12 жніўня аграрыі СВК “Агракамбінат Сноў” першымі ў Нясвіжскім раёне завершылі жніво. Віталі герояў сёлетняга жніва на рамонтных майстэрнях вытворчага кааператыву.
З гэтай радаснай падзеяй хлебаробаў павіншавалі старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі і старшыня праўлення СВК Мікалай Радаман:
— Сёння як раз настаў той час, калі мы можам падвесці вынікі нашай сумеснай плённай працы. Бітва за ўраджай пачынаецца задоўга да жніва. Трэба правільна пасеяць, старанна даглядаць пасевы, сачыць за выкананнем усіх патрабаванняў і тэхналогій. Ужо некалькі гадоў запар мы атрымліваем высокую ўраджайнасць, — больш за 95 ц/га. У гэтым годзе трэба падзякаваць прыродзе за тое, што яна дала нам магчымасць своечасова ўбраць ураджай з палёў. Хоць і пачыналася ўсё не надта добра: доўгая халодная вясна, засуха, а потым дажджы… Але мы справіліся! Дзякуючы вашай працы, вашым намаганням, усе задачы, якія стаялі перад намі, былі выкананы. Мы прыйшлі да сённяшняга дня з добрымі паказчыкамі. Шаноўныя механізатары, вадзіцелі, я віншую вас з гэтай радаснай падзеяй і ад імя праўлення агракамбіната, ад імя прафсаюзнага камітэта шчыра дзякую вам за вашу працу. Нізкі вам паклон і вялікі дзякуй!
Па даўняй традыцыі аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Шаманаў, вадзіцель Артур Маскаленка і камбайнер Сяргей Вайняк уручылі апошні дажыначны сноп кіраўніку СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалаю Радаману.
— Я рады паведаміць вам, паважаны Мікалай Вячаслававіч, што ўборка зернавых каласавых культур і азімага рапсу ў нашай гаспадарцы завершана, — сказаў Аляксандр Аляксандравіч. — З плошчы 1305 га ўбраны азімы рапс, намалочана 6584 т, пры гэтым сярэдняя ўраджайнасць гэтай культуры склала 51 ц/га. Акрамя гэтага, з плошчы 3185 га ўбраны збожжавыя і каласавыя культуры, агульны намалот склаў 29616 тон, сярэдняя ўраджайнасць — 95,3 ц/га. Таму наш дажыначны сноп можна сапраўды лічыць багатым! Паважаныя механізатары і вадзіцелі! Шчыры дзякуй вам за тую працу, якую мы сумесна здзейснілі ў гэтым годзе. Падняцце зябліва, сяўба, апрацоўка… і жніво. Усё гэта зроблена вашымі рукамі. Мы атрымалі добры ўраджай, выканалі ўсе пастаўленыя задачы.
Старшыя Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі таксама павіншаваў працаўнікоў СВК “Агракамбінат Сноў” з гэтай радаснай падзеяй — завяршэннем жніва.
— Паважаны Мікалай Вячаслававіч, спецыялісты, механізатары, вадзіцелі! — звярнуўся ён да прысутных. — Вы — сапраўдныя хлебаробы! Ваша сельгаспрадпрыемства заўжды славілася захаваннем традыцый і пераемнасцю пакаленняў. Сёння ў вашай гаспадарцы аберуч працуюць вопытныя хлебаробы, сапраўдныя майстры сваёй справы, і зусім маладыя. Менавіта ў гэтым і крыецца вялікая сіла — перадаць свой вопыт, свае веды моладзі, далучыць яе да гэтай важнай і неабходнай справы. Я згаджуся са словамі вашага кіраўніка, што прырода сапраўды рабіла нам не заўжды прыемныя сюрпрызы, але вы справіліся, паказалі выдатныя вынікі. Вы супрацьпаставілі гэтым выпрабаванням вопыт, плённую працу і веды. Паважаныя снаўчане, дзякуй вам за вашу працу і за любоў да роднай зямлі, бо без гэтага складніка нельга атрымаць такія вынікі. Здароўя вам усім, шчасця, дабрабыту і поспехаў!
За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў на ўборцы збожжавых культур Падзяка старшыні Нясвіжскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК была аб’яўлена Валерыю Плотка, Сяргею Бабку, Дзянісу Бараноўскаму, Раману Рудніцкаму, Вячаславу Грыцкевічу, Леаніду Вялічку.
З радаснай падзеяй вас, працаўнікі сноўскай зямлі!
Ірына ЕФІШОВА.