў спакойна, хаця мог бы выйсці і дапамагчы чалавеку. Скажаце, ён не абавязаны гэта рабіць. Але ж не заўсёды трэба рабіць па абавязку, няўжо нельга ўспомніць пра чалавечнасць? А калі б з бацькам таксіста так адбылося, што б ён сказаў?

Або наступны выпадак, пра які мне расказала знаёмая жанчына. Яна сядзела на прыпынку гарадскога аўтобуса, а побач маладыя хлопцы гаварылі такія брыдкія словы, што яна не вытрымала і зрабіла ім заўвагу. Рэакцыя аказалася грубай і неадэкватнай. А яны ж хадзілі ў школу, чыталі класічную літаратуру, іх вучылі культуры і дабрыні. Куды ўсё падзелася? Хамства, на жаль, працвітае. Дарэчы, у некаторых еўрапейскіх краінах за нецэнзуршчыну штрафуюць, і гэта правільна. Бо калі грубіяны не разумеюць нармальных слоў, неабходна прымаць радыкальныя меры. Або іншы від бескультур’я: ля лавачак у парку ці ў іншых месцах адпачынку стаяць скрынкі для смецця. Але знаходзяцца такія асобіны, што кідаюць пачкі ад цыгарэт ці бутэлькі міма іх. Вось такое “выхаванне”. І што самае горшае: для іх ствараюць прыгажосць, а яны забруджваюць і губяць яе.

Чамусьці некаторыя людзі лічаць цяжкім для сябе сказаць другому добрыя словы, падбадзёрыць, пахваліць новы ўбор ці поспех у якой справе. Замест гэтага можна пачуць: “Як ты пастарэла, паправілася, чаму ў цябе валасы нефарбаваныя, ці выйшла замуж, чаго развялася” і так далей і ў такім духу. Падобныя асобы не задумваюцца аб тым, што ёсць такая з’ява, як такт, і гаварыць іншым непрыемнае проста некультурна. Да таго ж, ёсць такія паняцці, як асабовая прастора, у якую лезці з грубымі словамі нельга. Перш чым штосьці сказаць, трэба падумаць: а ці так неабходны знаёмаму ці суразмоўцу вашы недарэчныя пытанні ці парады? Кожны з нас ведае лепш за іншых, як і што яму рабіць. У Булата Акуджавы ёсць песня з цудоўнымі словамі: “Давайте говорить друг другу комплименты…”. И сапраўды, можна і трэба кіравацца добрымі пажаданнямі, прыемнымі словамі. Бо, як вядома, ветлівасць даецца лёгка, а каштуе вельмі многа. Дык будзем жа з ёю сябраваць і помніць аб ёй.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика