Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Каб былі сілы працаваць

Пост опубликован: 15.08.2025

Загадчыца сталовай ААТ “Новае жыццё” майстар-повар VI разраду Галіна Дэйка — вопытнейшы работнік у сваёй сферы. Толькі ў “Новым жыцці” яна ўжо 43 гады. Працу сваю любіць і гаворыць пра яе з захапленнем.

— Прыходзім на работу мы да васьмі гадзін раніцы, — расказвае Галіна Пятроўна. — Атрымліваем з дыспетчарскай заяўку на колькасць людзей і пачынаем гатаваць. Сёння, напрыклад (размова адбывалася ў аўторак — прым. аўт.), мы прыгатавалі 101 абед і 70 падвячоркаў. Яны прызначаны камбайнерам, вадзіцелям, што адвозяць ураджай, механізатарам, якія заняты на саломе, у кармацэху, на фермах і іншым работнікам. Прадукты мы стараемся падрыхтаваць загадзя — калі трэба, нешта своечасова размарожваем, каб на раніцу можна было з гэтым працаваць.

Жніво — 2025. Каб былі сілы працаваць

Будынак сталовай ААТ “Новае жыццё”

Кожны дзень тут стараюцца прапаноўваць сваім работнікам новыя пачастункі, каб на працягу тыдня яны не паўтараліся. Калі гаварыць пра першыя стравы, то гэта суп па- уральску, суп “Палявы”, шчы са свежай капусты, боршч, супы “Аматарскі”, гарохавы, пярловы з грыбамі, расольнік. Калі вельмі горача, робяць любімы многімі халодны боршч. На другое гатуюць гуляш, паджарку, катлеты “Нясвіж” і “Вясковую”, смажаную курыцу, дамашнюю каўбасу, галубцы, кручэнікі, курынае адбіўное філе. На трэцяе вараць кампот з разынак, абрыкоса, мандарына, апельсіна, морсы з сіропаў, чай, каву. Хто хоча, можа ўзяць таксама мінеральнай ці звычайнай пітной вады за кошт гаспадаркі. Абыходзіцца ўся гэта смаката людзям нядорага: яны аплачваюць толькі 10% ад яе кошту, астатняе бярэ на сябе гаспадарка.

Асобны пункт клопату аб тых, каму прывозіцца ежа, — вада для мыцця рук і папяровыя ручнікі. За гэтым тут таксама старанна сочаць. А для зручнасці падмацунку ў палявых умовах прадугледжаны раскладныя сталы і табурэткі.

— Заўсёды цікавімся, ці спадабаўся людзям абед, ці задаволеныя яны, — гаворыць Галіна Пятроўна. — Як правіла, нараканняў няма. Мы ж разумеем, што ад нас залежыць добры настрой і здароўе людзей, таму ставімся да сваёй работы вельмі адказна.

Стравы, прыгатаваныя клапатлівымі рукамі загадчыцы сталовай Галіны Дэйкі і повара 4 разрада Алены Калядзіч пры дапамозе кухоннай рабочай Алены Палхоўскай, дастаўляюць па аб’ектах раздатчыцы Валянціна Багдзевіч і Таццяна Маеўская. Яны ад’язджаюць ад сталовай каля 11 гадзін і аб’язджаюць кропкі, дзе знаходзяцца механізатары, да 14 гадзін. Усяго такіх кропак бывае ад 12 да 15.

Жніво — 2025. Каб былі сілы працаваць

Загадчыца сталовай ААТ “Новае жыццё” Галіна Дэйка (справа) і повар Алена Калядзіч

Затым мыецца выкарыстаны посуд, і ў 16 гадзін гаспадыні “палявой кухні” выязджаюць ізноў, пачынаючы з тых кропак, якія былі першымі і раніцай, каб перапынак паміж прыёмамі ежы быў ва ўсіх аднолькавы.

Павары сталовай сочаць не толькі за тым, каб як след захоўваўся тэхналагічны працэс прыгатавання страваў, але і за тым, каб яны вырабляліся з дабраякаснай сыравіны. Мяса паступае са свайго мясаперапрацоўчага цэха, які славіцца сваёй прадукцыяй далёка за межамі нашага раёна, птушка — з Баранавіцкай птушкафабрыкі “Дружба”, крупа і мука — з ААТ “Брэсцкая абласная база “Бакалея”, бульба закупляецца ў прыватнага гаспадара, садавіна — з ТАА “Фрутрэал”, памідоры і гуркі — з ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”. Усё — высокай якасці, таму і стравы атрымліваюцца смачныя і карысныя.

Нагрузкі на павароў хапае амаль увесь год — з сакавіка па снежань. Толькі зімой становіцца крыху лягчэй і яны могуць больш сканцэнтравацца на вырабе паўфабрыкатаў, якія таксама вельмі папулярныя ў спажыўцоў нашага раёна.

Паўфабрыкаты сталовай можна набыць у мясцовым магазіне ў Аношках. Бываюць яны і ў магазіне ў пасёлку Альба, у буфеце завода медыцынскіх прэпаратаў. Гэта фаршыраваныя курыныя кумпячок і бядро, катлета “Свіная”, шніцаль “Палескі”, галубцы, курыны і свіныя рулеты, фаршыраваная скумбрыя, кручэнікі са свініны, манты.

Можна шмат расказваць пра майстэрства аношкаўскіх кухараў, аднак няма сумненняў у тым, што мясцовым працаўнікам з імі пашанцавала: сілы, затрачаныя ў гарачую пару сельскагаспадарчых работ, вяртаюцца да іх у выглядзе смачнай ежы, прыгатаванай клапатлівымі рукамі сумленна і з душой.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

На галоўным фота: механізатары атрымліваюць падвячорак з рук раздатчыцы Таццяны Маеўскай.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика