Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Стоўбцы, Рубяжэвічы, Хатава…

Пост опубликован: 12.08.2025

Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць… Гэтыя словы з вядомай песні сталі сімвалічнымі, бо дзе ні паедзеш, убачыш шмат цікавага і прыгожага. Нядаўна па ініцыятыве аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання пажылых РТЦСАН група прадстаўнікоў залатога ўзросту наведалася да суседзяў — у Стаўбцоўскі раён. Нас натхніла на паездку і была яе кіраўніком спецыяліст аддзялення Галіна Яўланава. У райцэнтры пазнаёміліся з экскурсаводам Міхаілам, які дапамог убачыць славутасці роднага краю. Дарэчы, назва горада Стоўбцы мае некалькі версій, а вядомы ён з канца XVI стагоддзя, пазней упамінаецца пасля бітвы на беразе Нёмана. На пустым месцы быў манастыр, там забілі тры слупы (па-руску “столбы”) і пачалося будаўніцтва жылых дамоў. Існаваў і замак з вялікімі калонамі. Калі ў XIX стагоддзі з’явілася чыгунка, горад стаў развівацца. Побач размясцілася Літва — вёска з такой назвай. Замежныя турысты і нашы падарожнікі часта наведваюць гэтыя мясціны: Рубяжэвічы, Сулу, пасёлак Школьны.

Мы накіраваліся спачатку ў Рубяжэвічы, дзе ўбачылі касцёл, узведзены ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў. Каменны будынак неагатычнага стылю мае велічны выгляд: высокія вострыя вежы з крыжамі нібы ўзлятаюць у неба, вялікія вокны з вітражамі ўпрыгожваюць храм. Унутры ўсё вытрымана ў строгім плане: прасторна, светла, урачысты алтар са шпілямі і крыжыкамі ўверсе. Тут змешчаны 14 ікон, сярод іх і копія абраза Маці Божай Вострабрамскай (арыгінал знаходзіцца ў Вільні). Прыхаджанка касцёла, яна ж экскурсавод, Рамуальда Сабалеўская расказала нам пра гісторыю пабудовы храма, вельмі душэўна і хораша, з любоўю да сваёй справы распавяла пра цікавыя моманты і думкі, закранула маральныя і духоўныя аспекты жыцця чалавека.

У касцёле ёсць арган, які ў 1928 годзе везлі на падводах з Вільні. Ён мае 830 драўляных і металічных труб, 20 рэгістраў. Калі арганіст пан Тадэвуш заіграў на ім, нам падалося, што мы сядзім у нейкім цудоўным месцы, дзе няма нічога, апрача музыкі. А як паліліся гукі знакамітага “Паланэза” Агінскага, уражанне было да слёз.

Непадалёку ад касцёла на травяным участку сквера ляжаць вялікія камяні з назвамі вёсак, адкуль яны прывезеныя ў гонар 100-годдзя храма. На святы іх жыхары прыязджаюць сюды. Камяні размешчаны так, як абазначаны вёскі на карце.

Далей у Слабодцы пабачылі царкву святога Георгія, пабудаваную ў пачатку ХХ стагоддзя. У вёсцы Літва стаіць драўляны храм 1880 года збудавання. Архітэктура простая, а вокны цікавыя, з разнымі аканіцамі. Побач расце магутны дуб, стары, але крона зелянее. Далей на шляху былі вёска Хатава і пасёлак Школьны. Цікавыя факты прывёў экскурсавод Міхаіл. У XVIІІ стагоддзі гэтыя землі набыў князь Мікалай Радзівіл Сіротка. Яму ж належала і вёска Дзераўная. А перад тым Налібокі атрымаў яго бацька Мікалай Чорны, у пушчы была рэзідэнцыя Радзівілаў. Яны заснавалі там шкляную мануфактуру, гуту, пераняўшы майстэрства ў Дрэздэне, адкуль і прывозілі майстроў. Прыгожы посуд, выраблены там, захаваўся надоўга, яго дарылі гасцям, багатым людзям Еўропы. Дарэчы, там у адным з музеяў знаходзіцца куляўка, чарка з вострым дном, якую можна паставіць толькі тады, калі вып’еш з яе віно. У Клецішчы дзейнічаў жалезаробны завод, самы буйны ў Расійскай імперыі таго часу. А шлакам ад перапрацоўкі высыпалі дарогу. Са з’яўленнем чыгункі ў ХІХ стагоддзі жалеза пачалі вазіць з Урала.

Вядомая Стаўбцоўшчына і торфапрадпрыемствам Шашкі, адкуль паліва завозілі раней і ў наш раён. Між іншым, там жа ў свой час знайшлі парэшткі маманта, якія экспануюцца ў гарадскім музеі.

Славутая наша суседка і тым, што ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў Налібоцкай пушчы дзейнічала партызанскае злучэнне Стаўбцоўскага падпольнага камітэта партыі. Камандзірам быў Уладзімір Царук, якому ў 1944 годе прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Партызаны знішчылі 555 эшалонаў і 325 машын ворага, нанеслі вялікі ўрон яго жывой сіле.

Паездка спадабалася ўсім удзельнікам, застаецца спадзявацца, што і ў далейшым мы наведаем цікавыя мясціны нашай сінявокай Беларусі.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика